Прадстаўнікі Маларыцкага раённага цэнтра народнай творчасці прынялі ўдзел у XXV Міжнароднай выставе-кірмашы турыстычных паслуг «Адпачынак-2023»
У мінскім Палацы спорту прайшла XXV Міжнародная выстава-кірмаш турыстычных паслуг «Адпачынак-2023». Яе арганізатарам выступіў Нацыянальны выставачны цэнтр «БелЭкспа» сумесна з Міністэрствам спорту і турызму Беларусі, Нацыянальным агенцтвам па турызме Беларусі пры падтрымцы профільных аб’яднанняў. У складзе дэлегацыі Брэсцкай вобласці былі прадстаўнікі Маларыцкага раёна.
Падчас работы выставы-кірмашу галоўны спецыяліст райвыканкама Ганна Карацінская прадставіла яе наведвальнікам рэкламна-інфармацыйныя матэрыялы па Маларыцкім раёне. Майстры народных рамёстваў Маларыцкага раённага цэнтра народнай творчасці Анастасія Струнец і Ульяна Верашчагіна прапаноўвалі ўвазе ўдзельнікаў мерапрыемства сувенірную прадукцыю, касцюмы Маларыцкага строя адзення.
Па словах Ганны Карацінскай, выстава «Адпачынак-2023» не толькі ў цэлым дала ўяўленне аб стане турыстычнай галіны Беларусі і асноўных накірунах для падарожжаў. Яна дапамагла знайсці наведвальнікам тую праграму адпачынку, якая ім спадабалася. Магчыма, пасля выставы і на Маларытчыне з’явяцца турысты з іншых рэгіёнаў рэспублікі.
Наш раён можа стаць цікавым і прыцягальным турыстычным аб’ектам. Пра гэта сведчаць водгукі тых, хто хоць раз пабываў на Маларытчыне. Для гэтага ёсць усе падставы. За прыкладамі далёка хадзіць не трэба. На тэрыторыі Маларытчыны ёсць цар-дуб, дуб-патрыярх, дубрава Раматоўская, Пажэжынскія ельнікі. Папуляцыя архідэі «Венерын чаравічак» у Дзяржаўным біялагічным заказніку «Лукава» – адна з самых буйных на тэрыторыі Беларусі. У «Арэхаўскіх разлівах» – самая вялікая і ўстойлівая папуляцыя альдраванды пухіраватай у краіне…
Акрамя таго, на Маларытчыне ёсць некалькі турыстычных маршрутаў, якія пракладзены па тэрыторыі раёна.
Навум МІКАЛАЕЎ.
Фота прадастаўлена Ганнай КАРАЦІНСКАЙ.