Муляр Маларыцкай ПМК-20 Віктар Рак у прафесіі 33 гады

 

Муляр Маларыцкай ПМК-20 Віктар Рак напярэдадні прафесійнага свята – Дня будаўніка адзначаны пісьмом падзякі Маларыцкага райвыканкама. Атрыманая чарговая ўзнагарода – сведчанне высокай ацэнкі шматгадовай добрасумленнай і карпатлівай працы, прафесіяналізму, любові да прафесіі. Дарэчы, у Віктара Сцяпанавіча шмат грамат, пісем падзяк рознага ўзроўню. Аднак  мужчына з ліку тых сціплых людзей, якія не маюць звычкі шмат гаварыць пра сябе ці тым больш пералічваць працоўныя заслугі. Тое, што ён умее з жаданнем і віртуозна рабіць,  паказвае на справе. Цяпер, напрыклад, на рэканструкцыі малочнатаварнай фермы “Хаціслаў” з пераводам на беспрывязное ўтрыманне буйной  рагатай жывёлы СУП “Хаціслаўскі”.

Звычайна ў выпускных класах вучні пачынаюць нервова мітусіцца ў пошуках будучай прафесіі. І толькі нямногія з іх упэўнена ідуць за сваёй марай, а потым становяцца майстрамі абранай справы. Віктар Рак з ліку такіх. Ён яшчэ ў дзяцінстве вырашыў, што стане будаўніком. Галоўны аргумент – вынікі: дзень адпрацаваў на будоўлі і ўбачыў, што “стварыў” сваімі рукамі. Разважаў, што дамы, школы, дзіцячыя сады, іншыя пабудовы, якія пачне ўзводзіць, на працягу доўгіх гадоў будуць у эксплуатацыі,  людзі за добрасумленную працу стануць успамінаць добрым словам.

Пасля заканчэння сярэдняй школы Віктар Рак праходзіў службу ў арміі. Неяк у Збуражы на танцах юнак пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай Тамарай. У хуткім часе з ёю узяў шлюб і на пастаяннае месца жыхарства пераехаў з Івацэвіцкага раёна на Маларытчыну. У 1990 годзе ўладкаваўся на працу ў ПМК-1. Праз некалькі гадоў стаў працаваць мулярам у Маларыцкай ПМК-20. З таго часу тут  нязменна так і шчыруе на гэтай пасадзе.

Віктар Сцяпанавіч гаворыць, што, каб стаць добрым будаўніком, у прафесіі патрэбна адпрацаваць не менш за пяць гадоў. Вельмі добра, калі побач з першага дня будуць больш вопытныя калегі, якія падкажуць, параяць, падтрымаюць.  У Віктара Рака яны былі.

На маё пытанне “Ці цяжка працаваць мулярам?” Віктар Сцяпанавіч адказаў, што цяжка можа быць толькі спачатку, пакуль прывыкаеш. Рукі, ногі будуць ныць з непрывычкі, таму што вельмі шмат рухаешся. Але хутка прызвычаішся да ўсяго.

– Што самае складанае ў працы муляра? – цікаўлюся ў субяседніка.

– Для мяне складанасцей ужо няма, – усміхаецца Віктар Рак. – Усё ж такі 33 гады працую мулярам.  А вось для муляра-пачаткоўца самае складанае, напэўна, – гэта роўна завесці вугал.

Мужчына сцвярджае, што быць мулярам – свядомы выбар. Упэўнены, што ў гэтую прафесію трапляюць па прызванні, а не ад безвыходнасці. Віктар Сцяпанавіч лічыць, што вынікі працы добрага муляра можна параўнаць з працай скульптара. Кожны дзень ён з калегамі ўзводзіць сцены розных пабудоў. Камусьці можа падацца, што гэта сумная і нецікавая праца, але гэта не так. Для муляра не бывае аднолькавых сцен. У гэтым Віктар Рак пераконваецца кожны раз, калі ўзводзіць аб’екты.                                                                     

Навум МІКАЛАЕЎ.

Фота Алега Крэмянеўскага.

Поделиться:
  •  
  • 5
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий