Дынастыі Галіны і Пятра Кулічыкаў – 170 гадоў
Родная зямля надае сілы і энергіі. Той, хто не пераязджае з месца на месца ў пошуку лепшай долі, а моцна трымаецца каранямі за малую радзіму, – шчаслівы чалавек, паколькі яна мацуе, яднае і духоўна ўзбагачае. Так лічыць Галіна і Пётр Кулічыкі з в. Новае Забалацце, якія ўсё жыццё шчыравалі ў ААТ “Чырвоны партызан”.
У сельгаспрадпрыемстве невыпадкова лічаць, што дрэва моцнае каранямі, а чалавек – родам, сям’ёй, традыцыямі. І як важна, каб дзеці, унукі паважалі вопыт бацькоў і дзядоў, памнажалі яго і ўзбагачалі. Тады і з’яўляюцца трывалыя працоўныя дынастыі. Менавіта на іх у многім і трымаецца аграпрамысловы комплекс. У ліку такіх – працоўная дынастыя Галіны і Пятра Кулічыкаў. Усіх яе прадстаўнікоў аб’ядноўвае не толькі непарыўная роднасная повязь, але і працоўная – сельскагаспадарчая. На васьмярых – больш за 170 гадоў агульнага працоўнага стажу.
Працоўную аграрную дынастыю Кулічыкаў уганароўвалі сёлета на гарадской плошчы падчас святкавання Дня горада. Пад апладысменты яны дружна падымаліся на сцэну, каб атрымаць узнагароды і пачуць у свой адрас словы падзякі за шматгадовую плённую працу, за прафесійнае майстэрства.
Галіна Аляксееўна прызнаецца, што ў той момант яна сябе адчувала неяк няёмка, нават расчулілася, паколькі не прывыкла да такой увагі. Сваімі працоўнымі поспехамі жанчына не любіць хваліцца, кажа, што старалася працаваць заўсёды сумленна, шчыравала не дзеля ўзнагарод, а таму, што па-іншаму не магла і не ўмела. Такой яе выхавалі бацькі.
Галіна Кулічык нарадзілася і вырасла ў вёсцы Дарапеевічы. У яе бацькоў было чацвёра дзяцей, якіх выхоўвалі на асабістым прыкладзе. Бацькі вучылі праяўляць цярплівасць, з павагай адносіцца да старэйшых, пераадольваць цяжкасці і не апускаць рукі ў складаных жыццёвых сітуацыях. Змалку прывучаліся дзеці і да працы на зямлі, дапамагалі па гаспадарцы.
Галіна марыла знайсці добрага хлопца і стварыць трывалую сям’ю. У лістападзе 1972 года на танцах у Дарапеевічах да яе неўспадзеў падышоў Пятро Кулічык з вёскі Новае Забалацце, запрасіў на танец. Той восеньскі вечар, той вальс і стаў лёсавызначальным. Паміж маладымі людзьмі ўспыхнула сапраўднае шчырае пачуццё. Пятро не мог ужо жыць без каханай. Таму пасля работы садзіўся на матацыкл “Мінск” і імчаў да Галіны. 23 лютага 1973 года маладыя ўзялі шлюб. Дарэчы, іх, як шлюбных юбіляраў, сёлета урачыста ўганароўвалі падчас Дня вёскі аг. Лукава. Маладажоны пераехалі жыць да бацькоў Пятра. Хутка непадалёку ад бацькоўскай хаты пабудавалі свой дом. Жылі дружна, дапамагалі ва ўсім адзін аднаму, падтрымлівалі. Галіна Аляксееўна ўладкавалася ў мясцовы калгас паляводам. Клапатліва яна рвала лён, аддавала “нізкі паклон” кожнай культуры, якую трэба было апалоць, дагледзець ды сабраць з поля. Пётр Мікалаевіч у “Чырвоным партызане” працаваў слесарам. Выконваў, як кажуць, любую работу, якую давалі. Ніколі не перабіраў, ніякай працы не цураўся, бо добра разумеў, што калі прапануюць – значыць, давяраюць. А любы давер неабходна апраўдваць.
Галіна Аляксееўна і Пётр Мікалаевіч ніколі не скардзіліся на нялёгкую працу. Іншай не шукалі, хоць і была ў іх магчымасць змяніць месца жыхарства. Так і працавалі самааддана на розных пасадах у мясцовым калгасе, з любоўю да зямлі, сваіх родных мясцін і абранай справы. Дарэчы, Галіна Аляксееўна гаспадарцы аддала 35 гадоў свайго жыцця, Пётр Мікалаевіч – 42.
Яшчэ больш змацавалі сямейны саюз Кулічыкаў дзеці Ала, Ігар і Ірына. Яны раслі і радавалі бацькоў сваімі поспехамі. Цяпер у кожнага з іх свая сям’я, любімая работа. Галіна і Пятро Кулічыкі выгадавалі клапатлівых, спагадлівых і чулых дзяцей. Падчас нашага прыезду вялікая сям’я Кулічыкаў сабралася за адным сталом. Праўда, не ўсе яе прадстаўнікі па аб’ектыўных прычынах змаглі прыехаць.
…
Той, хто выбраў працу ў сельскай гаспадарцы, звычайна выхоўвае прыкладам сваіх дзяцей, перадае ім вопыт, уменне і майстэрства. Пацвярджэнне таму – дынастыя сям’і Галіны і Пятра Кулічыкаў з Новага Забалацця. Ёсць надзея, што яе неўзабаве працягнуць і ўнукі.
Поўны матэрыял чытайуе ў газеце “Голас часу” за 15 лістапада
Мікалай НАВУМЧЫК.
Фота Алега Крэмянеўскага.