З нагоды прафесінага свята пагутарылі з лейтэнантам міліцыі Марынай Ярмашук

Для лейтэнанта міліцыі Марыны Ярмашук міліцэйская служба – прафесія спадчынная. Яна працягвае справу свайго таты – міліцыянера-вадзіцеля Маларыцкага аддзялення Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь Руслана Ярмашука. Марына – інспектар дарожна-патрульнай службы аддзялення ДАІ міліцыі грамадскай бяспекі аддзялення ўнутраных спраў Маларыцкага райвыканкама.

Марына Ярмашук адзначае, што служба ў міліцыі складаная. Аднак цяжкасці яе не пужаюць. Наадварот, яны загартоўваюць характар, даюць сілы для руху наперад.

Стаць міліцыянерам Марына Русланаўна хацела з дзяцінства. Яна марыла дапамагаць людзям, змагацца з негатывам і злом, якія перашкаджаюць жыць добрасумленым і законапаслухмяным грамадзянам. Са слоў бацькі ведала, што служба ў міліцыі рознабаковая, прадугледжвае ўзаемадзеянне з вялікай колькасцю людзей. Прываблівала і магчымасць атрымліваць новыя веды, развівацца, перспектыва кар’ернага росту. У дзявятым класе ўжо была ўпэўнена, што абавязкова звяжа сваё жыццё са службай у міліцыі. Праўда, спачатку вырашыла набыць адукацыю юрыста ў Брэсцкім філіяле прыватнай установы адукацыі “Каледж бізнесу і права”.  Калі ў Маларыцкім РАУС з’явілася вакансія, пайшла туды працаўладкоўвацца. Спачатку Марына стала курсантам аддзялення першапачатковай падрыхтоўкі Вучэбнага цэнтра павышэння кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў  МУС Рэспублікі Беларусь. А ў маі 2022 года нарэшце збылася яе мара насіць міліцэйскую форму і пагоны! Першая яе пасада – інспектар крымінальна-выканаўчай інспекцыі грамадскай бяспекі РАУС Маларыцкага райвыканкама. З кастрычніка мінулага года Марына Русланаўна – інспектар ДПС аддзялення ДАІ. Наступная прыступка, якую хоча адолець Марына Ярмашук, – атрымаць вышэйшую адукацыю па спецыяльнасці “Юрыспрудэнцыя”. Цяпер яна рыхтуецца да ажыццяўлення задуманага.

– Марына Русланаўна, як рэагуюць вадзіцелі-мужчыны, калі вы іх спыняеце для праверкі дакументаў?

– Пасля таго, як прадстаўлюся, звычайна ўсміхаюцца і працягваюць неабходныя дакументы. Часта ў свой адрас чую кампліменты. Ёсць і такая катэгорыя людзей, якія, бачачы, што да іх ідзе дзяўчына-інспектар, стараюцца выкликаць пачуццё жалю. Як і любы іншы чалавек, магу зразумець сітуацыю. Аднак калі вадзіцелі дапусцілі нейкія парушэнні ў правілах руху, то скідак з майго боку няма. Дарожную бяспеку павінен захоўваць кожны ўдзельнік руху. Законы для ўсіх аднолькавыя. На службе не павінна быць месца эмоцыям: цвёрдасць, рашучасць, разважлівасць, дасведчанасць, юрыдычная падкаванасць – аснова ў нашай службе.

У мужчынскі калектыў ДАІ Марына Ярмашук улілася хутка і лёгка. Цяпер  яна адчувае максімальную абарону, падтрымку і клопат калег, асабліва – з боку начальніка аддзялення ДАІ  РАУС Маларыцкага райвыканкама Аляксандра Ласковіча.

Марына Ярмашук імкнецца працаваць так, каб ні ў каго не ўзнікала ніякіх сумненняў: інспектарам ДАІ можа быць не толькі мужчына, але і жанчына.

Мікалай  НАВУМЧЫК.

Фота аўтара.

 

Поделиться:
  •  
  • 15
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий