Падрыхтоўка ўстаноў адукацыі Маларытчыны да пачатку новага навучальнага года

Школьныя клопаты – адна з самых актуальных штогадовых тэм жніўня. На дзяржаўным узроўні адно з галоўных пытанняў – наколькі будуць гатовы ўстановы адукацыі прыняць дзяцей 1 верасня. У полі зроку мясцовай улады таксама знаходзіцца пытанне падрыхтоўкі ўстаноў адукацыі да пачатку новага навучальнага года. Аб тым, што ў гэтым плане ўжо зроблена на Маларытчыне, карэспандэнт райгазеты гутарыць з начальнікам аддзела па адукацыі райвыканкама Аляксандрам Пятручыкам.

– Аляксандр Васільевіч, як ідуць работы па падрыхтоўцы ўстаноў адукацыі да пачатку новага навучальнага года?

– Планава. Гэтае пытанне знаходзіцца на пастаянным кантролі ў аддзеле па адукацыі. За час летніх месяцаў ва ўстановах адукацыі ўжо зроблена нямала. Трэба адзначыць, што на падрыхтоўку да 1 верасня ідуць сродкі, якія ўстановы адукацыі зарабілі самі, а таксама грашовыя сродкі, выдзеленыя папячыцельскімі саветамі і спонсарамі. На правя­дзенне бягучых рамонтаў установамі адукацыі сёлета запланавана патраціць амаль

62 000 рублёў пазабюджэтных сродкаў. Не засталася ўбаку і дзяржава. Бюджэтам на гэтыя мэты прадугледжана выдзяленне больш за 286 804 рублі.

Ва ўсіх установах адукацыі да пачатку навучальнага года спланавана комплексная падрыхтоўка. Напрыклад, праводзіцца касметычны рамонт памяшканняў, добраўпарадкаванне прылеглай тэрыторый, рамонт агароджаў. Увага надаецца вулічнаму гульнявому абсталяванню і ценявым навесам. Ва ўстановах адукацыі, дзе ёсць неабходнасць, праводзяцца замена асвятлення, электрафізічныя вымярэнні, гідраіспыты сістэм ацяплення, частковая замена водаправодаў, каналізацыі, сістэм ацяплення, рамантуецца тэхналагічнае абсталяванне.

– На падрыхтоўку якіх устаноў адукацыі раёна да новага навучальнага года затрачаны значныя бюджэтныя грашовыя  сродкі?

– Найперш, яны затрачаны на рамонт харчблокаў (электрамантажныя, сантэхнічныя, агульнабудаўнічыя работы) у СШ №1 (68 080 рублёў) і Замшанскай БШ (42 035 рублёў), рамонт падлогі ў СШ №1 (70 531 рубель), бягучы рамонт адмосткі і цокаля, вентыляцыйных каналаў і вадасцёчнай сістэмы асноўнага будынка Макранскай СШ (25 186 рублёў), рамонт даху Хаціслаўскай СШ (больш за 9 000 рублёў). У Ляхавецкай СШ пасля замены цеплатрасы пачнецца рамонт участкаў дарожак, заезду гаспадарчага  двара дзіцячага сада (39 005 рублёў).

Па колькасці затрачаных пазабюджэтных грашовых сродкаў на падрыхтоўку да новага навучальнага года “лідарамі” з’яўляюцца такія ўстановы адукацыі, як Макранская (17 800 рублёў), Хаціслаўская (больш за 13 100 рублёў),  Збуражская сярэднія школы (больш за 9 100 рублёў), СШ №1 г. Маларыта (больш за 8 535 рублёў), раённая гімназія (больш за 8 360 рублёў).

– Аляксандр Васільевіч, адзін з важнейшых момантаў працэсу навучання – яго бяспека. Як арганізавана работа ва ўстановах адукацыі ў гэтым накірунку?

– Ва ўстановах адукацыі значная ўвага надаецца стварэнню ўмоў бяспечнай жыццядзейнасці вучняў: ёсць рэтранслятары сістэмы “Маланка”, кнопкі экстраннага выкліку нараду міліцыі, сістэм пажарнай сігналізацыі. Не застаецца па-за ўвагай работа па арганізацыі бяспекі дарожнага руху ля сваіх устаноў, прафілактыцы траўматызму. З мэтай стварэння бяспечных умоў устаноўлены сістэмы відэаназірання. Выкананы ўсе патрабаванні раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях па захаванні пажарнай бяспекі. Тэрыторыі ўсіх устаноў агароджаны. Можна яшчэ дадаць, што праведзены неабходныя работы па ўстаноўцы турнікета для забеспячэння прапускнога рэжыму ў раённай гімназіі. На гэтыя мэты выдзелена 36 000 рублёў з бюджэту.

Адна з асноўных задач, што стаіць перад установамі адукацыі, – падрыхтавацца на сто працэнтаў да пачатку новага навучальнага года і стварыць усе ўмовы для камфортнай і бяспечнай вучобы дзяцей і працы педагагічнага калектыву. У Дзень ведаў установы адукацыі Маларытчыны сустрэнуць сваіх вучняў чыстымі і ўтульнымі класамі, добраўпарадкаванымі прылеглымі тэрыторыямі.

Мікалай  НАВУМЧЫК.

Фота аўтара.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий