Гісторыя царквы – у музеі

Сёння ў Маларыцкім раёне Беларуская праваслаўная царква прадстаўлена 15 прыходамі. Сем храмаў занесены ў дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей. Гэта цэрквы ў г.Маларыта, вёсках Ляхаўцы (упершыню ўпамінаецца ў гістарычных дакументах у 1575г.), Хаціслаў (1668г., храм, што існуе цяпер, узведзены, па адных звестках, у 1752г., па другіх — у 1799г.), Гвозніца (1668г., з 1812г. па 1816г. вялося будаўніцтва новага храма, у 1878г. быў праведзены яго капітальны рамонт), Дарапеевічы (пабудавана ў 1671г.), Чарняны (1799г.). Цікавасць выклікае і Олтушская царква. У гістарычных дакументах яна ўпамінаецца ў 1668, 1679, 1685, 1724, 1742, 1786 і 1792 гадах. У 1668г. Олтушская царква мела адну валоку зямлі. У 1685г. яе фундуш быў павялічаны. Цяперашні храм ужо будаваўся пад кіраўніцтвам святара Сімяона Паўловіча разам з прыхаджанамі, які быў асвечаны 6 жніўня 1783г. Царква мела 205 дзесяцін зямлі.
У абноўленым музеі Олтушскай сярэдняй школы з’явіўся раздзел “Спаса-Праабражэнская царква”. У экспазіцыі прадстаўлены матэрыялы пачатку першай паловы ХІХ стагоддзя. Гэта, напрыклад, выпіска аб шляхецкім паходжанні самага вядомага ў мясцовасці рода святароў Паўловічаў, кніга, дзе рэгістраваліся шлюбы, фотаздымак пачатку ХХ стагоддзя святара Леаніда Пятровіча Лагонды (настаяцелем царквы быў у 1927-1934 гады), копія Олтушскага царкоўна-прыходскага летапісу (другая палова ХІХ стагоддзя).
Асобная старонка раздзела экспазіцыі прысвечана святару Паўлу Пашкевічу (служыў у царкве з 1945 па 1993 гады). Узбагацілі экспазіцыю і экспанаты, якія перадаў музею цяперашні святар Олтушскай царквы Уладзімір Страха.
Цікавым падаецца і дакумент такога зместу: “Указ Полесской Духовной Консистории. Настоятелю Олтушской церкви Брестского уезда священнику Леониду Лагонде. Сообщаем для сведения, что резолюцией его высокопреосвященства от 26 мая сего года за №1238 разрешено Вам повенчать прихожанина вверенной Вам церкви Алексея Дионисовича Абрамчука с Наталией Григорьевной Олесик. Если, кроме указанного в прошении и посвидетельствованного Вами родства (5 степени кровного), к браку сему не встретится других законных препятствий. Г.Пинск, 7 июня 1930г., № 5850”.

На здымкУ: раздзел “Спаса-Праабражэнская царква” музея Олтушскай сярэдняй школы.

Опубликовано ГЧ № 21 от 15.03.17 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий