Смаленскі мужык

Колішні старшыня калгаса “Запаветы Леніна” Леанід Ляонаў нарадзіўся і вырас у смаленскай вёсцы Лучонкі Расійскай Федэрацыі, а прызнанне і высокія дзяржаўныя ўзнагароды – ордэны Леніна, Кастрычніцкай Рэвалюцыі і “Знак Пашаны” – атрымаў на Маларытчыне. Тут жа за працу на зямлі ўдастоены звання «Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі». А напярэдадні 75-годдзя раёна Леаніду Іванавічу прысвоена званне «Ганаровы грамадзянін Маларыцкага раёна» – за значны асабісты ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё рэгіёна.
Я памятаю зорны час калгаса “Запаветы Ле­ніна”. У 70-80-я га­ды мінулага стагоддзя пра дасягненні гэтай гас­па­даркі гаварылі не толькі ў раёне, але і далё­ка за яго межамі. І не было, бадай, ніводнай рэс­пуб­ліканскай газеты, ужо не гавару пра раённую і абласную, якая не пісала б тады пра рэкордныя ўраджаі і надоі перадавога на Маларытчыне калгаса. Ды што рэспубліканскія! Артыкулы пра дасяг­ненні гаспадаркі і яе працаўнікоў, а яшчэ пра цэнтральную сядзібу – вёску Хаціслаў, якая ўжо тады ўяўляла сабой сапраўдны аграгарадок, выходзілі і ў саюзных друкаваных выданнях.
А пісаць і сапраўды было пра што. Узяць той жа брыгадны падрад. Укараненне ў другой палове 80-х гадоў мінулага стагоддзя гэтай прагрэсіўнай формы арганізацыі і аплаты працы давала ашаламляльныя вынікі. На падрадзе ў “Запаветах Леніна” тады працавалі ўсе вытворчыя падраздзяленні. Тагачасны галоўны эканаміст гаспадаркі Анатоль Да­выдовіч адзначае, што ўкараненне брыгаднага падраду, згодна з якім аплата вызначалася па канчатковым выніку работы падраздзялення, прыносіла добрыя дывідэнды і калгасу, і калгаснікам. Так, валавая вытворчасць малака з 4649 тон у 1986 годзе з укараненнем брыгаднага падраду на фермах вырасла да 5985 тон у 1990 годзе. Не адставалі ад жывёлаводаў і работнікі раслінаводчай галіны. Прадуктыўнасць зямельных угоддзяў пры новай форме арганізацыі і аплаты працы ў брыгадах і ўкараненні новых тэхналогій апрацоўкі глебы вырасла з 39 да 56 цэнтнераў кармавых адзінак з гектара. З году ў год павялічваўся прыбытак гаспадаркі. У 1990 годзе ён склаў 2,5 мільёна савецкіх рублёў. Рос і дабрабыт вяскоўцаў, зарплата якіх па цяперашніх мерках дасягала 600 і больш долараў. А за даплаты многія калгаснікі будавалі ўласныя да­мы…
Тады ж у раёне пачалі гаварыць, што, маўляў, за такія дасягненні кі­раўніку гаспадаркі “Запаветы Леніна” Леаніду Ляонаву “свеціць” Залатая Зорка Героя Сацыя­лістычнай Працы. А ча­му б і не? У іншых рэгіё­нах вобласці практычна паўсюль ёсць па адным, а то і па два ўладальнікі гэтай высокай узнагароды, і толькі на Маларытчыне – ніводнага. Хоць вытворчыя паказчыкі ў тых жа “Запаветах Леніна” былі не горшыя. Размовы пра магчымае прысуджэнне Леаніду Ляонаву высокага звання то сціхалі, то з’яўляліся зноў, калі працаўнікі гаспадаркі ў чарговы раз выходзілі на рэкордныя паказчыкі ў раслінаводстве ці жы­вёлагадоўлі. А потым пачалася перабудова, пасля якой ужо было не да ўзнагарод…
На жаль, падчас рос­квіту і славы калгаса “Запаветы Леніна” мне не давялося сустрэцца з кіраўніком гэтай гаспадаркі. Прывілея на інтэрв’ю са знакамітымі людзьмі тады аддавалася больш масцітым і вопытным журналістам “раёнкі”. Я ж тады ра­біла першыя крокі на творчай ніве і толькі марыла, што калі-небудзь абавязкова напішу пра вядомага ў раёне старшыню. А далей прыйшлі крутыя дзевяностыя, жыццё, як кажуць, за­круціла-завяло. На доўгія 23 гады я практычна была адарвана ад рэалій раённага жыцця, хоць ад калег і сяброў ведала пра асноўныя падзеі, што адбываліся на Маларытчыне ў гэты перыяд. Некаторыя з іх радавалі, іншыя – засмучалі. Засмуціла і навіна пра тое, што ў калгасе “Запаветы Леніна” ў 2001 годзе з’явіў­ся новы кіраўнік, бо калі працавала ў іншых выданнях Берасцейшчыны, мяне ўсё ж не пакідала думка напісаць пра Леаніда Іванавіча, які так і не стаў Героем Сацыялістычнай Працы. Тым больш, што і калегі-журналісты, якім ў свой час даводзілася бываць у некалі перадавой гаспадарцы, пытаннем: “Як там Ляонаў пажывае?”, неаднойчы напаміналі пра даўнюю мару. Што ж, вырашыла тады, значыць – не лёс.
Аднак апошні, як вядома, часам гуляе не па правілах. І мая сустрэча з Леанідам Ляонавым усё ж адбылася. Напярэдадні святкавання 75-годдзя вобласці. Магчыма таму, што колішні старшыня калгаса “Запаветы Леніна” Маларыцкага раёна мае да гэтай даты самае непасрэднае дачыненне, бо без малога паўвеку працаваў дзеля яе станаўлення і росквіту. А можа, проста так склалася.
…Леанід Іванавіч з разуменнем аднёсся да маёй просьбы аб сустрэчы. А калі я патлумачыла яе мэту, пагадзіўся распавесці пра свае карані, успомніць гады маладыя, работу ў калгасе “Запаветы Лені­на”, яго станаўленне і зорны час, а яшчэ па­дзяліцца думкамі наконт будучага вёскі і сельгасвытворчасці ў прыватнасці. І калі мы пад’ехалі да дома №5 па вуліцы Гагарына ў Хаціславе, гаспадар выйшаў, каб сустрэць нас. Запрасіў у хату, у якой, адразу ж адзначыла для сябе, парадак і сціплая абстаноўка, прапанаваў каву.
«Пастарэў», – адзначаю пра сябе, праходзячы на кухню. І тут жа ўдакладняю, што не настолькі, каб у пажылым, убеленым сівізной мужчыне (19 снежня Леаніду Іванавічу споў­нілася 84 гады) цяжка было пазнаць некалі зна­камітага на Маларытчыне старшыню. Усмешка і погляд тыя ж, што і шмат гадоў таму. І толь­кі шэра-блакітныя вочы ўжо не такія ясныя, як раней…
Нарадзіўся Леанід Ляо­наў у вёсцы Лучонкі Смаленскай вобласці Расійскай Федэрацыі ў звычайнай сялянскай сям’і. Тут жа закончыў мясцовую сямігодку: 3 класы да вайны, астатнія – пасля вызвалення краі­ны ад фашысцкіх акупантаў. Тады ж перад юнаком узнікла пытанне, куды пайсці вучыцца. Бліжэйшым горадам да іх вёскі быў беларускі Віцебск. Калі даведаўся, што там ёсць сельскагаспадарчы тэхнікум, разам з усім класам туды і накіраваўся. З 12 выпускнікоў у навучальную ўстанову паступілі толькі трое. У ліку шчас­ліў­чыкаў аказаўся і Леанід Ляонаў, жыццё якога з 1950 года, тады ён закончыў тэхнікум і атрымаў размеркаванне ў Брэсцкую вобласць, непарыўна звязана з Маларытчынай.
Першым месцам работы маладога спецыяліста стала ўпраўленне сельскай гаспадаркі. Тут на пасадзе агранома ён адпрацаваў паўтара года, пасля нейкі час быў памочнікам начальніка сельгасаддзела пры МТС. У гэты перыяд у працоўнай біяграфіі маладога чалавека быў момант, калі яго жыццё магло крута змяніцца.
Аднойчы Леаніда Ляо­­нава выклікалі ў абласное ўпраўленне сельскай гаспадаркі і прапанавалі паехаць вучыцца ў Ціміразеўскую сельгасакадэмію ў Маскву. Вядома ж, ён пагадзіўся і нават чамадан ужо сабраў. Ды ўсё атрымалася інакш, бо ў Маларыцкім райкаме партыі на спецыя­ліста разлічвалі. Накіраванне на вучобу, якое Леанід Ляо­наў атрымаў у абласным упраўленні сельскай гаспадаркі, у райкаме парвалі і растлумачылі, што хочуць адправіць яго ў Хаціслаў старшынёй калгаса. Ён, вядома ж, мог не пагадзіцца з такім рашэннем, але не зрабіў гэтага. І тым не менш, жыццё яго крута змянілася. Мабыць, нават больш крута, чым магло змя­ніцца ад паступлення ў «ціміразеўку».
Сход, на якім яго выбіралі старшынёй, запомніў на ўсё жыццё. І не толькі таму, што ён быў бурным і галасаванне праходзіла цяжка. Надта ж малады быў кандыдат. Невысокі, хударлявы, 23-гадовы Леанід Ляонаў больш падобны на хлапчука. Хіба ён пацягне гаспадарку? А яшчэ вельмі не спадабалася кандыдату тое, як вяскоўцы ацэньвалі яго папярэдніка. Успомніў свой калгас на Смаленшчыне. Там, дзе працавалі яго бацькі, да старшыні адносіліся з павагай. А тут…
– Калі параўноўваць, то гэта – неба і зямля, – успамінаў Леанід Іванавіч той незабыўны для яго час.
І зусім сумна маладому старшыні (яго ўсё ж абралі кіраўніком) стала пасля знаёмства з гаспадаркай, якая налічвала на той час некалькі коней, ды столькі ж галоў буйной рагатай жывёлы, якія ўтрымліваліся на падворках калгаснікаў. Паўсюль – пяскі і балоты, дарогі да Хаціслава з райцэнтра не было, таму дабіраліся ў вёску ляснымі сцяжынамі, нібыта партызаны. А самае галоўнае, і гэта вельмі непакоіла кіраў­ніка гаспадаркі, у лю­дзей не было веры ў тое, што калгасы наогул будуць існаваць.
У дадатак да ўсяго, першыя старшынёўскія гады Леаніда Ляонава выдаліся неўраджайныя. Сітуацыя ў калгасе, прызнаецца сёння яго колішні кіраўнік, была ахавая, бо не было чым карміць грамадскую жывёлу, а самае галоўнае – не было чым разлічыцца з калгаснікамі за працадні. І людзі пачалі разбягацца. Спрыяла гэтаму і блізкасць чыгункі, дзякуючы якой яны маглі беспраблемна дабрацца на работу ў Брэст і Маларыту.
Давялося старшыні, як гавораць, ісці ў народ, угаворваць і ўпэўніваць калгаснікаў застацца. Ды толькі нічога гэта не дало: людзі ўсё роўна звальняліся. Асаб­­­ліва цяжка было з жывёлаводамі. За дапамогай у вырашэнні кадравай праблемы Леанід Ляонаў вырашыў звярнуцца да старшыні суседняга ўкраінскага калгаса, з якім у яго склаліся добрыя стасун­кі. Атрымалася. Праз некаторы час пасля сходу, на якім ён прапа­наваў моладзі работу ў “Запаветах Леніна” і жыллё ў інтэрнаце, пад які планаваў пераабсталяваць будынак новай канторы, у гаспадарку з украінскага Тура прыехала каля 40 дзяўчат. Як і абяцаў, старшыня пасяліў іх у інтэрнаце і забяспечыў работай. Пад кантору купілі вясковы дом. Адначасова з гэтым у калгасе будавалі драўляны клуб: трэба ж было недзе моладзі збірацца. А ў хуткім часе ўкраінскія дзяўчаты стварылі сем’і з мясцовымі хлопцамі, у вёску сталі вяртацца і многія з тых, хто працаваў у горадзе. Так была вырашана кадравая праблема. І работа паступова стала наладж­вацца.
Пазней у калгасе было створана лясніцтва: для таго, каб залясіць пяскі, ад якіх не было жыцця, а таксама самавольныя вырубкі. Леанід Іванавіч не без гордасці гаворыць пра тое, што ўвесь лес вакол Хаціслава, на які зараз люба-дорага паглядзець, пасаджаны калгаснікамі. Што тычыцца балотаў, дык асушаць іх у “Запаветах Леніна” таксама пачалі намнога раней, чым сюды прыйшла афіцыйная меліярацыя. Каналы капалі ўручную. Ураджаяў вялікіх на асушаных такім чынам землях, вядома ж, не атрымлівалі, затое на іх добра расла трава, якая неабходна была для калгаснай жывёлы. Калі ж справы пайшлі, дык і адносіны людзей да работы змяніліся.
Намнога прасцей Леа­ніду Ляонаву стала працаваць, калі ў гаспадарку прыйшлі маладыя спецыялісты. Сцяпан Паўчалюк, Уладзімір Кашко, Лявонцій Смаль, Мікалай Герасімук, Іван Ківачук, Пётр Яцура сталі дружнай камандай аднадумцаў. Маладыя, энергічныя, аду­каваныя. Старшыня заў­сёды падтрымліваў іх ініцыятыўныя пачы­нанні, калі бачыў, што яны дадуць аддачу. Так, па ініцыятыве галоўнага інжынера Уладзіміра Кашко для апрацоўкі глебы ў гаспадарцы пачалі выкарыстоўваць счэпку пасяўных агрэгатаў, што дазволіла павысіць прадукцыйнасць працы. Цяпер адным трактарам выконваўся двайны аб’ём работ. Ну, а дзякуючы галоўнаму аграному Сцяпану Паўча­люку, які шмат зрабіў для перазалужэння зем­ляў, займаўся насенняводствам і севазваротам плошчаў, землі, на якіх была праведзена меліярацыя, сталі радаваць багатымі ўраджаямі зерневых і кармавых культур, бульбы. Ра­зам з дасягненнямі ў хаціс­­лаўцаў з’явіліся і першыя дзяржаўныя ўзнагароды. Акрамя самога старшыні, які пэўны час быў яшчэ і дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР, ардэнаносцамі сталі і галоўныя спецыялісты гаспадаркі. Што тычыцца Івана Ківачука і Пятра Яцуры, то яны, прайшоўшы школу Ляонава, у хуткім часе самі сталі кіраўнікамі калгасаў. І трэба сказаць, нядрэннымі. Так, калгас “Запаветы Леніна” стаў яшчэ і кузняй кадраў для сельгаспрадпрыемстваў.
Што яшчэ запомні­ла­ся з таго часу? Электрыфі­кацыя калгаса, пракладка водаправода, будаўніцтва сучаснага Дома культуры, гандлёвага цэнтра, амбулаторыі, дзіцячага сада, стадыёна, жылля, гравійных дарог, якія звязалі цэнтральную сядзібу з вёскамі Сушытніца і Отчын. Усё гэта было зроблена за калгасныя сродкі. І будаўніцтва школы гаспадарка часткова фінансавала.
Дарэчы, з дарогамі ў Леаніда Іванавіча звязаны ўспаміны і пра Пятра Машэрава, які тады працаваў першым сакратаром абкама. У хуткім часе пасля выбрання яго старшынёй калгаса ў Хаціслаў наведаўся Пётр Міронавіч. Пацікавіўся ў Леаніда Ляонава, як работа ідзе? І прапанаваў яму праехаць па гаспадарцы.
– Даехалі толькі да Мельнікаў, – успамінаючы той прыезд Машэрава ў калгас, гаварыў Леанід Іванавіч. – Далей машына не пайшла. Па вёсцы давялося пешшу ісці. Тады ж Пётр Міронавіч паабяцаў, што ў хуткім часе абавязкова яшчэ прыедзе…
І Пётр Міронавіч не забыў пра сваё абяцанне. Прыехаў, але калі ўжо знаходзіўся на пасадзе першага сакратара ЦК КПБ. І быў прыемна здзіўлены тымі змяненнямі, якія адбыліся ў гаспадарцы: як у вытворчай сферы, так і ў сацыяльнай. Асабліва падзякаваў за дарогі, па якіх ужо без праблем можна было праехаць у любы населены пункт сельсавета. І хто ведае, калі б не страшная трагедыя, якая здарылася з Пятром Машэравым, магчыма, Зорка Героя Сацыялістычнай Працы ўсё ж заззяла б на гру­дзях Леаніда Ляонава. Ды, як зноў жа гавораць, відаць, не лёс.
Чаму вырашыў пакі­нуць пасаду старшыні, калі, як гавораць, мог бы яшчэ працаваць?
– Я адчуваў, што кіраў­нікам майго ўзросту не давяраюць так, як раней, таму ў 2001 годзе вырашыў пайсці на адпачынак. Ды і працаваць у той час было цяжка, – тлумачыў Леанід Іванавіч сваё рашэнне. – Я не ведаю, што пра гэта думаюць іншыя, але сумлення свайго я не запэцкаў. Як і мае бацькі, Таццяна Ільінічна і Іван Ануфрыевіч, якія для мяне ва ўсім былі прыкладам, жыў і працаваў па сумленні. У сваім жыцці што мог, зрабіў. І што б там ні гаварылі, а калгас і населеныя пункты сельсавета ў той час жылі і развіваліся не без удзелу старшыні. Шкада толькі, што моладзі ў вёсцы з кожным годам становіцца менш, з’яўляюцца пустуючыя дамы…
А ў астатнім, у Леаніда Ляонава ўсё, як у лю­дзей. Сям’я. Усе гэтыя гады побач з ім жонка Усціння Фёдараўна. Разам выгадавалі траіх дзяцей. Усе яны: і Таццяна, і Леанід, і Вадзім – годныя сваіх бацькоў. Мае ўнукаў і праўнукаў. І дом пабудаваў сам, хоць мог і за калгасны кошт: “Каб людзі не думалі, што працую на сябе…”
Надзея ЯЦУРА.
НА ЗДЫМКУ: Леанід ЛЯОНАЎ.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в “ГЧ” 14.01.2015 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий