У турніры па шахматах прыняла ўдзел зборная каманда вучняў Маларыцкага раёна
На базе Брэсцкага абласнога цэнтра маладзёжнай творчасці адбыўся XXI абласны турнір па шахматах памяці васьміразовага чэмпіёна Беларусі В.С.Сайгіна. Арганізатарамі інтэлектуальнага турніру стала галоўнае ўпраўленне па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама, Брэсцкі абласны цэнтр маладзёжнай творчасці. Турнір праводзіўся па швейцарскай сістэме да пяці тураў у асабіста-камандным заліку.
У спаборніцтве прыняла ўдзел зборная каманда вучняў з устаноў адукацыі Маларыцкага раёна ў складзе Дзмітрыя Пацука (раённая гімназія), Ксеніі Федарук і Данііла Вакуліча (СШ № 1), Дзмітрыя Клебановіча (Лукаўская СШ).
З дзевяці каманд вобласці, якія прымалі ўдзел у турніры, Маларыцкі раён заняў пятае месца ў агульным заліку. Дыпломам ІІІ ступені сярод хлопцаў да 10 гадоў узнагароджаны вучань 5 “В” класа раённай гімназіі Дзмітрый Пацук (кіраўнік – настаўнік раённай гімназіі Вадзім Шпетны). Піьмом падзякі за падрыхтоўку каманды раёна адзначаны педагог дадатковай адукацыі раённага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Ігар Якубчык.
Дарэчы, у мінулым годзе ў выніковай турнірнай табліцы на ХХ абласным турніры па шахматах, які праводзіўся ў анлайн-рэжыме, шахматысты Маларыцкага раённага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі занялі агульнакаманднае шостае месца. У індывідуальным заліку на другой прыступцы апынулася Ксенія Федарук, вучаніца 8 “А” класа СШ № 1.
Жадаем усім юным шахматыстам раёна далейшых поспехаў і новых перамог!
Мікалай НАВУМЧЫК.
Фота аўтара.