У райцэнтры гуляла Масленіца!

  У мінулую суботу, 16 сакавіка, маларытчане ў гарадскім парку адзначалі традыцыйнае народнае свята Масленіцу. Нашы продкі лічылі, што ў гэты дзень адбываецца развітанне з зімой і сустрэча вясны, якая нясе ажыўленне прыроды і сонечнае цяпло.
  Жыхароў і гасцей горада парадавалі тэматычныя пляцоўкі цэнтральнай раённай аптэкі №14, раённага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, пагранічнай камендатуры “Маларыта” (тут можна было пачаставацца гарачым чаем і салдацкай кашай), а таксама Маларыцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа, Маларыцкага аддзялення Дэпартамента аховы. У імправізаваным горадзе майстроў “Умелая Масленіца”, які разгарнуў раённы цэнтр народнай творчасці і школа народнай творчасці Хаціслаўскага СДК (гурткі “Чаўнок” і “Традыцыя”), можна было паглядзець работы народных умельцаў. Тут жа працавалі гандлёвыя рады, для дзяцей – атракцыёны.


  Бліны – галоўны пачастунак на Масленіцу, бо яны вельмі падобныя на сонейка, якому людзі вельмі рады пасля доўгай зімы. На свяце, дарэчы, можна было пачаставацца блінамі, гарачым чаем, іншымі прысмакамі, якімі гандлявалі ў палатцы Маларыцкага райспажыўтаварыства. Блінамі таксама частавалі гасцей свята і ўстановы культуры.
  У рамках народнага свята “Масленіца” прайшлі культурныя і спартыўныя мерапрыемствы. Падчас канцэртнай праграмы “Як на масленічным тыдні…” сваёй творчасцю парадавалі народны ансамбль народнай песні “Рыцкі куфэрак” (ГДК, кіраўнік Алёна Свішчова), народны ансамбль народнай песні і музыкі “Хаціславяне” (Хаціслаўскі СДК, кіраўнік Вячаслаў Краўчук), фальклорны гурт “Талакуха” (Дарапеевіцкі Дом фальклору, кіраўнік Ларыса Гузюк), вакальны ансамбль “Рытчанка” (кіраўнік Таццяна Рубель, Вялікарыцкі СДК). Песні і танцы, смех і гоман, здаецца, не заціхалі ні на хвіліну. Не абышлося на свяце і без вясновых карагодаў.


  Падчас “Масленіцы” ў гарадскім парку таксама прайшло культурна-спартыўнае мерапрыемства “Провады зімы”, конкурсна-забаўляльная праграма “Масленічныя забавы”. Кульмінацыяй свята, яго заключным акордам стала спальванне пудзіла Масленіцы, як сімвала знішчэння ўсяго старога і вызвалення месца для маладога, новага, лепшага.
Масленіца ў Маларыце прайшла весела, каларытна, ярка, святочна і смачна!

Мікалай НАВУМЧЫК.
Фота аўтара.

Поделиться:
  •  
  • 15
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий