У экскурсійным маршруце “Праваслаўныя святыні Маларытчыны” прынялі удзел навучэнцы аграрнага каледжа і ветэраны педагагічнай працы

У экскурсійным маршруце “Праваслаўныя святыні Маларытчыны”, які быў прымеркаваны да Дня народнага адзінства, прынялі удзел навучэнцы аграрнага каледжа і ветэраны педагагічнай працы. Удзельнікі экскурсіі пабывалі ў праваслаўных храмах свяціцеля Мікалая Цудатворцы в. Збураж, Праабражэння Гасподняга аг. Олтуш, вялікамучаніцы Параскевы Пятніцы аг. Арэхава, свяціцеля Мікалая Цудатворцы г. Маларыта. У праваслаўных храмах гэтых населеных пунктаў азнаямляльныя экскурсіі правялі настаяцелі храмаў: протаіерэй Аляксей Ярэмка, протаіерэй Уладзімір Стрэха, протаіерэй Анатолій Дударчук, благачынны Маларыцкай царкоўнай акругі протаіерэй Віктар Паляціла. Святары расказвалі пра праваслаўе, святых, аб веры, будове і гісторыі храмаў. Экскурсанты даведаліся шмат новага і цікавага для сябе.

Маларыцкая зямля не так і багата на гісторыка-культурную спадчыну. Аднак асобныя помнікі матэрыяльнай і духоўнай культуры мінулага раёна выклікаюць сапраўдную цікавасць і захапленне. Сёння ў Маларыцкім раёне Беларуская праваслаўная царква прадстаўлена 15 прыходамі і 23 храмамі. Сем храмаў занесены ў дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей. Гэта цэрквы ў г.Маларыта, вёсках Ляхаўцы (упершыню ўпамінаецца ў гістарычных дакументах у 1575г.), Олтуш (1668 г., у 1783 г. перабудавана), Хаціслаў (1668 г., храм, што існуе цяпер, узведзены, па адных звестках, у 1752 г., па другіх – у 1799 г.), Гвозніца (1668 г., з 1812 па 1816 гг. вялося будаўніцтва новага храма, у 1878 г. быў праведзены яго капітальны рамонт), Дарапеевічы (пабудавана ў 1671 г.), Чарняны (1799 г.).

Удзельнікі экскурсіі даведаліся таксама і пра работы мастака з Малой Рыты, які тварыў у 1648-1650 гадах. Між іншым, рэпрадукцыі яго абразоў можна знайсці ў кнізе “Іканапіс і алтарны жывапіс ў ХІІ-XVIII стагоддзях”, якая ўбачыла свет у выдавецтве “Беларусь”. Невядомы майстар пісаў свае шэдэўры для храмаў навакольных вёсак. Звесткі пра творцу губляюцца ў глыбіні стагоддзяў. У адным дакуменце 1685 г., тэкст якога перадаецца летапісцам Олтушскага прыходу, напісана, што ў час наступлення казакоў у 1648 г. гэтая мясцовасць таксама падвяргалася нападу паўстанцаў. Магчыма, што якраз тады майстар і пасяліўся тут, бо ў 1648 г. ён напісаў абраз “Успенне Багародзіцы” для Праабражэнскай царквы в.Олтуш. Калі ж казакі сталі цярпець няўдачу, невядомы майстар паехаў у іншае месца. Да нашага часу захаваліся толькі чатыры абразы маларыцкага майстра.

Экскурсійны маршрут “Праваслаўныя святыні Маларытчыны” пакінуў незабыўныя ўражанні і станоўчыя эмоцыі ў яго ўдзельнікаў.        

Мікалай  НАВУМЧЫК.

 

 

Поделиться:
  •  
  • 13
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий