У раённай бібліятэцы дзейнічае выстава «Канстытуцыя. Чалавек. Грамадства»
15 сакавіка – Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь
Фундамент нашага жыцця
Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь – Асноўны Закон краіны, які мае вышэйшую юрыдычную сілу і замацоўвае асноўныя прынцыпы і нормы прававога рэгулявання важнейшых грамадскіх адносін. Канстытуцыя вызначае дзяржаўны лад, устанаўлівае прынцыпы выбарчай сістэмы, рэгулюе ўтварэнне органаў улады, замацоўвае правы і абавязкі грамадзян.
Канстытуцыя Беларусі была прынята 15 сакавіка 1994 года Вярхоўным Саветам Рэспублікі Беларусь. У 1996 годзе на рэспубліканскім рэферэндуме Канстытуцыя была выкладзена ў новай рэдакцыі. Былі пераразмеркаваны паўнамоцтвы паміж Прэзідэнтам, парламентам і Урадам, пашыраны некаторыя правы і свабоды.
Наступны рэспубліканскі рэферэндум адбыўся 17 кастрычніка 2004 года. Яго вынікам з’явілася выключэнне з часткі першай артыкула 81 Канстытуцыі нормы аб заняцці адной і той жа асобай пасады Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь не больш за два тэрміны.
27 лютага 2022 года адбыўся чарговы рэспубліканскі рэферэндум па пытанні ўнясення змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь. На абмеркаванне быў вынесены абноўлены варыянт Асноўнага закона краіны. У выніку адкарэкціраваны прэамбула і 85 артыкулаў, з’явілася 11 новых артыкулаў, выключаны два артыкулы. Таксама Асноўны Закон дапоўнены новай главой «Усебеларускі народны сход».
Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь з’яўляецца надзейным арыенцірам дзяржаўнай палітыкі, яна гарантуе грамадзянам краіны свабоды і правы, неабходныя для стваральнай і плённай працы, стварэння належных умоў для годнага жыцця, развіцця здольнасцяў і талентаў людзей, права на выбар прафесіі і атрыманне адукацыі, на працаўладкаванне, ахову здароўя, клопат аб маці і дзецях, матэрыяльнае забеспячэнне ў старасці і іншыя сацыяльныя выгоды.
Дзень Канстытуцыі – гэта не проста афіцыйнае свята, але і памятны дзень прыняцця дакумента, дзякуючы якому сёння мы з гонарам называем сябе беларусамі, можам удзельнічаць ва ўсіх палітычных, эканамічных, сацыяльных працэсах, што адбываюцца ў нашай краіне.
У раённай бібліятэцы дзейнічае выстава «Канстытуцыя. Чалавек. Грамадства». Наведаўшы яе, можна больш падрабязна пазнаёміцца з гісторыяй Асноўнага Закона краіны.
Мікалай НАВУМЧЫК.

