“Гарачая кропка” жніўня 1933 года – Вялікі Паўлопаль
Летам 1933 года ў розных раёнах Заходняй Беларусі адбываліся канфлікты і сутычкі сялянства з прадстаўнікамі мясцовых улад. Народны гнеў нарастаў і на Маларытчыне. Тут ён выліўся ў сялянскае выступленне, накіраванае супраць памешчыкаў і буржуазнага ўкладу панскай Польшчы. Эпіцэнтрам падзей стала Навасёлкаўская гміна. У яе склад уваходзіла частка сучаснага Чарнянскага сельсавета, на тэрыторыі якога пражывала шмат беззямельных сялян.
За даўнасцю часу сведкаў Навасёлкаўскага паўстання ўжо няма ў жывых. Аднак памяць пра гэтую падзею захоўвае Канстанцін Канстанцінавіч Грабайла. Пра тое паўстанне яму не раз расказваў бацька Канстанцін Лявонцьевіч Грабайла, які з’яўляўся адным з яго непасрэдных арганізатараў. Тады Канстанціну Лявонцьевічу было 19 гадоў.
Яшчэ ў 1924 годзе ў Паўлопалі была арганізавана ячэйка Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі. Рыгор Цімашук, Трафім Грабайла, Ігнат Дзямянка і Іван Субота стварылі групу супраціўлення. З цягам часу да іх далучыліся Канстанцін Грабайла, Раман Мацюк, Іван Лісковіч, Сямён Казловіч, Рыгор Грабайла, Аляксей Багдановіч, Іларыён Альшэўскі, Кірыл і Аляксей Грабайла, Еўдакія Грышкевіч. Члены падпольнай ячэйкі Паўлопаля сталі арганізатарамі паўстання сялян у вёсцы Навасёлкі.
Стратэгія пратэсту сапраўды распрацоўвалася ў вёсцы Паўлопаль, дзе дзейнічаў падрайкам кампартыі. Асноўнай рухаючай сілай павінны былі стаць сялянскія масы. Падставай да Навасёлкаўскага паўстання, падрыхтаванага актывістамі КПЗБ, паслужыла людская незадаволенасць. Яго ўдзельнікі мелі намер накіравацца ў вёску Булькова да маёнтка памешчыкаў Малачэўскіх, каб прымусіць іх выплаціць запазычанасць сезонным рабочым за палявыя работы, забяспечыць хлебам сем’і, якія галадалі.
Шэсце да вёскі Булькова павінна было адбывацца чатырма калонамі, якія фарміраваліся ў розных вёсках. Адна з іх – у Паўлопалі. 3 гэтай мэтай у вёску 3 жніўня прыбыў сакратар Паўлопальскага падрайкома КПЗБ Лявонцій Багдановіч, які правёў нараду з членамі КПЗБ і заклікаў да выступлення. Разам з Рыгорам Грабайлам ён заняўся арганізацыяй сялян у Паўлопалі. У Дарапеевічы накіраваліся Мацвей Грабайла і Іларыён Альшэўскі, а ў Навасёлкі – Аляксей Грабайла і Аляксей Гузюк. Перад імі была пастаўлена задача арганізаваць сялян і прыбыць вечарам на месца збору ў Паўлопаль. Пад вечар 3 жніўня на скрыжаванні дарог Паўлопаль – Навасёлкі – Дарапеевічы сабралася група сялян колькасцю прыкладна сто чалавек. У гэты час па дарозе на веласіпедзе ехаў мясцовы паліцэйскі Ян Кнароўскі. Ён вяртаўся ў Навасёлкі пасля выканання службовага задання ў Дарапеевічах. Паліцэйскі кінуў веласіпед, службовую сумку, стаў уцякаць і быў паранены.
Праз некаторы час Кнароўскі змог дабрацца да Навасёлак і расказаць пра здарэнне каменданту Дамброўскаму, які тут жа патэлефанаваў у Кобрын з паведамленнем аб сялянскім бунце. Але ў адказ – цішыня, паколькі сяляне загадзя перарэзалі кабель, што злучаў Навасёлкі з Кобрынам. Аднак пры гэтым яны не ўлічылі, што ёсць яшчэ адна лінія сувязі – з вёскі Дзівін. Менавіта туды і датэлефанаваўся камендант.
На падаўленне бунту ў Навасёлкі былі кінуты сілы паліцыі з усёй акругі. Пакуль паліцыя ехала да месца здарэння, група бунтаўшчыкоў паспела раззброіць асаднікаў Ксенскага і Выжыкоўскага на хутары Бельск і акружыла паліцэйскі ўчастак у Навасёлках. На патрабаванне сялян здаць зброю камендант пастарунка пачаў страляць. Сяляне пусцілі ў ход камяні, дубінкі, зброю. Перастрэлка працягвалася каля 5 гадзін. Аднак патроны ў сялян скончыліся, і яны вымушаныя былі адступіць.
Раніцай 4 жніўня ў вёску прыбылі паліцэйскія і салдаты. Сяляне былі абяззброены, пачаліся масавыя арышты, затрыманых падвяргалі жорсткім катаванням. У Кобрынскім і суседніх з ім паветах было абвешчана асаднае становішча. Паўстанне пацярпела паражэнне.
Праз месяц, 2 верасня, у Кобрыне пачаўся ваенна-палявы суд, які працягваўся 9 дзён. Было дапытана 35 сведак. Падсудных было 40 чалавек. Яны абвінавачваліся ў тым, што сваімі дзеяннямі хацелі адарваць Кобрынскі павет ад Польшчы і далучыць яго да СССР.
Першапачаткова пракурор патрабаваў публічнага павешання паўстанцаў, але ў падтрымку падсудных пачалася шырокая кампанія салідарнасці. У выніку ўрад вымушаны быў замяніць смяротны прысуд катаргай. Канстанцін Грабайла быў асуджаны на дзесяць гадоў зняволення. У 1939 годзе адбылося ўз’яднанне беларускіх тэрыторый і асуджаныя выйшлі на волю. Па словах Канстанціна Грабайлы, яго бацька прыйшоў з турмы тады, калі сыну было сем гадоў.
Пасля Канстанцін Лявонцьевіч Грабайла скончыў падрыхтоўчыя курсы пры Брэсцкім педагагічным вучылішчы, шмат гадоў працаваў настаўнікам пачатковых класаў Паўлопальскай пачатковай школы. Ён марыў аб тым, каб родная вёска стала квітнеючым садам. Гэтую задумку ён змог ажыццявіць.
Канстанцін Канстанцінавіч Грабайла часта бывае ля помніка ў вёсцы Вялікі Паўлопаль, дзе на брацкай магіле ўстаноўлены абеліск, на якім выбіты словы: “Вечная слава ўдзельнікам рэвалюцыйнага падполля, партызанам і воінам Савецкай арміі, якія загінулі ў баях за Савецкую Радзіму”. Пра ўдзельнікаў і само Навасёлкаўскае паўстанне ён расказваў дзецям, цяпер – унукам.
Дарэчы, падзеі Навасёлкаўскага паўстання пакладзены ў аснову мастацкай кінастужкі “Чырвонае лісце”, якая знята ў 1958 годзе на кінастудыі “Беларусьфільм”.
Мікалай НАВУМЧЫК.
Фота аўтара.