Мітынг “Мір і адзінства – сіла народа!” адбыўся у вёсцы Вялікі Паўлопаль
У рамках Плана раённых мерапрыемстваў, прымеркаваных да Дня народнага адзінства, у вёсцы Вялікі Паўлопаль адбыўся мітынг “Мір і адзінства – сіла народа!” Ён прайшоў ля брацкай магілы, на якой устаноўлены абеліск, дзе выбіты словы “Вечная слава ўдзельнікам рэвалюцыйнага падполля, партызанам і воінам Савецкай арміі, якія загінулі ў баях за Савецкую Радзіму”. “Тут у 1943 – 1944 гадах базіраваўся партызанскі атрад імя Фрунзе Брэсцкага злучэння”. У брацкай магіле захавана 88 загінулых, з якіх 78 – невядомых.
Вёска Вялікі Паўлопаль невыпадкова выбрана месцам правядзення мітынгу. У ноч з 3 на 4 жніўня 1933 года, у тым ліку і тут, адбыліся падзеі Навасёлкаўскага ўзброенага выступлення сялян. У цэнтры падзей апынуліся населеныя пункты Паўлопаль, Дарапеевічы, а таксама Навасёлкі, Бельск і інш.
На ўрачыстым мерапрыемстве прысутнічалі прадстаўнікі мясцовай улады, грамадскіх аб’яднанняў, работнікі ўстаноў і арганізацый раёна, вучні і настаўнікі Дарапеевіцкай і Чарнянскай сярэдніх школ, мясцовыя жыхары.
Пасля выканання Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь да прысутных звярнуўся старшыня раённага аддзялення партыі “Белая Русь”, старшыня Маларыцкага раённага Савета дэпутатаў Алег Якубчык. У сваёй прамове ён адзначыў, што 17 верасня – асаблівы дзень для ўсіх нас: гэта дзень нашай агульнай памяці, вялікага подзвігу, дзень нацыянальнага гонару і славы. У Год міру і стварэння мы схіляем галовы перад бессмяротным подзвігам тых, хто аддаў жыццё за Радзіму і шчасце будучых пакаленняў.
Алег Якубчык заўважыў, што ўстанаўленне Дня народнага адзінства падкрэслівае пераемнасць пакаленняў, непахіснасць і самадастатковасць беларускай нацыі і дзяржаўнасці. Дзень 17 верасня 1939 года стаў актам гістарычнай справядлівасці ў дачыненні да беларускага народа, падзеленага супраць яго волі ў 1921 годзе па ўмовах Рыжскага мірнага дагавору. Адноўленае адзінства дазволіла Беларусі выстаяць у гады Вялікай Айчыннай вайны, перамагчы і аднавіць краіну з руін, заняць ганаровае месца ў міжнароднай супольнасці, стаць сузаснавальнікам Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Нашай краінай пройдзены велізарны шлях развіцця. Яго вынікі можа адчуць кожны жыхар рэспублікі. Сёння беларускі народ аб’яднаны ў выбары стратэгічнага курсу на развіццё моцнай, суверэннай і квітнеючай краіны. Устанаўленне Дня народнага адзінства падкрэслівае пераемнасць пакаленняў, непахіснасць і самадастатковасць беларускай нацыі і дзяржаўнасці.
На мітынгу таксама выступілі старшыня праўлення Брэсцкага абласнога аддзялення грамадскага аб’яднання “Беларускі фонд міру” Лідзія Раманюк, мясцовы краязнаўца Анатоль Дзямянка і вучаніца 10 класа Чарнянскай СШ Марына Зяленіна. Яны гаварылі аб тым, што ўсіх нас аб’ядноўвае любоў да нашай Радзімы – Беларусі – краіны, якую ў баях і ў працы захавалі нашы продкі. Прытрымліваючыся слаўных гераічных традыцый, беларускі народ, дзякуючы стойкасці і мужнасці старэйшага пакалення, мае магчымасць жыць у міры і згодзе, плённа працаваць на карысць сваёй краіны, ганарыцца сваімі дасягненнямі, тысячагадовай гісторыяй і спадчынай.
Пасля хвіліны маўчання прысутныя пад гукі метранома ўсклалі кветкі да брацкай магілы.
Мікалай НАВУМЧЫК.
Фота аўтара і Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.