Цэнтр у цэнтры
Амаль год давялося калектыву раённага тэрытарыяльнага Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва чакаць наваселля. Менавіта столькі часу працавалі будаўнічыя брыгады, сфарміраваныя цэнтрам занятасці з ліку беспрацоўных, аднаўляючы будынак былога ваенкамата, перададзены Цэнтру. І вось, нарэшце, настаў той дзень, калі калектыў, якому даводзілася нямала часу працаваць у нязручных умовах, пераехаў у прасторныя светлыя кабінеты.
На сустрэчу з калектывам у дзень урачыстага адкрыцця будынка ў Цэнтр прыйшло шмат гасцей.
…Некалькі прывітальных слоў, і сімвалічная чырвоная стужка застаецца ў руках старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама Міхаіла Аксяневіча і старшыні райвыканкама Казіміра Лапіча. Невялікая экскурсія пачынаецца з наведвання аддзялення пярвічнага прыёму інфармацыі, аналізу і прагназавання. Менавіта тут пачынаецца работа з кожным, хто звяртаецца ў Цэнтр за дапамогай. У залежнасці ад таго, які від дапамогі неабходны, наведвальнік накіроўваецца ў аддзяленне тэрміновага сацыяльнага абслугоўвання, сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі, сацыяльнага абслугоўвання дома. Адзін з пакояў у новым памяшканні Цэнтра адведзены пад кабінет сацыяльна-псіхалагічнай кансультацыі, дзе з наведвальнікамі ва ўтульнай атмасферы можа пагутарыць псіхолаг. Размясцілася ў будынку і новае аддзяленне – дзённага знаходжання для інвалідаў.
За сродкі, выдзеленыя тэрытарыяльнаму Цэнтру райвыканкамам і камітэтам па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, былі ўсталяваны вокны, праводзілася ўцяпленне сцен, закуплялася новая мэбля. Цяпер на чарзе, як адзначыў дырэктар Цэнтра, добраўпарадкаванне тэрыторыі. Між іншым, калектыў сам імкнецца, па-магчымасці, зарабляць грошы на добраўпарадкаванне. Пры Цэнтры працуе брыгада, якая аказвае паслугі па скошванні травы, распілоўцы дроў, рамонту замкоў, клеенню шпалераў. Колькасць паслуг, якімі могуць скарыстацца тыя катэгорыі жыхароў раёна, каму патрэбна дапамога, будзе пашырацца.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: у новым будынку тэрытарыяльнага Цэнтра прасторна і ўтульна.
Фота аўтара.