Дзень вёскі святкавалі ў аграгарадку Ляхаўцы

Дзень вёскі – асаблівае свята. Як у кожнага чалавека ёсць свая біяграфія, свой лёс, так і ў вёсак – свая гісторыя, свой жыццёвы шлях. Аг. Ляхаўцы ў гістарычных крыніцах упершыню згадваецца ў 1546 годзе як цэнтр Ляхаўскага войтаўства палескай воласці. У склад яго ўваходзіла амаль палова тэрыторыі  сучаснага Маларыцкага раёна. Шмат розных падзей перажылі Ляхаўцы: і шчаслівых, і трагічных. Цяпер гэта – сучасны населены пукт са сваёй  інфраструктураў, дзе створаны ўсе ўмовы для камфортнага жыцця.

У апошнюю нядзелю жніўня ў аг. Ляхаўцы прайшоў Дзень вёскі. Урачыстасць была прысвечана людзям, якія тут жывуць, працуюць, гадуюць дзяцей, услаўляюць свой куток добрымі справамі. Свята сабрала шмат як  мясцовых жыхароў, так і тых, хто прыехаў на выхадныя  ў госці да бацькоў, бабуль і дзядуль з розных месцаў.

На пляцоўцы за СДК – гандлёвыя палаткі, забавы для дзяцей. Тут жа тэматычныя пляцоўкі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях і пагранічнай камендатуры “Маларыта”. Спакон вякоў захоўваюць і развіваюць у вёсцы багатую культурную спадчыну, зберагаюць народныя традыцыі і рамёствы, перадаюць іх з пакалення ў пакаленне. Аб самабытным таленце мясцовых жыхароў сведчыла выстава работ народных умельцаў Людмілы Мішчук, Святланы Курдзюк, Таццяны Кухарчук, Наталлі Дворак,  аматарскага аб’яднання “Майстрыха” Ляхавецкага СДК. Шмат цікавасці выклікалі таксама выставы “Аб чым раскажуць старыя фотаздымкі”, “Да вытокаў душой дакрануўшыся”, падрыхтаваныя Ляхавецкай сельскай  бібліятэкай.

Урачыстая частка мерапрыемства была прысвечана ўшанаванню жыхароў аграгарадка: гучалі прозвішчы і імёны лепшых з іх, вядомых сваімі дасягненнямі, прыкладам уласнага жыцця. На пачатку свята са словамі шчырых віншаванняў да жыхароў і гасцей населенага пункта звярнуўся старшыня Макранскага сельвыканкама Аляксандр Галоўчык. Ён выказаў вяскоўцам удзячнасць за любоў да роднага краю, за клопат аб яго добраўпарадкаванні, за захаванне мясцовай гісторыі і самабытных традыцый. Аляксандр Міхайлавіч пажадаў усім моцнага здароўя, шчасця, поспехаў, дабрабыту, аграгарадку ‒  росквіту і развіцця, каб ён жыў і прыгажэў далей.

З павагаю  і пашанаю адносяцца ў Ляхаўцах да старэйшых. Узгадалі на свяце самага мудрага жыхара аграгарадка ‒ 97-гадовую Любоў Сідарук. На свяце ўспомнілі вяскоўцаў, якія вызвалялі родны край ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у гады Вялікай Айчыннай вайны, а таксама тых, хто выконваў свой інтэрнацыянальны абавязак на Афганскай вайне: Івана Навумчыка, Мікалая Кушнірчука,Івана Наўрасюка, Сяргея Карабчука.

 

    Мець дзяцей – вялікае шчасце. Разам з тым, выхаванне – гэта нялёгкі працэс і адказнасць за тое, якімі яны вырастуць.  Словы шчырых пажаданняў гучалі самаму маленькаму жыхару аграгарадка Арцёму Хапалю. Яго  бацькам – Марыне Мікалаеўне і Дзмітрыю Аляксандравічу – старшыня Макранскага сельвыканкама Аляксандр Галоўчык уручыў падарунак. Не засталіся без увагі і тыя сем’і, у якіх нарадзілася і выгадавалася пяцёра і  больш дзяцей: Валянціны і Віталія Бурштын, Раісы і Віталія Гудчанка, Марыны і Сяргея Пачынчук, Лізаветы і Цімафея Дзмітрыевых, Кацярыны і Аляксандра Бурштын, Алы і Рамана Дацык,  Таццяны і Яўгена Наўрасюк, Наталлі і Уладзіміра Кушнярчук, Вольгі і Аляксандра Грыцьковых, Алены і Сяргея Чопка.

Сардэчныя віншаванні прымалі залатыя юбіляры – сям’я Ганны і Мікалая Пачынчук, якія ідуць поплеч па жыцці пяцьдзясят гадоў у міры, ладзе, згодзе і ў шчасці.

Таксама ўрачыста падвялі на Дні вёскі вынікі конкурсу на лепшую сядзібу. З кожным годам населены пункт становіцца прыгажэйшым і ярчэйшым, у тым ліку ‒ ад рознаколерных кветак і дагледжаных прыдамавых тэрыторый. За гаспадарскія адносіны, чысціню і ўтульнасць гучалі шчырыя словы ўдзячнасці ўсім аграгараджанам. За лепшае ўтрыманне прыдамавой тэрыторыі старшыня Макранскага сельвыканкама Аляксандр Галоўчык уручыў падарунак  Веры Хапаль.

Упрыгожылі свята сваім талентам і артыстычнасцю вядучыя  Людміла Мішчук і Ніна Касянюк. Атмасфера Дня вёскі атрымалася цёплай, душэўнай, напаўняла прысутных любоўю да роднага краю, сваёй зямлі, да прыгожай вёсачкі дзякуючы выступленням народны ансамбль народнай песні “Рыцкі куфэрак” (кіраўнік Алена Свішчова), а таксама Кацярыны Джур, Таццяны Кухарчук, Людмілы Мішчук, Арцёма Макарчука, Дзмітрыя Свішчова, Васілісы Нікіцюк, Дар’і Дворак.

Вяскоўцы па-сапраўднаму адпачывалі душой. Святочная атмасфера несла добры настрой і сагравала сэрца. Дзень вёскі атрымаўся, дзякуючы спонсарскай падтрымцы  Мікалая  Леванюка,  Уладзіміра Сальванюка,  ААТ “Макраны”  (старшыня Сяргей Сцепанюк), Маларыцкага кансервавагарод-нінасушыльнага камбіната (дырэктар Юрый Вітрук).

Мікалай   НАВУМЧЫК.

Фота і відэа аўтара.

 

 

Поделиться:
  • 2
  • 3
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий