Ва ўстановах адукацыі працягваецца паэтапнае ўвядзенне школьнай формы
Летнія канікулы ў разгары. Бацькам самы час цяпер падумаць пра школьную форму сваіх дзяцей. Праўда, сёлета, як і ў мінулым годзе, неабходна звярнуць увагу на адзін нюанс.
Ва ўстановах адукацыі працягваецца паэтапнае ўвядзенне школьнай формы. У аддзеле па адукацыі райвыканкама патлумачылі, што да гэтага няма жорсткіх патрабаванняў. Размова ідзе пра паступовы пераход на афіцыйна-дзелавы стыль.
У мінулым навучальным годзе ва ўстановах адукацыі быў уведзены адзін абавязковы элемент, які адрознівае вучняў адной школы ад іншых. З 1 верасня гэтага года ўстановы адукацыі павінны ўвесці чарговы элемент адзення. Гэта можа быць, напрыклад, камізэлька, пінжак пэўнага колеру ці фасону, штаны, гальштук… З аднаго боку, гэта адметны знак, а з другога – дапамога ў фарміраванні і выхаванні ў вучняў пачуцця гонару за сваю ўстанову адукацыі. Такі адметны знак таксама паспрыяе згуртаванню вучнёўскага калектыву.
Ва ўстановах адукацыі ўсе неабходныя рашэнні прымаюцца калегіяльна – кіраўніцтвам, педагагічнымі калектывамі, бацькамі. Вядома, улічваюцца і меркаванні вучняў. У раённай гімназіі, напрыклад, першым элементам школьнай формы быў гальштук, у СШ №1 – гальштук і эмблема, у СШ №2 – чорны жакет. У новым навучальным годзе ў гэтых установах адукацыі ўводзіцца другі элемент: штаны (спадніца) чорнага колеру – у раённай гімназіі, штаны (спадніца) чорнага колеру – у СШ №1, эмблема – у СШ №2.
Дарэчы, каталог «Школьная калекцыя» прадстаўлены на сайце канцэрна «Беллегпрам». Тут можна ўбачыць узоры адзення дзелавога стылю ААТ «Палессе», «Світанак», «Жлобінская швейная фабрыка», «Славянка», «Купалінка», «Алеся», «БелКрэда», ЗАТ «Калінка». На сайце канцэрна таксама прадстаўлены ўзоры абутку дзелавога стылю, адзенне спартыўнага стылю і галантарэйныя вырабы для вучняў устаноў адукацыі. Уся прадукцыя – беларускіх вытворцаў, прыгожая, якасная, зручная.
Мікалай НАВУМЧЫК.