Сямейная справа Кацярыны і Паўла Загурэнка – ахоўваць граніцу

У старшых прапаршчыкаў  Кацярыны і Паўла Загурэнка стаж  службы ў органах пагранічнай службы на дваіх складае ўжо больш за 25 гадоў. Кацярына Іванаўна цяпер – кантралёр аддзялення пагранічнага кантролю “Олтуш”, Павел Паўлавіч – загадчык склада гаруча-змазачных матэрыялаў пагранічнай камендатуры “Маларыта”. Да гэтага ён шмат гадоў служыў старшыной пагранічнай заставы “Макраны”.

У сям’і Загурэнка спачатку стаў пагранічнікам Павел Паўлавіч. Усведамленне таго, што яго месца – ахоўваць рубяжы краіны, прыйшло не адразу. Скончыўшы школу, ён набыў спецыяльнасць трактарыста-машыніста і слесара ў Мала­рыцкім прафтэхвучылішчы. Пасля заканчэння тэрміну ваеннай службы вярнуўся ў родны край, некаторы час працаваў у камбінаце кааператыўнай прамысловасці. Работа падабалася, аднак не прыносіла ўнутранага задавальнення. Узніклі думкі змяніць месца працы. Пошукі яе прывялі Паўла Загурэнку ў 38-ю асобную гвардзейскую дэсантна-штурмавую Брэсцкую Венскую Чырванасцяжную брыгаду. Пачалася служба па кантракце камандзірам аддзялення. Так склаліся абставіны, што ў  ліпені 2008 года ён перайшоў на службу ў пагранкамендатуру “Маларыта”. З пераходам сюды збылася яго дзіцячая мара стаць пагранічнікам. Павел Паўлавіч са школьных гадоў лічыць, што служба на граніцы – занятак для людзей сур’ёзных, адказных, моцных духам.

Кацярына Іванаўна і Павел Паўлавіч пазнаёміліся на Белым возеры.  Пасля заканчэння дзясятага класа Каця разам з аднакласнікамі пайшла ў паход.  Класны кіраўнік запрасіла свайго знаёмага Паўла Загурэнку, які нядаўна вярнуўся са службы ў арміі, пайсці з імі для “падстрахоўкі”. Юнак згадзіўся. Вечарам ля кастра Кацярына і Павел пазнаёміліся. Паміж маладымі людзьмі ўзнікла сімпатыя, якая перарасла ў сапраўднае каханне, і ў хуткім часе яны пажаніліся.

У Кацярыны Загурэнка быў свой шлях на службу ў пагранічнікі. Пасля заканчэння СШ №3 г. Маларыты яна набыла спецыяльнасць эканаміста-бухгалтара, уладкавалася на працу  ў адну са швейных фірм. Калі на ёй справы пайшлі не вельмі добра, Кацярына Іванаўна звольнілася. Пасля гэтага перад жанчынай узнікла пытанне: куды далей пайсці працаваць? Неяк Павел Паўлавіч жартам прапанаваў ёй уладкавацца на службу ў пагранкамендатуру “Маларыта”.

Кацярына, як жонка ваеннага, ведала спецыфіку службы, як кажуць, знутры. Цяжкасці яе зусім не пужалі, не адштурхоўвалі. Узважыўшы ўсе “за” і “супраць”, згадзілася з довадамі мужа. Яна ўладкавалася служыць на вузел сувязі пагранкамендатуры “Маларыта”, а праз некалькі гадоў была пераведзена на пасаду кантралёра аддзялення пагранічнага кантролю “Олтуш”. Перабудавацца пад нязвыклы і невядомы лад жыцця і ўліцца ў новы калектыў  змагла хутка.  Ва ўсім падтрымліваў і дапамагаў Павел Паўлавіч.

Па словах Кацярыны Загурэнка, быць жонкай ваеннага – гэта свая філасофія і нялёгкая ноша, тым больш, калі ты яшчэ і сама служыш. Далёка не ўсе жанчыны здольны вытрымаць такі рытм жыцця. Да гэтага неабходна прызвычаіцца, многае змяніць у сабе.

У Кацярыны асаб­лівае захапленне выклікае ваенная форма. Раніцай не трэба думаць, што надзець на працу. Заўсёды  і  зручна, і стыльна.

А яшчэ старшы прапаршчык пераканана, што з мужчынамі працаваць лягчэй, чым з жан­чынамі. Яны прасцей глядзяць на любую сітуацыю.

Цяпер Кацярына Іванаўна ўжо не ўяўляе свайго жыцця без ваеннай службы, так, як і Павел Паўлавіч. Загурэнкі перакананы, што яны правільна зрабілі выбар у жыцці, стаўшы пагранічнікамі. Для іх  граніцу ахоўваць – справа сямейная.

 

Навум МІКАЛАЕЎ.

Фота аўтара.

Поделиться:
  •  
  • 17
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий