Выпускнікі пачатковых класаў 1986 года завіталі ў госці да першай настаўніцы Ксеніі Аўдзяюк
Шчырая ўсмешка, цёплы погляд і крыху забыты, але па-ранейшаму такі прыемны і знаёмы голас… З радасцю і хваляваннем расчыніла дзверы кватэры Ксенія Аўдзяюк для сваіх выпускнікоў пачатковых класаў 1986 года.
Гэта быў яе другі выпуск у СШ №1. 41 вучань у класе: 25 – непаседлівых дзяўчынак і 16 такіх жа – хлопчыкаў. Даўно яны выраслі, сталі дарослымі, разляцеліся хто куды, стварылі сем’і. Былыя вучні маюць дзяцей, а некаторыя ўжо гадуюць і ўнукаў. Быццам бы і не было тых 37 год. Праляцелі яны як адно імгненне.
Са сваёй першай настаўніцай успаміналі школьнае жыццё, разам смяяліся, жартавалі, дзяліліся навінамі яе вучні: Алена Сацюк, Алена Серада і Валерый Ляўчук. За размовай час ляцеў хутка. Многае прыгадалася: паходы, экскурсіі, выступленні, класныя гадзіны.
Колькі цярпення і разумення спатрэбілася Ксеніі Сяргееўне, каб навучыць няўмелыя дзіцячыя пальчыкі выводзіць спачатку палачкі і нулікі, а потым – літары і словы. А колькі часу трэба было патрапіць, каб кожнага навучыць чытаць! У настаўніцы хапала цярпення і жадання, каб у душу і сэрца кожнага свайго вучні засеяць зерне разумнага, добрага, вечнага. Заўсёды спакойная, ветлівая, Ксенія Аўдзяюк без цяжкасцей знаходзіла сцяжынку да сэрцаў дзяцей. Яна столькі штодзень аддавала сваім вучням цяпла, дабрыні, атульвала кожнага шчырасцю, спагадай, дабрынёй. Таму і памятаюць пра Ксенію Сяргееўну яе былыя вучні, заўсёды гавораць з удзячнасцю.
За плячыма Ксеніі Аўдзяюк – сорак гадоў педагагічнага стажу, шэсць выпускаў і 174 вучні. Настаўніца дагэтуль памятае імя і прозвішча кожнага свайго вучня. І па-ранейшаму перажывае за ўсіх, цікавіцца іх справамі і поспехамі.
На развітанне былыя вучні пажадалі сваёй першай настаўніцы моцнага здароўя, доўгіх гадоў жыцця, поспехаў ва ўсім. А яшчэ – абавязковай сустрэчы ў наступным годзе.
Мікалай НАВУМЧЫК.