Андрэй Грыцак – участковы інспектар Хаціслаўскага сельсавета
17 лістапада – Дзень участковага інспектара міліцыі.
Лейтэнант міліцыі Андрэй Грыцак – участковы інспектар Хаціслаўскага сельсавета. Кіраўніцтва райаддзела міліцыі характарызуе Андрэя Васільевіча як адказнага і дысцыплінаванага супрацоўніка. Сярод калег яго выдзяляюць такія якасці характару, як добрасумленнасць, старанне, настойлівасць, абавязковасць, надзейнасць… Карыстаецца павагай участковы інспектар і сярод насельніцтва. Часта Андрэй Грыцак садзіцца ў аўтамабіль і накіроўваецца па населеных пунктах сельсавета. А тэрыторыя яго, дарэчы, далёка не самая малая – пяць вёсак, у якіх пражывае 2369 жыхароў. Працоўны дзень Андрэя Васільевіча не абмяжоўваецца канкрэтным часам. Ён і вечарам, і ў выхадныя дні не палянуецца праехаць па вуліцах вёсак і прасачыць, ці ўсё ў парадку на яго ўчастку.
Андрэй Грыцак гаворыць, што яго змалку прывучалі бацькі быць адказным і добрасумленна выконваць любую даручаную справу. Яны і былі прыкладам для хлопца ва ўсім. Дарэчы, бацька лейтэнанта – Васілій Іванавіч – шмат гадоў служыў у Маларыцкім аддзяленні Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь. Складнікі паспяховай службы Андрэя Грыцака – умелае выкарыстанне вопыту, майстэрства бацькі ў спалучэнні з імкненнем да самаўдасканалення, жаданне стаць адным з лепшых супрацоўнікаў Маларыцкага раённага аддзела ўнутраных спраў.
Андрэй Васільевіч на службу ў органы ўнутраных спраў прыйшоў не адразу. Пасля заканчэння сярэдняй школы №2 г. у Маларыцкім дзяржаўным прафесійным ліцэі юнак набыў тры спецыяльнасці: вадзіцеля катэгорыі “С”, трактарыста-машыніста катэгорыі “В” і слесара па рамонце і абслугоўванні сельскагаспадарчай тэхнікі. Пасля вучыўся ў Пінскім індустрыяльна-педагагічным каледжы. На першае месца працы маладога спецыяліста накіравалі майстрам вытворчага навучання ў Смалявіцкі дзяржаўны аграрна-тэхнічны прафесійны ліцэй. Падчас службы ў радах узброеных сіл у Андрэя Грыцака ўзнікла думка – свой далейшы лёс усё ж такі звязаць з міліцыяй. Пасля звальнення ў запас ён пайшоў цікавіцца пра вакансію ў райаддзел міліцыі і атрымаў станоўчы адказ. Адначасова вырашыў паступіць завочна вучыцца ў Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўніверсітэт.
Для Андрэя Васільевіча памятным стала 2 ліпеня 2019 года – першы дзень нясення службы памочнікам дзяжурнага аператыўна-дзяжурнай службы РАУС. Менавіта сюды паступаюць трывожныя паведамленні аб правапарушэннях і злачынствах. Андрэй Грыцак ведаў, што адна з задач дзяжурнага супрацоўніка – уважліва выслухаць усхваляванага чалавека, удакладніць усе дэталі і аператыўна выслаць на месца здарэння нарад міліцыі. Ад іх прафесійных дзеянняў залежыць поспех раскрыцця злачынстваў па гарачых слядах. Малады міліцыянер хутка ўнік у сутнасць справы. Служба падабалася. Праз некаторы час Андрэй Грыцак стаў участковым інспектарам Велікарыцкага сельсавета, а ў снежні 2020 года на такую ж самую пасаду яго пераводзяць у Хаціслаўскі сельсавет.
– Мне пашанцавала, таму што актыўна дапамагаюць старшыня сельсавета Эдуард Паўлаў, кіраўніцтва СУП “Хаціслаўскі”, а таксама старасты населеных пунктаў сельсавета. З такой падтрымкай працаваць нескладана, – гаворыць Андрэй Грыцак.
– Што ўваходзіць у абавязкі сельскага ўчастковага? – цікаўлюся я.
– Абавязкі сельскіх і гарадскіх участковых інспектараў міліцыі аднолькавыя, спецыфіка работы – розная. Да асноўных абавязкаў адносяцца, напрыклад, прафілактыка бытавых правапарушэнняў і п’янства, папярэджанне крадзяжоў маёмасці. Калі ў гарадскога інспектара насельніцтва сканцэнтравана, як кажуць, кропкава, то ў сельскага – гэта ўсе населеныя пункты сельсавета. Службовыя абавязкі ўчастковага таксама прадугледжваюць непасрэдную і штодзённую працу з жыхарамі ўчастка. У асноўным даводзіцца працаваць на папярэджанне злачынстваў, асабліва крадзяжоў. Лічу, што галоўнае для ўчастковага інспектара – аператыўнае рэагаванне.
Стаць участковым інспектарам міліцыі нескладана, больш цяжка даказаць сваю прафесійную адпаведнасць. Між іншым пры адборы на службу ўчастковым прымаюцца да ўвагі не толькі стан здароўя, адукацыя, але і маральныя, валявыя якасці, вернасць службоваму абавязку і закону, чулыя і ўважлівыя адносіны да людзей. Усе гэтыя якасці характэрны лейтэнанту міліцыі Андрэю Грыцаку, прадаўжальніку дынастыі міліцыянераў.
Мікалай НАВУМЧЫК.
Фота аўтара.