Скарбонка дасягненняў Марка Пішчыка і мары стаць пра­фесійным музыкантам

Марку Пішчыку – восем з паловай гадоў. Нягледзячы на такі ўзрост, ён прымаў удзел ужо у 16 рэспубліканскіх і 36 міжнародных творчых спаборніцтвах, дзе дэманстраваў віртуознае і бездакорнае выкананне твораў айчыннай і замежнай музычнай класікі на фартэпіяна.

У скарбонцы дасягненняў Марка 61 дыплом, заваяваны не толькі на рэгіянальных і абласных, але і на шматлікіх прэстыжных рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах і фестывалях. Юны музыкант 25 разоў заваёўваў дыпломы лаўрэата першай ступені, 14 – другой і 4 – трэцяй. Акрамя гэтага, Марк Пішчык – уладальнік сямі дыпломаў Гран-пры. Атрымаць Гран-пры – пацвердзіць найвышэйшую ступень свайго прафесійнага майстэрства.

А яшчэ юны музыкант узнагаро­джаны спецыяльным дыпломам «Дэбют» міжнароднага конкурсу юных музыкантаў «Палескi агеньчык» як самы юны яго ўдзельнік, а таксама – дыпломам Барыса Блоха «За любоў да музыкі». Апошнія атрыманыя высокія ўзнагароды Марка – дыплом лаўрэата І ступені VІІІ адкрытага фестывалю-конкурсу «Інтэрмецца», дыплом лаўрэата І ступені рэспубліканскага конкурсу піяністаў імя Уладзіміра Алоўнікава, дыпломы лаўрэата

І ступені міжнароднага фестывалю-конкурсу «Мы разам» і лаўрэата І ступені інтэрнэт-конкурсу юных талентаў «Яркія зорачкі» ў намінацыі «Юны маэстра» і інш.

Марк Пішчык закончыў  3 «Б» клас СШ №1. Ён таксама ўжо чатыры гады наведвае інструментальнае аддзяленне па класе «Фартэпіяна» Маларыцкай дзіцячай школы мастацтваў. Увесь гэты час да чароўнага свету музыкі Марка далучае таленавіты педагог Маргарыта Рэянтовіч. Марк выконвае складаныя класічныя творы, якія пад сілу не ўсім дарослым. Дарэчы, хлопчык у 1-м класе дэбютаваў на сцэне Брэсцкай філармоніі, дзе іграў Канцэрт для фартэпіяна з аркестрам, а нядаўна быў запрошаны на канцэрт у Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі.

Марк нарадзіўся ў музычнай сям’і. Яго маці Дзіна Іванаўна закончыла адну з музычных школ Брэста, бацька Юрый Уладзіміравіч самастойна навучыўся іграць на акустычнай гітары. Дзіна Іванаўна яшчэ да нараджэння сына хацела, каб ён свой лёс звязаў з музыкай. Пакуль гэта атрымліваецца. Музыкай Марк займаецца з чатырох з паловай гадоў, з задавальненнем наведвае кожны занятак у школе мастацтваў. Без прымусу таксама іграе Марк на фартэпіяна і дома. Ён музыкай займаецца кожны дзень на працягу 40–50 хвілін. Перад канцэртамі затрачвае на падрыхтоўку трохі больш часу. Захапляецца  хлопчык музыкай Баха, Моцарта, Чайкоўскага, Грыга, Рахманінава, Шапэна. Любімы твор класічнай музыкі – п’еса «Накцюрн» Алены Атрашкевіч. Як вырасце, ма­лодшакласнік хоча стаць пра­фесійным музыкантам, віртуозам-выканаўцам. Марк марыць ездзіць з аркестрам на гастролі па свеце, збіраць поўныя залы слухачоў, дарыць ім музыку.

Мікалай НАВУМЧЫК.

Фота аўтара.

Поделиться:
  •  
  • 1
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий