Поспех маларытчан на І адкрытым рэспубліканскім конкурсе-фестывалі мастацтваў “Адчыняй. бай”

У Гродне прайшоў І адкрыты рэспубліканскі конкурс-фестываль мастацтваў “Адчыняй. бай”. На ім удала прадэманстравалі сваё майстэрства юныя вакалісты нашага райцэнтра.

Дыпломам лаўрэата ІІІ ступені  ў намінацыі “Эстрадны вакал. Сола” журы адзначыла выступленне Ганны Бурштын (узроставая катэгорыя 10–12 гадоў), якая наведвае аб’яднанне па інтарэсах “Сузор’е” Маларыцкага раённага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Юная спявачка выканала песню “Кветкі сінія”.

Не засталіся без узнагарод і іншыя ўдзельнікі творчага спаборніцтва з Маларытчыны, якія таксама прадэманстравалі сваё майстэрства ў намінацыі “Эстрадны вакал. Сола”. Дыпломам лаўрэата І ступені ўзнагароджаны Марыя Бурштын (узроставая катэгорыя 7–9 гадоў) і Кацярына Бурштын (узроставая катэгорыя 13–15 гадоў). Дзяўчаты наведваюць адпаведна аб’яднанні па інтарэсах “ГукаЗаўрык і “Сузор’е”. Марыя на суд журы прадставіла песню “Журавы”, а Кацярына – “Шлях да мары”.

 Ганна, Кацярына і Марыя сваё вакальнае майстэрства таксама адшліфоўваюць і ў вакальнай студыі “Мusic boom” у педагога Вікторыі Лышчык. Пад яе кіраўніцтвам юныя спевакі і рыхтаваліся да ўдзелу ў конкурсе-фестывалі.

Дарэчы,  вакальная студыя “Мusic boom” у нашым райцэнтры была створана 2 лістапада 2016 года. За гэты час яе выхаванцы заваявалі шмат дыпломаў на розных рэспубліканскіх і міжнародных вакальных спаборніцтвах.

Мікалай НАВУМЧЫК.

Поделиться:
  •  
  • 5
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий