Аб выніках працы напярэдадні свята расказаў першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Вадзімам ГАЛОЎЧЫК

19 лістапада – Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу.

Традыцыйна напярэдадні свята работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК падводзяцца вынікі працы тых, хто круглы год і ў дождж, і ў спякоту, з ранку да позняга вечара шчыруе ў сельгаспрадпрыемствах раёна. Якім быў сёлетні сельскагаспадарчы год для працаўнікоў нашага раёна, пра гэта мы гутарым з першым намеснікам старшыні райвыканкама, начальнікам упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні  Вадзімам ГАЛОЎЧЫКАМ.

– Вадзім Міхайлавіч, наколькі ўраджайным выдаўся сёлетні год для Маларытчыны?

– Поспехі раёна – заслуга нястомных аграрыяў. Менавіта яны забяспечваюць харчовую бяспеку краіны і даказваюць, што з маленькага хлебнага зярнятка пачынаюцца моц і сіла дзяржавы. Сёлета аграрыі раёна сустракаюць прафесійнае свята з добрымі вынікамі. Ураджай атрымалі нядрэнны. Сабралі 52,9 тыс. тон зерня збожжавых, зернебабовых раслін і зерня кукурузы, або 105,5% да ўзроўню мінулага года. Аб’ёмы намалоту выраслі найперш за кошт павелічэння ўраджайнасці, якая ў сярэднім па раёне ў гэтым годзе склала 35,9 ц/га супраць мінулагодніх 34,0 ц/га.

– Які стан спраў у  жывёлагадоўлі?

– Па выніках дзесяці месяцаў гэтага года тэмп росту валавой вытворчасці малака склаў 108,5%, тэмп росту рэалізацыі прадукцыі – 109,0%. Сярэдні ўдой на карову ў параўнанні са студзенем–кастрычнікам мінулага года вырас на 410 кг і склаў 6168 кг. У СВК “Дарапеевічы” на карову з пачатку года прыбавілі 448 кг, дасягнуўшы найвышэйшага ў раёне паказчыка ўдою – 7902 кг. На другім месцы – СУП “Хаціслаўскі” з вынікам 7139 кг.

Цяпер больш за 60% малака ад агульнай колькасці рэалізуецца гатункам “экстра”. Паказчык тлустасці малака складае 3,74%.

Валавыя прывагі буйной рагатай жывёлы дасягнулі адзнакі ў 5276 тон, што на 107,5 працэнта больш, чым у папярэднім годзе. Варта адзначыць, што са знакам плюс спрацавалі ўсе гаспадаркі раёна. Самага значнага прыросту валавой вытворчасці мяса дасягнуў калектыў СУП “Ха­ціс­лаўскі” – 1688 тон, што складае 120,7% да 2022 года.

Па раёне сярэднясутачныя прывагі буйной рагатай жывёлы склалі 727 грам, што на 46 грам больш, чым у 2022 годзе. Самы значны поспех у гэтым  у СУП “Хаціслаўскі” і  СУП “Савушкіна”,  дзе штодзённыя прыбаўкі ў вазе жывёлы адпаведна склалі па 837 і 832 грамы.

Усяго за дзесяць месяцаў гэтага года гаспадаркі Маларытчыны рэалізавалі дзяржаве 4670 тон мясной прадукцыі, што на 107,5% больш, чым у 2022 годзе. Самы значны ўклад у гэтае дасягненне ўнесены жывёлаводамі СУП “Хаціслаўскі”, якімі было прададзена 1618 тон мяса, а таксама  СУП “Савушкіна”, дзе рэалізавана дзяржаве 1082 тоны мяса. У разліку на 100 гектараў сельскагаспадарчых угоддзяў вытворчасць мяса па раёне склала 118 ц супраць 109,5 ц у мінулым годзе, вытворчасць малака – 1715 ц супраць 1583 ц  у мінулым годзе.

– Вадзім Міхайлавіч, наколькі забяспечаны гаспадаркі раёна кармамі?

– Сельгаспрадпрыемствы маюць адпаведную кармавую базу. На зімова-стойлавы перыяд для жывёлагадоўлі нарыхтавана 82608 тыс. тон кармавых адзінак травяністых кармоў, што складае ў разліку на адну ўмоўную галаву жывёлы 30,5% кармавых адзінак. Нарыхтаваны аб’ём кармоў дазволіць забяспечыць стабільнае развіццё галіны жывёлагадоўлі.

– У чым, на ваш погляд, сакрэт поспеху аграрыяў раёна?

–  Бясспрэчна, у аснове высокіх дасягненняў – людзі, іх самаадданая і напружаная праца, вернасць абранай справе і прафесіі, любоў да роднай зямлі. Вялікая ўдзячнасць кожнаму, хто працуе ў сельскай гаспадарцы раёна і на перапрацоўчых прадпрыемствах, асабліва – ветэранам, якія заклалі аснову цяперашнім дасягненням і перадаюць свой вопыт маладому пакаленню.

– Вадзім Міхайлавіч, звычайна напярэдадні прафесійнага свята не толькі падводзяць вынікі, але і  агучваюць прозвішчы лепшых  працаўнікоў. Каго вы можаце назваць?

– У кожным сельгаскааператыве ёсць тыя людзі, на якіх, вобразна кажучы, “трымаецца зямля”. Адказныя сумленныя працаўнікі – галоўны наш капітал. Без іх не будуць дзейнічаць самыя лепшыя тэхналогіі, таму што спакон веку чалавечы фактар быў адным з самых галоўных. Адразу пасля жніва ў сельгаскааператывах пачынаецца клопат пра новы ўраджай. На дварэ ўжо глыбокая восень, а напружаныя работы працягваюцца. Маларытчыне ёсць кім ганарыцца. У ліку тых, хто з’яўляецца гонарам  сельскагаспадарчай і перапрацоўчай галіны, старшыня СВК “Дарапеевічы” Васіль Юхімук,  камбайнер СУП “Савушкіна” Юрый Касцючык, які ўпершыню ў Маларыцкім раёне намалаціў 2104 тоны зерня.

– Усё ў выніку сыходзіцца на кадрах. Як вырашана гэтае пытанне ў аграпрамысловым комплексе раёна? Ці ўлілася сёлета ў галіну новая моладзь? Ці засталіся пасля абавязковай адпрацоўкі ўчарашнія маладыя спецыялісты?

– Кадрамі спецыялістаў гаспадаркі ў асноўным  укамплектаваны, хоць ёсць і вакансіі. Маюцца незакрытыя вакансіі заатэхнікаў, ветурачоў у гаспадарках. Але ж задача сёння – не проста закрыць свабоднае месца, знайсці чалавека на пасаду, а займець адказнага, сумленнага спецыяліста і работніка, зацікаўленага працаваць у камандзе на станоўчы вынік. Што да маладых спецыялістаў, дык  яны прыходзяць, але далёка не ўсе працягваюць працу. Тым не менш тых, хто застаецца і паказвае добры вынік работы, у гаспадарках знаходзяць, як заахвоціць, каб і ім, і сельгаспрадпрыемству была карысць.

– Вадзім Міхайлавіч, застаецца павіншаваць працаўнікоў сельскагаспадарчай вытворчасці напярэдадні прафесійнага свята.

– Пачуццё гонару і павагі выклікаюць у мяне дасягненні працаўнікоў аграпрамысловага комплексу  Маларытчыны, якія з году ў год дасягаюць поспехаў, сваёй працавітасцю, прафесіяналізмам робяць важкі ўклад у развіццё рэгіёна. Людзям, якія працуюць на зямлі, не страшны ніякі крызіс: кожны дзень яны шчыруюць так, каб наша жыццё станавілася лепшым і прыгажэйшым. Галоўны вынік іх нялёгкай працы – гарантаваная харчовая бяспека краіны.

 

Паважаныя працаўнікі палёў і ферм! Шчыра він­шую ўсіх з Днём работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці, жадаю дабра, выдатнага настрою, бадзёрасці, дастатку і ўтульнасці ў доме, здароўя, аптымізму і настойлівасці ў дасягненні пастаўленых мэт. Разам мы пераадолеем усе цяжкасці, якія б ні стварала нам прырода. Нізкі паклон усім тым працаўнікам,  чые рукі пахнуць хлебам і малаком!

Гутарыў Мікалай НАВУМЧЫК.

Фота аўтара.

Поделиться:
  •  
  • 1
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий