Якія змены адбыліся апошнім часам у Дрочаве запыталі ў мясцовых жыхароў

З раніцы церусіў дробны дожджык, а бліжэй да паўдня выглянула сонейка і падарыла маларыцкаму краю і яго жыхарам надзею на раннюю вясну. У адзін з такіх дзён – не зіма, але яшчэ і не вясна – рэдакцыйная машына адправілася ў чарговую камандзіроўку па раёне, а фінішнай кропкай на нашым маршруце на гэты раз стала вёсачка Дрочава ў Арэхаўскім сельсавеце.

Па ўспамінах старажылаў, Дрочава ўзнікла на месцы былых хутароў, і зараз, па дадзеных Арэхаўскага сельвыканкама, тут налічваецца 114 жыхароў, 8 з якіх – непаўналетнія. У старшыні Арэхаўскага сельскага Савета Святланы  Віта­ноўскай, якая была нашым гідам у час вандроўкі па вёсцы, пацікавілася, якія змены адбыліся апошнім часам у Дрочаве і што ў планах старшыні на бліжэйшы час. Трэба сказаць, што Святлана Васільеўна тут часты госць, бо вяскоўцы добра ведаюць яе і ў іх заўсёды зной­дзецца, аб чым пагаварыць з прадстаўніком мясцовай улады.

Святлана Васільеўна з ахвотай распавяла нам, што два гады таму ў вёсцы правялі высакахуткасны інтэрнэт, у наяўнасці якога асабліва зацікаўлена маладое пакаленне. Былі раней пытанні па якасці мабільнай сувязі, дык МТС устанавіла дадатковую вышку. Цяпер у дрочаўцаў сувязь са светам можа нават лепшая, чым у Арэхаве. Пра гэта гаварылі таксама Надзея Маісееўна і Ануфрый Іванавіч Яцуры, у чыю хату мы завіталі ў гэты дзень. Надзея Маісееўна мясцовая, а вось гаспадар родам з Арэхава, як сам жартам заўважыў: “Я тут у прымаках”. І муж, і жонка пахо­дзяць з вялікіх шматдзетных сямей: у бацькоў Надзеі было дзевяць дзяцей, а ў сям’і Ануфрыя Іванавіча – васьмёра. Вялікія сем’і даўней былі нормай – талакой любую справу адолееш. На працавітых сямейных дынас­тыях заўсёды трымалася беларуская вёска. Надзея Маісееўна трыццаць год адпрацавала на мясцовай малочна-таварнай ферме даяркай. Спачатку дваццаць пяць каровак даіла рукамі, потым, калі з’явіліся апараты, стала крыху лягчэй, але кармы жывёле яшчэ доўга раздавалі  ўручную. Ды і ва ўласнай гаспадарцы трох каровак трымалі, авечак, па гектару бульбы садзілі. Дзе толькі быў час, каб управіцца з усім гэтым?! Да таго ж гаспадыня славілася на ўсю вёску сваёй выпечкай. Яе пірагі з макам, мабыць, на кожнае вяселле заказвалі. І зараз зрэдку іх пячэ, толькі ўжо больш для сваёй сям’і.

Галава сям’і, Ануфрый Івана­віч, таксама больш за тры дзя­сяткі гадоў аддаў калгасу – працаваў на трактары, 16 сезонаў шчыраваў на камбайне. Ніякай працы не цураліся яго нястомныя рукі. А якія акуратныя арэлі змайстраваў у сваім двары гаспадар! Ды яшчэ і на заказ іншым вяскоўцам рабіў іх. На арэлях наш фотокарэспандэнт і сфатаграфаваў гэту сямейную пару, якой ужо больш за 45 гадоў. Разам выгадавалі дваіх сыноў. Сын Віктар, дарэчы, на той жа ферме, што і маці, працуе жывёлаводам, а Валянцін заняты ў будаўнічай галіне, жыве ў Брэсце. Гэта яго ўмелымі рукамі зроблены рамонт у бацькоўскім доме.

Святлана Васільеўна расказвала, што не за доўгім часам у жыхароў Дрочава з’явіцца магчымасць абаграваць свае дамы з дапамогай электраэнергіі. Вяскоўцы звярталіся ў сельвыканкам па гэтым пытанні. Правялі сход грамадзян, склалі спісы жадаючых падключыць электраацяпленне. Іх аказалася больш за 20. Як паведаміў начальнік Маларыцкага раёна электрасетак Уладзімір Куц, у Дрочаве падключана ўжо новая падстанцыя, засталося яшчэ электралінію памяняць. І гэтыя работы пры наяўнасці фінансавання, магчыма, будуць праведзены сёлета. А там, глядзіш, і дрочаўцы змогуць ацаніць перавагі электраабагрэву дамоў.

Пацікавілася ў Надзеі Маі­сееўны і Ануфрыя Іванавіча, ці не маюць яны намеру і свой дом перавесці на электраабагрэў, калі з’явіцца такая магчымасць. Усё ж такі гэта значна аблягчае жыццё ў вёсцы, асабліва лю­дзям сталага веку. Гаспадары адказалі, што, магчыма, і яны прымуць станоўчае рашэнне, калі пры падключэнні будуць нейкія льготы для пенсіянераў.

Акрамя гэтага, Надзея Маі­сееўна ў размове адзначала, што ў Дрочаве былі праблемы з водаправодам. Зараз і напор вады нядрэнны, і якасць яе палепшылася. “Дзякуй мясцовай уладзе, аўтобусы дадатковыя “Маларыта – Арэхава” сталі да нас хадзіць, можна ў райцэнтр дабрацца”, – дадала жанчына.

Усё працоўнае жыццё жыхаркі Дрочава Алены Луцык таксама прайшло ў калгасе: 13 гадоў даіла кароў, шчыравала на палях, вырошчваючы лён, буракі, іншыя культуры. Разам з мужам, Васілём Яфімавічам, выгадавала Алена Рыгораўна траіх сыноў. Усе яны засталіся працаваць у родным сельгаспрадпрыемстве. Яўген і Аляксандр жывуць ра­зам з маці, Леанід – ва ўласным доме ў Дрочаве. І хаця жанчына не трымае зараз такую вялікую гаспадарку, як у маладосці, усё ж мае намер купіць па вясне парасят, курачак гадуе.

“Цяпер добра жыць, – гаворыць Алена Рыгораўна. – Пенсію паштальён своечасова прынясе, у краме можна купіць, што хочаш, а чаго няма, заўсёды можна заказаць”.

Дарэчы, многія жыхары Дрочава як станоўчае адзначалі тое, што ў іх вёсцы ёсць свой стацыянарны магазін. Яго мы і наведалі ў завяршэнне нашага падарожжа па вёсцы. Адразу скажу: знадворку гэтай невялікай гандлёвай кропцы райспажыўтаварыства не пашкодзіў бы рамонт.  А вось унутры ўсё акуратна і чыста, добрая выкладка тавару на паліцах, напаленая печка стварае даволі камфортныя ўмовы для пакупнікоў. Абслугоўвае іх мясцовы прадавец Валянціна Сверба, якая ў сферы гандлю шчыруе на працягу ўсяго жыцця, а магазінам у Дрочаве загадвае ўжо больш за дзесяць гадоў.

Вясковыя жанчыны, наведаўшы краму, не маглі не скарыстацца магчымасцю  пагаварыць пра жыццё-быццё са старшынёй Арэхаўскага сельвыканкама Святланай Вітаноўскай. Адразу некалькі чалавек звярнуліся з просьбай пасадзейнічаць у паляпшэнні якасці гравійнай дарогі, што вядзе да вёскі. У тым, што яе неабходна грэйдзіраваць, пераканаліся і мы. Усяму віной частыя дажджы. Святлана Ва­сільеўна паабяцала узяць праблему на кантроль і абавязкова патэлефанаваць у ДРБУ-179  з просьбай аб паляпшэнні стану дарогі. Акрамя гэтага, старшыня сельсавета і яе землякі жывуць надзеяй, што ў будучым дарогу да  Дрочава заасфальтуюць. Гэта было б сапраўды дастойнай узнагародай працавітай вёсачцы на паўднёвай ускраіне раёна і яе шчырым, добразычлівым жыхарам.

Галіна Пракапук.

Фота Алега Крэмянеўскага.

Поделиться:
  • 2
  • 20
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий