На Маларытчыне працягваецца датэрміновае галасаванне
У краіне, у тым ліку і на Маларытчыне, працягваецца датэрміновае галасаванне. Той, хто не зможа прыйсці на выбарчы ўчастак у адзіны дзень галасавання, 25 лютага, можа прагаласаваць у іншы дзень. Выбарчыя ўчасткі працуюць з 12.00 да 19.00 гадзін без перапынку.
За перыяд агітацыі выбаршчыкі пазнаёміліся ўжо з кандыдатамі ў дэпутаты, многія вызначыліся з выбарам. Застаецца толькі прыйсці і прагаласаваць. Мы папрасілі маларытчан выказать свае меркаванні, чаму важна наведацца на выбарчы ўчастак і аддаць свой голас за таго ці іншага кандыдата.
Васіль Грэбень:
– Кожны чалавек у нашай краіне мае права голасу. Я заўсёды галасаваў, абавязкова пайду на выбары і 25 лютага. Дарэчы, сёлета буду назіральнікам на адным з выбарчых участкаў горада. Гэта ганаровая і адказная місія.
Лічу, што ўдзел у выбарах – гэта магчымасць выказаць сваю думку наконт будучага краіны, яе паступальнага развіцця і руху наперад. Людзі, якія стануць дэпутатамі, на працягу некалькіх наступных гадоў будуць прымаць важныя для кожнага з нас рашэнні. І для таго, каб гэта былі дэпутаты, дастойныя і неабыякавыя да клопатаў, праблемных пытанняў грамадзян, мы павінны пайсці на выбары, прагаласаваць і аддаць свой голас за іх. Гэта наша канстытуцыйнае права і грамадзянскі абавязак. Заўтра мы будзем жыць так, як выбралі сёння. Хочацца, каб у нашай краіне і надалей панаваў мір, згода, лад, каб мы займаліся стваральнай працай, каб і далей надавалася ўвага развіццю фізічнай культуры і спорту, адчуваўся пастаянны клопат дзяржавы па фарміраванні здаровага ладу жыцця сярод жыхароў. Беларусь – краіна спартыўная! А калі краіна спартыўная, то і нацыя здаровая. Дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы цяпер на Маларытчыне створаны добрыя ўмовы для заняткаў спортам і масавай фізічнай культурай. Мы можам пахваліцца спартыўнымі і трэнажорнымі заламі, стадыёнамі, спартыўнымі пляцоўкамі… Аднак так было не заўсёды.
Дзіцяча-юнацкая спартыўная школа пачала функцыянаваць у нашым раёне ў 1965 годзе. З верасня па снежань 1965 года яна працавала на базе Маларыцкай сярэдняй школы. Пасля пераезду ўстановы адукацыі на вуліцу Савецкая вызвалены будынак цалкам быў перададзены ДЮСШ.
20 лютага 1990 года яна перамясцілася ў пабудаваную спартыўную залу сярэдняй школы №2. У новы будынак (вуліца Паўднёвая) дзіцяча-юнацкая спартыўная школа пераехала ў снежні 2010 года. Гэта была вялікая радасць і задавальненне як для трэнераў, так і для юных спартсменаў. Спартыўная база для трэніровак палепшылася адразу ў некалькі разоў. Такое стала магчымым дзякуючы прадуманай дзяржаўнай палітыцы, адзін з вектараў якой скіраваны на развіццё фізічнай культуры і спорту.
Цяпер дзіцяча-юнацкая спартыўная школа Маларыцкага раёна мае неабходную матэрыяльна-тэхнічную базу для правядзення трэніровак на высокім узроўні. Аб гэтым у 1985-1999 гады, калі я ўзначальваў спартшколу, мы маглі толькі марыць.
25 лютага неабходна пайсці на выбары і аддаць свой голас за таго, хто будзе і надалей працягваць палітыку цяперашняга кіраўніцтва краіны, у аснове якой – клопат пра чалавека, яго дабрабыт.
Мікалай НАВУМЧЫК.
Фота аўтара.