Стартаваў чэмпіянат Рэспублікі Беларусь па футболе сярод мужчынскіх аматарскіх каманд Другой лігі
На мінулых выхадных стартаваў чэмпіянат Рэспублікі Беларусь па футболе сярод мужчынскіх аматарскіх каманд Другой лігі. У абласным этапе іграе і каманда ФК “РФСК-Маларыта”.
Па словах кіраўніка каманда Аляксандра Хамічука, на групавым этапе каманды сыграюць у два кругі кожны з кожным (дома і ў гасцях). Па выніках групавога этапу каманды, якія занялі першае і другое месца ў падгрупах сыграюць па дзве гульні (дома і ў гасцях) у паўфінале. Далей пераможцы паўфіналаў выйдуць у фінал, дзе таксама сыграюць па дзве гульні (дома і ў гасцях). Таксама дзве каманды, якія сыграюць у фінале, прымуць удзел у рэспубліканскім этапе Другой лігі.
У нядзелю, 28 красавіка, матчам на футбольным полі гарадскога парку (вул. Паўднёвая, 15) на Маларытчыне пачаўся чарговы футбольны сезон. На пачатку спаборніцтва аматараў спорту вітаў намеснік старшыні райвыканама Станіслаў Ляшчук. Ён пажадаў камандам прыгожай гульні і поспеху.
Пасля пачалася гульня. Сапернікам маларытчан стала каманда ФК “Камунальнік” (г. Белаазёрск, Бярозаўскі раён). Стартавы матч, як адзначылі балельшчыкі, атрымаўся напружаным, захапляльным і відовішчным. На жаль, ён закончыўся з лікам 1:7 на карысць футбалістаў з Белаазёрска.
Мікалай НАВУМЧЫК.
Фота аўтара.