Паміж Цянь-ШанЕм і домікам у Высокім…

Маларыцкая зямля – малая радзіма многіх вядомых лю­дзей, якіх ведаюць далёка за межамі нашага раёна: Платон Саевіч, Леанід Тараненка, Мікалай Селяшчук, Марыя Жыгалава – спіс можна працягваць. Адзін з такіх людзей і Мікалай Міхальчук – кандыдат біялагічных навук, дацэнт, дырэктар Палескага аграрна-экалагічнага інстытута Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Мікалай Васільевіч нара­дзіўся ў 1958 годзе ў вёсцы Высокае Лукаўскага сельсавета ў сям’і калгаснікаў. Прырода тут цудоўная: у ваколіцах вёскі лес уперамежку з балотамі і разнастайнай расліннасцю, дзе вадзілася шмат звяроў і птушак. А за некалькі кіламетраў ад вёскі – маляўнічае Лукаўскае возера. Таму, напэўна, хлопца з дзяцінства зацікавіла біялогія, што і вызначыла яго далейшы жыццёвы шлях. Пасля мясцовай васьмігодкі закончыў Пінскае педагагічнае вучылішча. Затым вучыўся ў Брэсцкім педагагічным інстытуце на факультэце прыродазнаўства па спецыяльнасці “Геаграфія і біялогія”, які закончыў з адзнакай. На працу быў накіраваны ў родную школу дырэктарам, адкуль праз год яго прызвалі на службу ў армію. Пасля была вучоба ў аспірантуры пры Беларускім навукова-да­следчым інстытуце бульбаводства і плодаагародніцтва па спе­цыяльнасці “Ахова раслін”, якую закончыў у 1988 годзе і абараніў дысертацыю. Яму была пры­своена вучоная ступень кандыдата біялагічных навук.
У перыяд з 1988 па 2001гг. працаваў у Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя А. С. Пушкіна на пасадах намесніка дэкана, дэкана педагагічнага факультэта, прарэктара па вучэбнай працы і сацыяльна-эканамічных пытаннях. У 2002 – 2004гг. навучаўся ў дактарантуры пры Беларускім дзяржаўным універсітэце па спецыяльнасці “Фізічная геаграфія, біягеаграфія, геаграфія глебаў і геахімія ландшафту”.
З 2005 года і па сённяшні час Мікалай Васільевіч узначальвае Палескі аграэкалагічны інстытут НАН Беларусі. Інстытут праводзіць даследаванні па біясферна-сумяшчальным прыродакарыстанні і ахове навакольнага асяроддзя ў сучасных умовах Палескага рэгіёна, ажыццяўляе маніторынг прыроднага асяроддзя і экалагічнай сітуацыі на меліярацыйна-трансфармаваных і асоба ахоўваемых тэрыторыях беларускага Палесся. Распрацоўвае і рэалізуе рэгіянальныя праекты і праграмы інавацыйнай дзейнасці ў сферы павышэння эфектыўнасці аграрнага сектара эканомікі і аховы навакольнага асяроддзя. Мікалай Васільевіч – аўтар звыш 130 навуковых прац, вучэбна-метадычных і навукова-папулярных публікацый, у тым ліку 5 манаграфій і 4 вучэбных дапаможнікаў.
Ён апантаны чалавек. Накі­рункі навуковых даследаванняў вучонага – біягеаграфія і геахімія ландшафту, ахова біялагічнай разнастайнасці флоры бе­ларускага Палесся, пытанні развіцця асабліва ахоўваемых прыродных тэрыторый і экалагічнай адукацыі. Сярод асноўных работ – “Венерын чаравічак сапраўдны ў Брэсцкім і Прыпяцкім Палессі”, “Брестская область в экологическом и медико-демографическом измерении”, “Жемчужины природы Малоритчины”, манаграфія “Гидрогенно-карбонатные ландшафты Полесья”: генезис, состояние фитобиоты, охрана».
Мікалай Міхальчук – кіраўнік работ па стварэнні дзяржаўных біялагічных заказнікаў рэспуб­ліканскага значэння “Лукава” (Маларыцкі раён), “Тырвовічы” (Пінскі раён), “Буслаўка” (Бярозаўскі і Пружанскі раёны), мясцовага біялагічнага заказніка “Дывін-Вялікі Лес” (Кобрынскі раён), мясцовага батанічнага помніка прыроды “Высокае” (Маларыцкі раён). Ён – аўтар прыродаахоўнай канцэпцыі “Архідны пояс беларускага Палесся”, а таксама кіраўнік чатырох заданняў дзяржаўных праграм навуковых даследаванняў у галіне “Прыродакарыстанне” (2006 – 2010, 2011–2013, 2014–2015гг. і з 2016 г. па сённяшні час). Арганізатар міжнародных навуковых канферэнцый “Прыроднае асяроддзе Палесся: асаблівасці і перспектывы развіцця” (2006, 2008, 2010, 2012, 2014 гг.).
У 2002 годзе Мікалай Ва­сільевіч быў прызнаны “Чалавекам года” Брэсцкай вобласці ў галіне аховы навакольнага ася­роддзя.
Мікалай Міхальчук вядзе актыў­ную грамадскую дзейнасць. Ён – старшыня Брэсцкай грамадскай экалагічнай арганізацыі “Зялёны край”, асноўнымі накірункамі дзейнасці якой з’яўляюцца ахова біяразнастайнасці і экалагічная адукацыя.
17 жніўня 1991 года ў раённай газеце быў апублікаваны змястоўны матэрыял пад назвай “І скажуць дзякуй патомкі”, у якім расказвалася пра даследаванні мясцовых лясоў студэнцкай экспедыцыяй пад кіраўніцтвам Мікалая Міхальчука:
“…І ўспомніўся мне пабачаны ў дзяцінстве малюнак… Маленькая дзяўчынка трымала ў руках кветку незвычайнай прыгажосці. Яе доўгія бардовага колеру пялёсткі былі закручаны ў спіраль. А ў цэнтры – залацісты чаравічак, унутры якога варушыліся і не маглі выкарабкацца на паверхню жучкі…
Месца знаходкі я прыблізна памятаў. І ўсё ж не верылася, што расліна захавалася. Бо столькі вады сплыло (і ў прамым сэнсе таксама – пасля праведзенай асушальнай меліярацыі)”.
Лета ўжо заканчвалася. І надзей на поспех было мала. Якое ж было здзіўленне кіраўніка групы, калі сярод зарасніку ён убачыў знаёмую па апісаннях і малюнках кветку (архідэю “Венерын чаравічак”). Затым былі новыя экспедыцыі і новыя шматлікія знаходкі…
“…У тым, што ёсць самыя важкія прычыны для арганізацыі батанічнага заказніка абласнога, а затым і рэспубліканскага ўзроўню на землях, аб якіх мы вялі гаворку, я не сумняваюся”.
Такое меркаванне Мікалай Ва­сільевіч выказаў у жніўні 1991 года, а ў верасні 1994 года згодна з пастановай Кабінета Міністраў Рэспублікі Беларусь быў створаны дзяржаўны біялагічны заказнік “Лукава”. Папуляцыя архідэі “Венерын чаравічак” у ім – адна з самых буйных на тэрыторыі Беларусі (цяпер у заказніку плошчай 1523 га 9 лакальных папуляцый гэтага віду агульнай колькасцю 1500 – 2000 экзэмпляраў). У заказніку ёсць шмат іншых відаў ахоўваемых, а таксама лекавых раслін.
Трэба сказаць, што доўгі час лічылі, што архідэя “Венерын чаравічак” знаходзіцца на мяжы знікнення. Цяпер на Брэстчыне знойдзена больш за 60 месцаў, дзе яна расце. Гэтыя месцы былі нанесены на карту – так выявіўся вядомы Архідны пояс Палесся.
Вельмі цікавая прыродная мясціна – батанічны помнік пры­роды “Высокае”, які займае плошчу ўсяго 5,61 га, але на ёй прадстаўлены ўчасткі 6 з 12 лясных фармацый, вылучаных на тэрыторыі Беларусі, і расце звыш 200 відаў вышэйшых раслін – гэта прыкладна каля 10% складу флоры Беларусі. Дарэчы, помнік прыроды знаходзіцца на адлегласці ўсяго 1,1 км ад вёскі Высокае.
У Мікалая Васільевіча два за­хапленні – біялогія і беларуская паэзія. Яго, вучонага, кіраўніка сур’ёзнай навуковай установы, можа расчуліць паэтычны радок Яўгеніі Янішчыц ці Ніны Мацяш. Ён захапляецца мовай твораў Рыгора Барадуліна, а вершы Ніла Гілевіча, прысвечаныя памяці жонкі Ніны Іванаўны, лічыць аднымі з найлепшых у шэрагу ўзораў слоўнага мастацтва, прысвечаных жанчыне – спадарожніцы жыцця.
Мікалай Васільевіч – нястомны вандроўнік. “…Давялося вандраваць многа: ад Ісык-Куля і гор Цянь-Шаня на ўсходзе да Біскайскага заліва і раўнін Іспаніі на захадзе, ад Карэліі, Фінляндыі, Даніі на поўначы да вострава Сардзінія на поўдні… Многае ўражвала і захапляла, прымушала запаволіць крок і спыніцца. Але не застацца! Усе дарогі нязменна вялі дадому – на Маларытчыну. І што дзіўна: ты яшчэ ў дарозе – у Брэсце ці Кобрыне, Ратне ці Бяла-Падлясцы, яшчэ дзесьці наперадзе доўгачаканы паказальнік “Маларыцкі раён”, але ўсё ўбача­нае і перажытае адыходзіць на другі план. Наперадзе галоўнае – сустрэча з бацькамі, мілай (не малой) Радзімай, яе лясамі, азёрамі, крыніцамі…”
Вёска Высокае, як і многія іншыя, сірацее. Ужо 15 гадоў, як няма школы, колькасць вясковых жыхароў няўмольна змяншаецца. Мікалай Васільевіч як ураджэнец вёскі лічыць, што ён у адказе за тое, каб яна ніколі не знікла. І гэта па яго ініцыятыве некалькі гадоў таму назад тут быў устаноўлены арыгінальна аздоблены дубовы крыж-абярэг 5 метраў у вышыню. На ім увекавечаны 24 прозвішчы родаў, што жылі тут у розныя часы. Адметныя драўляныя скульптуры, выкананыя народным майстрам Анатолем Турковым з Камянца, устаноўлены каля роднай хаты Мікалая Васільевіча, а таксама ля старых могілак на вядомай паўвыспе Лукаўскага вадасховішча.
Мікалай Васільевіч – чалавек веруючы. Традыцыйна кожны год на свята Вялікадня ён наведвае Лукаўскую царкву, дзе ўсю ноч праводзіць на святочным богаслужэнні. Ён вельмі сціплы і чулы чалавек. Заўсёды пры сустрэчы са сваімі землякамі і знаёмымі распытае пра іх здароўе і справы, а таксама гатовы аказаць чалавеку неабходную падтрымку і дапамогу.
Мікалай Васільевіч ужо 28 гадоў жыве ў Брэсце, але ён не можа без родных мясцін, імкнецца туды, каб пабачыць маці, якой 79 гадоў (на жаль, бацькі ўжо няма ў жывых), дапамагчы ёй па гаспадарцы, забяспечыць палівам і ўвогуле пабыць побач з самым родным чалавекам.
Неяк пры сустрэчы ён раз­важаў:
– Не магу зразумець людзей, якія пасля смерці бацькоў імкнуцца хутчэй пазбавіцца свайго радавога гнязда – прадаюць ці проста выракаюцца родных сядзібаў – святых, па-мойму, месцаў, дзе ты нарадзіўся, правёў дзяцінства, дзе ва ўлонні ўтульных і цёплых сцен выспявалі думкі і мроі аб тваёй, як тады здавалася, бясконцай і светлай будучыні. І вось гэтыя сцены, гэты двор, ходжаны-пераходжаны клапатлівай матуляй, становяцца нікому не патрэбнымі. Не павінна так быць! Не можа нават самая маленькая вёсачка быць бесперспектыўнай! Гэта проста людзі з-за сваёй абмежаванасці, сквапнасці, абыякавасці, а часцей – з-за банальнай ляноты становяцца бесперспектыўнымі і абмяжоўваюць перспектывы сваіх дзяцей і ўнукаў. І не толькі ў плане выхавання павагі да сваіх продкаў (як, напрыклад, на Каўказе), але і ў чыста матэрыяльным плане: сельскія сядзібы могуць станавіцца аб’ектамі аграэкатурызму (у Беларусі створаны ідэальныя ўмовы для яго развіцця), вотчынай пчалярства і спадарожна – вырошчвання меданосна-лекавых раслін. А якія цудоўныя магчымасці для вытворчасці экалагічна чыстай прадукцыі – маліны, буякоў (голубики), клубніц – усё гэта можна рэалізоўваць з вялікай выгадай. Тым больш у вёсках Маларытчыны, большасць з якіх размешчана побач з асабліва ахоўваемымі прыроднымі тэрыторыямі. Кландайк! І гэта не фантазіі – пастараюся на ўласным прыкладзе паказаць землякам некаторыя магчымасці, а тым, хто жадае, дапамагчы. Не магу ўявіць нават у самым цяжкім сне запусценне на месцы маёй роднай вёскі Высокае. І мары, і намаганні – не дапусціць гэтага!
Мікалай Васільевіч – вельмі эрудзіраваны чалавек і цікавы субяседнік. Нядаўна пры сустрэчы з ім мы прагаварылі на розныя тэмы больш за 3 гадзіны, якія для мяне праляцелі як некалькі хвілін. І я веру, што яго мара абавязкова здзейсніцца.
Мікалай БАЛІЦЭВІЧ,
в. Лукава.
НА ЗДЫМКУ: Мікалай МІХАЛЬ­ЧУК; драўляныя скульптуры ля роднай хаты ў в. Высокае.

Опубликовано ГЧ № 91 от 26.11.16г.

Поделиться:
  •  
  • 13
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий