Тэатральны калектыў “Каламбур” у восьмы раз пацвердзіў званне “Узорны”

Тэатральны калектыў “Каламбур”, які дзейнічае пры  Маларыцкім раённым цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, нядаўна ўжо ў восьмы раз пацвердзіў званне “Узорны”.

Дэбютным для калектыву было выступленне на раённым этапе агляду-конкурсу “Тэат­ральнае Палессе – 1999”. Перамога на ім стала штуршком для далейшай напружанай працы, эксперыментаў. Як вынік творчых пошукаў, у лютым 2001 года “Каламбуру” было прысвоена званне “Узорны”. Нядаўна калектыў яго пацвердзіў ужо ў восьмы раз! Гэта адбылося падчас ІV адкрытага абласнога конкурсу тэатральнай творчасці “Online teatr”, які праходзіў у Брэсце. “Каламбур” не толькі бліскуча пацвердзіў ганаровае званне, але і заваяваў дыплом І ступені, а таксама дыплом за выкарыстанне інавацыйных тэхналогій. Юныя маларыцкія тэатралы на суд журы прадставілі  спектакль “Дружбай трэба даражыць”.

Кіраўнік калектыву Валянціна Самуйлік расказвае, што асаблівасць пастаноўкі ў тым, што гледачы на сцэне бачаць спалучэнне  элементаў ценявога тэатру і пантамімы. У пастаноўцы няма звыклых рэплік дзеючых персанажаў. На працягу спектакля яны не гавораць ні аднаго слова. Імклівае дзеянне разгортваецца пад музыку, а асноўная думка выказваецца праз спалучэнне пластыкі, рухаў, мімікі. Барацьба з  інтэрнэт-залежнасцю –  асноўная ідэя, якая гучыць у спектаклі. Яна з’яўляецца актуальнай для сённяшняга дня. Тэатральнымі сродкамі твор таксама яшчэ сцвярджае думку аб тым, што дружба – гэта вялікая сіла, якую неабходна заўсёды берагчы. Чым больш у чалавека сяброў, тым ён багацейшы і больш шчаслівы.

Нязменным кіраўніком, рэжысёрам, пастаноўшчыкам, сцэнарыстам і ідэйным натхняльнікам з 1996 года – моманту заснавання “Каламбура” – з’яўляецца Валянціна Самуйлік.  Пры  падрыхтоўцы спектакля  “Дружбай трэба даражыць” значную дапамогу ёй аказала як гука- і відэааператар педагог дадатковай адукацыі  Кацярына Філюта. Наогул жа, прадстаўлены спектакль – новая форма работы, у якой нядаўна пачаў працаваць “Каламбур”.  За гады існавання калектыў эксперыментаваў у розных жанрах тэатральнага мастацтва. І заўсёды былі поспех і апладысменты гледачоў. Цяпер вось яшчэ адна спроба-эксперымент.  І яна стала зноў удалай!

Стараліся і самі юныя артысты, шмат рэпеціравалі. У тым, што спектакль прайшоў на біс, спадабаўся журы, заслуга  Арыны Пантыкінай, Соф’і Сцяблянкі, Паліны Янкоўскай, Анастасіі Кейко, Марыны Алесік, Дарыны Рудык, Арыядны Лісюк, Арыны Міцук, Марты Парчэўскай, Дар’і Данілюк, Вікторыі Кавальчук і Паліны Дворак.

Цяпер “Каламбур” працуе над новай пастаноўкай. Яна хутка будзе прадстаўлена на суд гледачоў.

Мікалай  НАВУМЧЫК.

Фота аўтара.

Поделиться:
  •  
  • 1
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий