Радавы Данііл Дзямчук і малодшы сяржант Яўгеній Кітаеўскі дачакаліся слоў “Звольніць у запас па заканчэнні тэрміну ваеннай службы па прызыве”

У злучэннях і воінскіх часцях Узброеных Сіл Рэс­публікі Беларусь пра­цягваецца звальненне ў запас юнакоў, якія ад­служылі ўстаноўлены тэр­мін тэрміновай ваеннай службы. Сярод тых, хто ў пагранічнай камендатуры “Маларыта” дачакаўся слоў “Звольніць у запас па заканчэнні тэрміну ваеннай службы па прызыве”, – радавы Данііл Дзямчук і малодшы сяржант Яўгеній Кітаеўскі.

Па словах намесніка каменданта пагранічнай камендатуры “Маларыта” па ідэалагічнай рабоце маёра Аляксандра Рубашэўскага, гэтыя юнакі – адны з лепшых ваеннаслужачых. Яны, выканаўшы свой грамадзянскі абавязак, накіроўваюцца дадому ўзмужнелымі, з набытымі ведамі, атрыманымі ваенна-ўліковымі спецыяльнасцямі. Аляксандр Міхайлавіч таксама адзначыў, што ад імя камандавання пагранкамендатуры “Маларыта” ён выказвае падзяку вайскоўцам за высокі прафесіяналізм, бездакорнае выкананне сваіх абавязкаў. Яны, сапраўды, добрасумленна, з гонарам і годнасцю адслужылі ўстаноўленыя тэрміны, выканаўшы пачэсную місію – абарону рубяжоў нашай краіны. Юнакам, якія звальняюцца з тэрміновай службы, маёр пажадаў поспехаў у дасягненні ўсіх пастаўленых мэт, у ажыццяўленні задуманых планаў, а таксама ў далейшым сваёй працай быць карыснымі Радзіме.

– Мне здаецца, што армія ў пэўнай ступені змяняе чалавека, – гаворыць  радавы Данііл Дзямчук. – Яна надае большай упэўненасці, рашучасці ў дзеяннях, выхоўвае сілу волі і загартоўвае характар.  За час, праведзены ў войску, пераацаніў каштоўнасць часу, узаемаадносін. Па-іншаму пачаў разумець сэнс слоў «таварыш», «дружба». Рады, што служыў менавіта ў пагранкамендатуры “Маларыта”. Армія падарыла шмат незабыўных момантаў.

Данііла Дземчука са службы ў арміі чакае Аляксандра. Закаханыя ў хуткім часе плануюць узяць шлюб і пераехаць на месца жыхарства ў Мінск.

Задаволены праходжаннем службы ў пагранкамендатуры  “Маларыта” і малодшы сяржант Яўгеній Кітаеўскі. З будучым жыццёвым шляхам ён ужо вызначыўся. Звольніўшыся з тэрміновай службы, уладкуецца на працу майстрам сантэхнічнага ўчастка на ранейшае месца – у адкрытае акцыянернае таварыства “Палессежылбуд”.  Пасля заканчэння Камянецкай сярэдняй школы №1 юнак набыў спецыяльнасць “Водазабеспячэнне, водаадвядзенне і ахова водных рэсурсаў” у Брэсцкім дзяржаўным тэхнічным універсітэце.

Яўгеній Кітаеўскі гаворыць, што да новых умоў жыцця адаптаваўся хутка. За час службы ў арміі ён шмат працаваў над сабой, над сваім  характарам. Стрэсаўстойлівасць, спакой і ўменне трымаць сябе ў руках – для яго цяпер гэта не проста словы. Юнак лічыць, што кожны мужчына павінен выканаць свой канстытуцыйны абавязак і пры неабходнасці абараніць Радзіму. Служба ў Яўгенія Кітаеўскага пакіне добрыя ўспаміны, паколькі не толькі навучыла ўменню добра страляць, хутка бегаць, падпарадкоўвацца камандам старэйшых па званні, але і быць вынослівым, у любы момант падстаўляць плячо дапамогі саслужыўцу… Служба ў арміі дала разуменне, што такое ваеннае таварыства, сталенне. Толькі тут юнак зразумеў, што пагранічнік – гэта не проста ганаровае званне, але і вялікая адказнасць за спакой і бяспеку ўсёй краіны.

Аб тым, што давялося прайсці тэрміновую вайсковую службу, Яўгеній Кітаеўскі не шкадуе. Юнак перакананы, што лепш адразу закрыць пытанне з праходжаннем тэрміновай ваеннай службы, каб пасля спакойна планаваць сваё далейшае жыццё.

Поўны матэрыял чытайце ў газеце “Голас часу” №44 за 1 лістапада.

Мікалай  НАВУМЧЫК.

Фота аўтара.

 

Поделиться:
  •  
  • 6
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий