З Барысава – на Урал

У верасні мінулага года футбольны клуб “Урал” узначаліў наш зямляк Вадзім Скрыпчанка. Пад яго кіраўніцтвам екацерынбургская каманда паказвае вельмі добрую гульню і ўтрымліваецца ў верхніх радках табліцы, пра што раней уральскім балельшчыкам даводзілася толькі марыць. Што думае сам Вадзім Скрыпчанка пра Урал, футбол, работу трэнера? Пра гэтае і іншае чытайце ў інтэрв’ю, якое ён даў карэспандэнту газеты “Уральскі рабочы”.

– Вадзім Віктаравіч, калі Вы пачалі захапляцца футболам і калі прынялі рашэнне стаць прафесійным спарт­сменам?
– Футбол я люблю з дзяцінства, як і ўсе малыя, хто з задавальненнем гуляў у футбол у двары. Сур’ёзна пачаў займацца футболам у 14 гадоў. Спачатку трэніраваўся ў спартыўнай дзіцяча-юнацкай школе алімпійскага рэзерву № 5 у г. Брэсце, а праз год мяне запрасілі ў Рэспубліканскае вучылішча алімпійскага рэзерву ў Мінску. Адтуль пачаўся мой шлях у прафесійны футбол.
Прафесійную кар’еру Вадзім Скрыпчанка пачынаў у Мінскім “Дынама-93” (цяпер гэтай каманды няма). У складзе названага клуба ён выйграваў медалі чэмпіянату Беларусі (адзін раз – сярэбраныя і двойчы – бронзавыя), а таксама Кубак краіны.
– Чым займаюцца Вашы родныя, дзе яны цяпер жывуць?
– Бацькі, на жаль, у мяне ўжо няма, мама і родная сястра жывуць у Маларыце Брэсцкай вобласці, дзе я нарадзіўся. Маларыта – гэта невялікі правінцыйны гарадок, амаль з 12-цю тысячамі насельніцтва. Мама 30 гадоў выкладала рускую мову і літаратуру ў прафесійна-тэхнічным вучылішчы. Цяпер яна на пенсіі. Сястра – па спецыяльнасці дэфектолаг, дапамагае дзецям з парушэннямі мовы аднаўляць яе.
– Атрымліваецца, Вы нарадзіліся і ўсё Ваша дзяцінства прайшло, можна сказаць, на граніцы з Украінай і Польшчай. Як гэта паўплывала на Вас, на лад жыцця Ваш і Вашага акружэння?
– У юнацкія гады мы не задумваліся пра гэта. Беларусь, Украіна і Расія былі адной краінай – СССР. Граніц не было ніякіх. Мы маглі спакойна паехаць на возера Свіцязь, што знаходзіцца на Украіне побач з Шацкам і цудоўна адпачыць. У людзей у маім родным горадзе нават мова мае свой асаблівы дыялект. Іншы раз прыязджаеш на радзіму, чуеш, як некаторыя размаўляюць, і разумееш, што ў іх лексіконе і беларускія словы, і рускія, і ўкраінскія.
– Ці ёсць такія футбалісты, з якіх Вам хацелася б браць прыклад?
– Вядома, у той час, у мае юнацкія гады, кумірам для многіх быў Марадона. Ды і зборная Савецкага Саюза пры Лабаноўскім таксама вельмі добра выступала – і на чэмпіянаце свету ў Мексіцы (1986 г.), і на чэмпіянаце Еўропы (1988 г.), калі нашы заваявалі сярэбраныя медалі. Алег Блахін у той час у Кіеўскім “Дынама” цудоўна гуляў, забіваў шмат галоў. Тады на яго многія раўняліся. Але, калі гаварыць канкрэтна, не магу сказаць, што ў мяне быў кумір.
Удалай гульнёй за “Дынама-93” Вадзім Скрыпчанка звярнуў на сябе ўвагу кіраўніцтва барысаўскага клуба “БАТЭ”. З 1998 па 2005 год (з перапынкамі) ён быў паўабаронцам у гэтай камандзе. У складзе “БАТЭ” двойчы стаў чэмпіёнам Беларусі, двойчы – віцэ-чэмпіёнам.
– Вы шмат гадоў аддалі “БАТЭ”. Клуб прайшоў вялікі шлях ад простай заводскай каманды да каманды, якая атрымала перамогу над “Баварыяй”. З чым звязаны такі вынік? Якія ў Вас наогул успаміны пра “БАТЭ” і Барысаў?
– У гэтую каманду я прыйшоў, калі мне было 23 гады. Можна сказаць, што ўсе галоўныя поспехі звязаны менавіта з гэтым клубам. Вядома, каманда зрабіла значны скачок, дарасла да ўзроўню групы Лігі чэмпіёнаў, дзе вельмі добра выступала. Але, на жаль, “БАТЭ” яшчэ не дарос да таго, каб праходзіць у зоне плей-оф. Праўда, гучныя перамогі над “Баварыяй”, над “Лілем”, вядома, гэта дарагога каштуе.
У першую чаргу ў клубе прафесійна пастаўлена ўся работа. Плюс добры кіраўнік – Анатоль Анатольевіч Капскі, старшыня праўлення клуба. Гэта чалавек, які стаяў ля вытокаў каманды, аднаўляў яе, які на працягу многіх гадоў накіроўвае людзей і пабуджае іх праяўляць свае прафесійныя якасці на 100%. Усе заваяваныя клубам трафеі звязаны з яго імем. Безумоўна, і футбалісты добрыя былі ў свой час і цяпер таксама, і трэнерскія кадры заўсёды былі на высокім узроўні. У комплексе ўсе гэтыя складаемыя і паспрыялі таму, што “БАТЭ” з заводскай каманды дарасла да ўзроўню лігі чэмпіёнаў.
Закончыўшы Рэспубліканскае вучылішча алімпійскага рэзерву, Вадзім Скрыпчанка атрымаў сярэдне-спецыяльную адукацыю і дыплом трэнера па футболу, а ў 1999 годзе ў яго была ўжо вышэйшая адукацыя па той жа спецыяльнасці, якую набыў у Акадэміі фізічнага выхавання і спорту ў Мінску.
– Каго з трэнераў мінулага і цяперашняга Вы маглі б назваць прыкладамі для сябе?
– Я не магу сказаць, што нехта з’яўляецца прыкладам. Трэнерская работа – гэта творчы падыход. Скажу больш – у кожнага трэнера можна нешта пачарпнуць цікавае, незалежна ад яго ўзросту і вопыту.
Восенню 2007 года Вадзім Скрыпчанка завяршыў прафесійную кар’еру іграка.
– Кар’еру іграка вы закончылі вельмі рана – у 32 гады. Чаму не пагулялі яшчэ хоць бы некалькі сезонаў?
– Я вельмі часта адказваў на гэтае пытанне. Справа ў тым, што пасля 30 гадоў любы спартсмен пачынае задумвацца аб тым, ці дазваляюць яму стан здароўя і эмацыянальныя сілы іграць на высокім узроўні. Калі так, дык, вядома ж, і я толькі “за”, але, на жаль, у мяне так склалася, што ў 32 гады я адчуваў сябе не настолькі гатовым да таго, каб гуляць на высокім узроўні. Ды навошта было працягваць прафесійную кар’еру футбаліста, калі мне прапанавалі стаць трэнерам, прычым у сваім клубе “БАТЭ”. Падумаўшы і параіўшыся з сям’ёй, згадзіўся працаваць трэнерам, бо ў цэлым я бачыў менавіта сябе ў гэтай ролі, да гэтага рыхтаваў сябе. Ёсць такое добрае выказванне: “Лепш стаць маладым трэнерам, чым быць узроставым футбалістам”.
У трэнерскім штабе “БАТЭ” Вадзім Скрыпчанка прапрацаваў з 2007 па 2011 год, а затым 2 гады ўзначальваў футбольны клуб “Мінск”. Пад яго кіраўніцтвам клуб выйграў Кубак Беларусі ў 2013 годзе.
– Раскажыце, калі ласка, пра сваю сям’ю.
– Я ажаніўся ў 21 год. Сыну майму цяпер 17 гадоў. Ён заканчвае школу, сёлета будзе паступаць. Жонка Алеся – урач-стаматолаг, закончыла Мінскі медыцынскі інстытут. Малодшы сын, якому 6 гадоў, у верасні пойдзе ў школу.
– Яны жывуць у Беларусі, ці ўжо тут?
– Вядома, яны прыедуць сюды (у Екацерынбург). Але пакуль старэйшы сын не закончыць школу, не здасць экзамены і не паступіць, сям’я будзе жыць у Мінску.
– На Ваш погляд, чаму беларускі футбол цяпер не такі, як быў раней?
– Цяжка так адназначна адказаць на гэтае пытанне. Безумоўна, і цяпер у нас ёсць моцныя футбалісты, якія здольны гуляць на высокім узроўні і абараняць гонар краіны менавіта ў нацыянальнай зборнай. Але, на жаль, мы так і не траплялі яшчэ ў фінальную частку топ-турніраў. Гэта датычыць менавіта нацыянальнай зборнай. Тут бачу шмат прычын: і не самы моцны ўзровень унутранага чэмпіянату, і не так шмат беларускіх футбалістаў сёння едуць у іншыя больш моцныя каманды. Сістэма падрыхтоўкі, дзіцячыя школы, трэнерскія кадры, эканоміка краіны, грошы, якія ўкладваюцца ў футбол, – усё гэта фактары, ад якіх залежыць станаўленне футбалістаў добрага ўзроўню і,зразумела, ад гэтага залежыць і ўзровень унутранага чэмпіянату, і вынік нацыянальнай зборнай. Але самы галоўны паказчык паспяховага развіцця, калі мы гаворым пра футбол, – гэта, вядома ж, нацыянальная зборная.
– А ці не перашкаджае тое, што ў Беларусі, па сутнасці, чэмпіянат аднаго клуба, а астатнія дзеляць толькі другое і трэцяе месцы?
– Ну, “Шахцёр” і “Дынама” на працягу многіх гадоў ужо складаюць канкурэнцыю “БАТЭ”. Ва ўсякім выпадку спрабуюць скласці. Але “БАТЭ” больш чым 10 гадоў чэмпіён, прычым з вялікім адрывам, датэрмінова. Клуб з Барысава можа нейкі промах дапусціць, але, як правіла, гэта будзе нейкі адзінкавы выпадак, а ў цэлым каманда роўна праходзіць па турнірнай дыстанцыі, заваёўвае чэмпіёнскае званне і гуляе на групавых этапах еўрапейскіх кубкаў. Не ведаю, з чым звязаны няўдачы “Дынама” і “Шахцёра”, няхай іх кіраўнікі самі там разбіраюцца, чаго ім не хапае. Хаця кожны год і “Дынама”, і “Шахцёр” заяўляюць пра свае высокія намеры і пра свае магчымасці памерацца сіламі з “БАТЭ” за званне чэмпіёна. Але пакуль…
У 2013 – 2014 гадах Вадзім Скрыпчанка асісціраваў Віктару Ганчарэнку ў Краснадарскай “Кубані”, а летам 2015 года прыйшоў ра­зам з ім ва “Урал”. Пасля таго, як Ганчарэнка ў верасні 2015 года пакінуў каманду, Вадзім Скрыпчанка стаў галоўным трэнерам яе.
– У Вас ужо склаліся нейкія ўражанні пра Екацерынбург, “Урал”, прывыклі да іх?
– Спачатку было, вядома, крыху нязвыкла, бо, заўсёды, калі трапляеш у новае месца, неабходны пэўны час на адаптацыю. Цяпер я магу з упэўненасцю сказаць, што мне вельмі падабаецца Екацерынбург як горад, я ў захапленні ад людзей, якія тут жывуць, мне даспадобы каманда і калектыў, з якім я працую. Словам, з творчага пункту гледжання ў мяне ніякага дыскамфорту няма, з задавальненнем выконваю свае прафесійныя абавязкі, атрымліваю ад гэтага толькі пазітыўныя эмоцыі. А што датычыць не рабочага часу, дык у Екацерынбургу ёсць вельмі шмат месцаў, дзе можна цікава правесці свой вольны час.
– Акрамя Екацерынбурга, Вы бывалі яшчэ дзе-небудзь у Свярдлоўскай вобласці?
– Пакуль не давялося, але я думаю, што гэта яшчэ наперадзе. Ды і ў Екацерынбургу я не наведаў тое, што абавязаны наведаць. Да прыкладу, храм на Крыві, але зноў жа мне хацелася б пабываць там разам з маёй сям’ёй.
– А наогул, які горад для Вас з’яўляецца любімым?
– Думаю, не буду арыгінальным, вядома, заўсёды прыемна вяртацца на радзіму. Мінск – сталіца Беларусі. Гэта горад, дзе я жыву, дзе жыве мая сям’я. Да Мінска я прывык, ён мне шмат даў. Калі прыязджаю сюды, у мяне кожны раз нейкае асаблівае пачуццё. Бо ўсё табе знаёмае і ўсё тваё роднае. З радасцю наведваю і сваю родную Маларыту, Брэст, дзе нарадзіўся, рос і правёў нямала гадоў свайго жыцця. Думаю, кожнаму чалавеку ўласціва настальгія.
Віктар БАБРОЎ, супрацоўнік газеты “Уральскі рабочы” (спецыяльна для “Голасу часу”).
НА ЗДЫМКУ: трэнер каманды “Урал” наш зямляк Вадзім СКРЫПЧАНКА.
Фота аўтара.

Опубликовано Гч № 27 от 13.04.16г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий