Победители районного этапа республиканского молодежного проекта “100 идей для Беларуси”
Падведзены вынікі раённага этапу рэспубліканскага маладзёжнага праекта “100 ідэй для Беларусі”. Яго арганізатарамі выступілі раённы камітэт грамадскага аб’яднання “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі”, аддзел ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама, а таксама аддзел па адукацыі райвыканкама. Праект накіраваны на развіццё маладзёжнага вынаходніцтва і рацыяналізатарства, аказанне дапамогі ў прасоўванні маладзёжных інавацыйных праектаў і навукова-тэхнічных распрацовак. Штогод у ім актыўна прымаюць удзел і вучні ўстаноў адукацыі Маларытчыны.
На раённым этапе рэспубліканскага маладзёжнага праекта “100 ідэй для Беларусі” на разгляд журы было прадстаўлена тры работы. У намінацыі “Экалогія” вучань 11 класа Олтушскай СШ Аляксандр Голуб прэзентаваў праект “Зберажэм воду разам!” (кіраўнік Аксана Пархамук). У намінацыі “Грамадства і сацыяльная сфера, інфармацыйна-камунікатыўныя тэхналогіі” вучні 9 класа Макранскай СШ Уладзіслаў Сівоха і Арцём Ківачук прадставілі праект “Інфармацыйна-сацыяльная пляцоўка «Карта дапамогі»” (кіраўнік Вераніка Лазнуха), а вучні 9 “Б” класа раённай гімназіі Ганна Заруцкая, Аляксей Піскун і Савелій Лебедзеў – праект “Вулічныя трэнажоры – крок да здароўя” (кіраўнік Наталля Асіпук). Журы ацэньвала актуальнасць тэмы і практычную значнасць, рэальнасць рэалізацыі, навізна ідэі, сучаснасць падыходаў ў вырашэнні заяўленай задачы, лагічнасць абгрунтавання, арыгінальнасць аўтарскай канцэпцыі. Усе прапановы юных вынаходнікаў і рацыяналізатараў з’яўляюцца актуальнымі і заслугоўваюць увагі. За кожным праектам не толькі грунтоўныя веды, палёт ідэі і фантазіі, але і вялікія фізічныя і інтэлектуальныя намаганні.
Пераможцам раённага этапу рэспубліканскага маладзёжнага праекта “100 ідэй для Беларусі” стала работа Аляксандра Голуба. Ён будзе прадстаўляць раён на абласным этапе спаборніцтва.
Начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Аляксандр Пятручык адзначыў, што ўдзел у конкурсе “100 ідэя для Беларусі” – гэта першы крок для рэалізацыі ўласнай мары. Спаборніцтва дае маладым людзям жыццёвы імпульс, дапамагае ім раскрыць патэнцыял, развівацца і ўвасабляць свае ідэі ў жыццё. Начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Галіна Стасюк пераканана, што самае галоўнае – не тое, да чаго дадумаліся іншыя, але тое маленькае, да чаго прыйшоў сам. Не варта апускаць рукі, калі нешта не атрымалася, калі нават спрабаваў гэта рабіць сто разоў. На сто першы раз атрымаецца абавязкова. Конкурс “100 ідэя для Беларусі” – гэта магчымасць быць пачутым. Ідэі маладых – будучыня нашай краіны.
Мікалай НАВУМЧЫК.
Фота аўтара.