Хто стаў пераможцам раённага фестывалю вучнёўскіх тэатральных калектываў “Асарці” ў гэтым годзе?

На базе раённай гімназіі прайшоў раённы фестываль вучнёўскіх тэатральных калектываў “Асарці”. У ім сваё майстэрства дэманстравалі юныя артысты з шасці ўстаноў адукацыі Маларытчыны. Сёлета тэатралізаваныя пастаноўкі былі прадстаўлены на англійскай і нямецкай мовах.

Фестываль з’яўляецца адной з форм пазакласнай работы, якая садзейнічае развіццю творчага патэнцыялу, камунікатыўных навыкаў школьнікаў, падтрымцы іх інтарэсу да замежнай мовы, павышэнню ўзроўню практычных навыкаў гаварэння, выхаванню паважлівага стаўлення да ўласнай культуры і прадстаўнікоў іншых культур, развіццю творчых здольнасцей, эстэтычнага густу, уяўлення, памяці і ўвагі.

   Пры вызначэнні лепшых тэатральных пастановак самадзейных артыстаў журы ўлічвала мастацкую каштоўнасць твора, правільнасць вымаўлення, узровень валодання замежнай мовай, яе выразнасць, адпаведнасць задумы твора яго сцэнічнаму ўвасабленню. Таксама ўлічваўся культуралагічны аспект выступлення: сцэнічны выгляд, перадача літаратурнага вобразу твора.

Пераможцамі фестывалю “Асарці” ў гэтым годзе сталі юныя тэатралы з СШ №1. На суд журы яны вынеслі пастаноўку “Кот, які гуляў сам па сабе” (кіраўнік – настаўнік англійскай мовы Аксана Ярмалюк). Другое месца занялі самадзейныя артысты з Макранскай СШ з пастаноўкай на англійскай мове “Высокі візіт” (кіраўнік – настаўнік Сяргей Чыкіта), трэцяе – з Олтушскай СШ з пастаноўкай на нямецкай мове “Іван-дурань” (кіраўнік – настаўнік  Ларыса Андрайчук).

Хутка тэатральны калектыў СШ №1 будзе прадстаўляць Маларытчыну на аналагічным абласным творчым спаборніцтве.

Мікалай НАВУМЧЫК.

Фота аўтара.

Поделиться:
  •  
  • 2
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий