Як жывецца жыхарам вёсак Вялікі Паўлопаль і Малы Паўлопаль

Ля самай мяжы з Кобрынскім раёнам згубілася ў лясах ціхая вёсачка Вялікі Паўлопаль, а непадалёку ад яе і Малы Паўлопаль. У гэтых дзвюх вёсак багатае рэвалюцыйнае і баявое мінулае, звязанае з імёнамі ўдзельнікаў навасёлкаўскага паўстання 1933 года – мясцовых жыхароў братоў Канстанціна і Рыгора Грабайла, Васіля Ніканчука, Івана Кіцеля, Аляксея Гузюка і іншых. Ды і галоўная вуліца ў Малым Паўлопалі нездарма носіць назву Партызанскай. Як вядома з гісторыі,  у гэтых мясцінах  у гады Вялікай Айчыннай вайны знаходзіўся штаб партызанскага атрада імя Фрунзе. Ля помніка, што ўстаноўлены ўдзячнымі нашчадкамі ў гонар мужных  рэвалюцыянераў-падполь­шчыкаў, партыза­наў і воінаў Савецкай Арміі, якія змагаліся за свабоду і незалежнасць роднага краю, праводзяцца мітын­гі і ўрачыстыя мерапрыемствы.

Як жывуць вяскоўцы сёння, якія праблемы  іх хвалююць? Гэтае пытанне мы адра­савалі Віктару Каменчуку, які ўжо больш за дзесяць гадоў з’яўляецца тут старастам. Па дадзеных Чарнянскага сельскага Савета, у Вялікім Паўлопалі зараз налічваецца 44 жыхары, з якіх 22 – людзі праца­здольнага ўзросту, а ў Малым Паўлопалі – 26 жыхароў і 15 з іх працаздольнага ўзросту. Толькі, відаць, шмат хто з прапісаных у сельсавеце пастаянна тут не пражывае, бо, па словах старасты, працаздольных жыхароў тут можна па пальцах пералічыць.  Нехта ўзяўся аднаўляць для пражывання бацькоўскі дом, як, напрыклад, Валянціна Мішчук, але пакуль бывае ў вёсцы толькі ў дачны сезон.

Віктар Іванавіч, дарэчы,  са сваёй сям’ёй таксама жыве ў дзедаўскім доме. У маладосці, як расказваў сам, ён з жонкай недзе з год жыў у г. Жабінка – яго Веру Мікалаеўну туды на працу  накіравалі пасля вучобы ў медвучылішчы.

– Горад – гэта не маё, цяжка мне там, – гаварыў Віктар Іванавіч. – Пабылі  мы крыху гараджанамі ды і махнулі назад у вёску.

У Вялікім Паўлопалі гаспадар стаў актыўна займацца пашырэннем дома ды асваеннем даволі вялікага, нават па мерках вёскі, прысядзібнага ўчастка ў 90 сотак. Набылі трактар і рознае абсталяванне для апрацоўкі зямлі. На ўласным падвор’і да мінулага года трымалі Каменчукі карову і каня, зараз засталіся авечкі, свінні ды птушка. На такую дзедаву ”фазэнду”, напэўна, і ўнукі з задавальненнем з горада едуць. Працуе Віктар Іванавіч аператарам кацельнай у Дарапеевіцкай сярэдняй школе, а вольны час прысвячае ўласнай гаспадарцы ды і суседзям ніколі не адмовіць у дапамозе. Добры памочнік яму і сын Дзяніс, які жыве разам з бацькамі. Вось вырашылі на сямейным савеце ды пасадзілі на ўчастку буякі, пчалярства таксама хобі Каменчукоў. Увогуле Віктар Іванавіч – адданы роднай вёсцы чалавек, ён лічыць, што на зямлі бацькоў сапраўднаму гаспадару заўсёды ёсць да чаго прыкласці рукі.

Галіна Пракапук.

Фота Алега Крэмянеўскага.

 

 

Поделиться:
  •  
  • 114
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий