Аб чым марыць Анастасія Трафімук?

У Чарнянскай сельскай бібліятэцы падчас падрыхтоўкі чарговага матэрыялу пра населены пункт на адной з паліц убачыў дзве кнігі, якія сваім афармленнем ярка выдзяляліся сярод іншых. Узяў іх проста пагартаць. Бібліятэкар Алена Анішчук, заўважыўшы маю цікавасць, патлумачыла, што гэта альманахі паэзіі, прозы і публіцыстыкі  “Сузор’е” і  “Шматтраўе”. У іх надрукаваны вершы чытачкі бібліятэкі з в. Горы  Анастасіі  Трафімук.

Па тэлефоне дамовіліся аб сустрэчы. І вось мы гутарым з паэтэсай-пачаткоўцам. Хоць, напэўна, так казаць у дачыненні да Анастасіі Трафімук будзе няправільна. Вершы на рускай мове яна піша з класа трэцяга. Гэта былі звычайныя чатырохрадкоўі. Рыфмаваць іх не складала дзяўчыне асаблівай цяжкасці. Праўда, напісаныя “вершы” ў асобны сшытак не запісвала, таму першыя спробы і не захаваліся. Анастасія і пазней пісала вершы. Праўда, нячаста. Аднак іх нікому не паказвала. Напэўна, з-за сваёй сарамлівасці.

Усё змяніла сустрэча з мясцовы паэтам Уладзімірам Данілюком у Чарнянскай СШ, дзе вучылася Анастасія Трафімук. Тады ён  прэзентаваў свой зборнік вершаў “Не пакідай мяне…” Вершы, напісаныя на сакавітай беларускай мове, кранулі дзяўчыну сваёй шчырасцю, праўдзівасцю, задушэўным лірызмам, сапраўднай любоўю да роднага краю. Ёй захацелася і самой пісаць такія вершы.  Праўда, у Анастасіі яны ўжо былі, аднак не ведала іх вартасці. Дзяўчына набралася смеласці і неяк свае вершы паказала настаўніцы рускай мовы і літаратуры Наталлі Мірчук. Яна падтрымала Анастасию, параіла працягваць і далей пісаць вершы.

‒ Мне хацелася, каб  мае паэтычныя творы прачытаў і іх прааналізаваў сапраўдны майстар слова, ‒ гаворыць Анастасія Трафімук. ‒ Мне пашчасціла. Такі чалавек на маім шляху з’явіўся. Гэта аўтар пяці зборнікаў вершаў, член міжнароднай асацыяцыі пісьменнікаў і публіцыстаў, паэтэса Ларыса Антонава з г. Баранавічы.

 Анастасія Трафімук з ёй пазнаёмілася ў Баранавіцкім дзяржаўным універсітэце падчас адной з паэтычных сустрэч. Дзяўчына навучаецца ў гэтай установе адукацыі і цяпер з’яўляецца студэнткай трэцяга курса факультэта педагогікі і псіхалогіі. Ларыса Антонава станоўча выказалася аб вершах Анастасіі Трафімук. Менавіта ў многім дзякуючы гэтаму, цяпер маларытчанка з’яўляецца членам студэнцкага аб’яднання “Паэтычны партал” і літаратурнага аб’яднання “Ліра”, якое існуе пры Баранавіцкім ГДК. Яна па-ранейшаму піша вершы. Перавагу аддае прыродаапісальным вершам, расказвае ў іх аб прыгажосці роднага краю, чароўных мясцінах  у ваколіцах Гор.

Анастасія Трафімук раней не друкавала свае вершы ў перыядычных выданнях.  У гэтым годзе яе творы ўжо з’явіліся ў міжнародным літаратурна-мастацкім альманаху “Сузор’е” (5 вершаў), які выдаецца пад эгідай Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, і ў літаратурным альманаху “Шматраўе” (8 вершаў), які да друку падрыхтаваў літаратурны клуб “Літара”  Брэсцкага  гарадскога цэнтра культуры.

Анастасія прызнаецца, што над напісаннем вершаў спецыяльна не сядзіць. Яны як быццам бы ўзнікаюць самі па сабе. Калі складваецца нейкая рыфмаваная думка, яна адразу запісваецца на тэлефон. І толькі вечарам верш у гатовым выглядзе пераносіцца  на паперу. Тады ўся вялікая сям’я ‒ маці Таццяна Паўлаўна, бацька Уладзімір Раманавіч, а таксама чатыры сястры і тры браты ‒ з’яўляюцца першымі  слухачамі і нават крытыкамі напісаных твораў.

Аб чым марыць Анастасія Трафімук? Найперш – аб тым, каб выдаць уласны зборнік вершаў. Ён, безумоўна, будзе прысвечаны роднаму краю, яго людзям, прыродзе. Ужо і назву прыдумала – “Пад крылом Гор”. Свой зборнік вершаў Анастасія Трафімук абавязкова перадасць і ў Чарнянскую сельскую бібліятэку, каб вяскоўцы маглі пазнаёміцца з яе творчасцю.

Дарэчы, цяпер  вершы Анастасіі Трафімук можна знайсці і пачытаць у інтэрнэце на сайце “Стихи.ру”, зазірнуўшы на адрас: https://stihi.ru/avtor/375298644850.

Мікалай  НАВУМЧЫК.

Фота аўтара.

Поделиться:
  •  
  • 1
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий