Хто такі сапраўдны сябар? Разважаюць васьмікласнікі СШ №1
Сяброўства – адно з найважнейшых і самых узнёслых пачуццяў чалавека, якое перасякаецца з такімі паняццямі як каханне, вернасць, суперажыванне. І менавіта падлеткавае сяброўства самае каштоўнае для дзіцяці, таму што ў гэты момант ён вучыцца разумець самога сябе і свае запатрабаванні, а таксама і запатрабаванне ў блізкім чалавеку. Падлеткавае сяброўства вельмі неабходнае для сацыялізацыі дзіцяці. Вучні 8 “А” класа дзяржаўнай установы адукацыі “Маларыцкая сярэдняя школа №1” паразважалі на гэтую тэму і выказалі свае меркаванні.
Павел Паўлюк : “Хто такі сапраўдны сябар? Гэта той, хто сябруе з табой без усякай карысці, хто радуецца тваім поспехам, хто ў цяжкую хвіліну цябе падтрымае і дапаможа. І гэта вельмі цяжкая праца – умець заваяваць давер чалавека. Сяброўства правяраецца часам.
У мяне ёсць сапраўдны сябар, мой аднакласнік Кірыл. З ім я часта гуляю, размаўляю. Я яго цаню і паважаю. Вельмі хочацца, каб наша дружба была на доўгія гады.”
Вікторыя Бягеза: “На мой погляд, сябар – гэта чалавек сумленны, верны, які не здольны на здраду. Ён ніколі не кіне ў бядзе, будзе шчыра радавацца за цябе. На такога сябра заўсёды можна паспадзявацца, у ім ты ўпэўнены.
Мець сапраўднага сябра – вялікая радасць. Верных сяброў трэба шанаваць і берагчы!”
Аляксандр Алесіюк: “Сапраўдным сябрам можна назваць таго, хто сябруе з табою з дзяцінства. У мяне самы лепшы сябар – гэта мой бацька. З ім мы любім пажартаваць ці проста пагаварыць. Мы разам прыбіраем у хаце, мыем посуд, нарыхтоўваем дровы на зіму, летам ходзім у грыбы. Для мяне бацька – сапраўдны сябар, я яго вельмі люблю!”
Яраслаў Крывіч: “Прыказка гаворыць: “Скажы мне, хто твой сябар, і я скажу, хто ты.” Я з гэтым поўнасцю згодзен. Калі нашы сябры сумленныя і надзейныя, творчыя і артыстычныя, то гэта гаворыць і пра нашы каштоўнасці. Калі нашы сябры настроены песімістычна, то гэта сведчыць і пра нашы рысы характару. Адным словам, людзі, якіх мы называем сваімі сябрамі, могуць многае расказаць пра наш характар і лад жыцця.”
Ганна Саломнікава: “Сяброўства правяраецца часам і ўчынкамі чалавека. Сапраўдны сябар не будзе гаварыць пра твае недахопы за спінай, а выкажа незадаволенасць табе асабіста, будзе перажываць за цябе, калі ты трапіш у дрэнную кампанію, і абавязкова дапаможа знайсці выйсце ў складанай сітуацыі. Я ўпэўнена, што сапраўднае сяброўства не разбурыцца нават у самы цяжкі перыяд.”
Валерыя Кулічык: “Бывае, што за ўсё жыццё чалавек не знаходзіць сапраўдных сяброў. Я думаю, вінаваты ён сам. Сябраваць трэба вучыцца з самага дзяцінства. Маё жыццё толькі пачынаецца. У мяне, вядома, ёсць знаёмыя, з якімі я добра праводжу час, але сапраўдны сябар можа быць толькі адзін.”
Паліна Ухаль: “Калі я застаюся адна, мне становіцца сумна і журботна. А калі я сустракаюся са сваёй лепшай сябоўкай Ксюшай, мой настрой паляпшаецца. Яна чалавек, на якога я магу спадзявацца. З ёй мы вучымся ў адным класе і сядзім за адной партай. Я з упэўненасцю магу сказаць, што яна заўжды ва ўсім мне дапаможа. З ёй мы часам спрачаемся, але хутка мірымся. Я вельмі рада, што ў мяне ёсць сапраўдны сябар!”
Ксенія Персіянава: “Мой лепшы сябар – гэта Паліна. Мы сябруем з першага класа, і ўжо восем гадоў усюды разам. Мне падабаецца праводзіць з ёй час. Яна вельмі вясёлая, добрая, заўсёды дапаможа і падтрымае.”
Кірыл Андрэйчук: “Дружба – гэта вялікая сіла. Сіла, якая аб’ядноўвае людзей, блізкіх па сваіх поглядах, духоўнай сувязі, аднолькавых па інтарэсах. У мяне шмат сяброў-аднакласнікаў. Нас аб’ядноўвае вучоба, школьныя інтарэсы, цікавыя захапленні. Але сябрам неабавязкова павінен быць аднагодак. Сваім надзейным сябрам я лічу свайго дзядулю. Гэта ўважлівы, чуйны і адказны чалавек. Мне з ім заўсёды цікава і надзейна. Яго жыццёвы вопыт і падтрымка амаль кожны дзень дапамагаюць мне ў жыцці. Любыя праблемы так лёгка рашаюцца з ім. Мне пашанцавала, што побач ёсць такі сябар.”
Дзмітрый Лямачка : “Сёння шмат маладых людзей называюць сваіх знаёмых лепшымі сябрамі, але не выключана, што калі ў іх нешта здарыцца, то іх “лепшыя сябры” зачыняць перад імі дзверы. Трэба не толькі шукаць добрага сябра, але і самому быць такім.”
Вольга Бурак:“Для мяне сапраўдны сябар – гэта матуля. Яна мудрая і заўсёды падтрымае ў цяжкую хвіліну. Гэта вельмі добра, калі паміж бацькамі і дзецьмі існуе ўзаемаразуменне. Часта мы не заўважаем людзей, якія так блізка, і цягнемся да тых, хто далёка. А магчыма, гэты блізкі чалавек і ёсць наш сапраўдны сябар, якога мы не заўважалі.”
Марына Валашчук: “Павінна прайці некалькі гадоў, каб зразумець: гэта ён, сапраўдны сябар. Толькі ён будзе трымаць твае сакрэты ў тайне, паслухае твае праблемы і супакоіць ці проста параіць выхад са складанай сітуацыі. Трэба разумець, што сапраўдны сябар умее слухаць і не перабівае, ён ніколі не здрадзіць, не падставіць, не выкарыстае дружбу для асабістай выгады. Сапраўдная дружба – бясконцасць добрых спраў і радасных момантаў.”
Маланія Кавальчук: “У мяне ёсць сапраўдная сяброўка, я яе вельмі цаню. Я ўдзячна ёй за тое, што яна поруч са мной і, калі гэта патрэбна, мяне падтрымлівае. У сваю чаргу я таксама аддаю кавалачак сябе ёй.”
Маргарыта Русавук: “У жыцці мы сутыкаемся са шматлікімі сітуацыямі. Часам у нас нічога не атрымліваецца, і мы хочам здацца, але менавіта ў такія моманты нас можа падтрымаць, выслухаць, даць параду сябар. …Мы ведаем, як добра, калі цябе разумеюць, ганарацца табой і тваімі ўчынкамі, радуюцца поспехам. Я шчаслівая, бо ў мяне ёсць такі сябар!”
Марына Кібак: “Растлумачыць паняцце “сапраўдны сябар” для мяне вельмі цяжка. Я лічу, што для кожнага чалавека яно абазначае нешта сваё. Увогуле, сябар – гэта той, каго нельга знайсці спецыяльна. Сябрам можа стаць і выпадковы чалавек у выпадковым месцы, аднакласнік, сусед… Але сапраўдным сябрам ён стане не адразу. Каб была сапраўдная дружба, трэба мець нешта агульнае, але і гэтага мала. Патрэбна сувязь, узаемаразуменне і давер. Сапраўдны сябар – чалавек, з якім табе камфортна, ты адчуваеш сябе самім сабой, ты разумееш гэтага чалавека з паўслова…”
Аляксандр Амелянчук: “Сапраўдны сябар – гэта дарагі скарб. Такіх сяброў не бывае шмат, бо не ўсе ўмеюць сябраваць. А сябраваць трэба вучыцца… Важна не толькі мець сябра, але і быць ім для іншых. Сяброўства – гэта вялікі дар, які мы заслугоўваем за сваё добрае сэрца. І варта даражыць сапраўднай дружбай!”
Карабейка Таццяна Васільеўна, настаўнік беларускай мовы і літаратуры ДУА “Маларыцкая сярэдняя школа №1”
Падрыхтавала Аліна Святлова.