На “Дажынкі” – у Славакію

Народны ансамбль народнай песні “Рыцкі куфэрак” ГДК нядаўна прымаў удзел у Днях культуры Беларусі ў Славацкай Рэспубліцы. Паездка і выступленне маларытчан адбыліся, дзякуючы намаганням Уладзіміра Чахлова, Часовага Паверанага пасольства РБ у Славацкай Рэспубліцы. “Рыцкі куфэрак”, які ў чарговы раз у красавіку гэтага года пацвердзіў званне “народны”, быў заўважаны. Калектыў заўжды дэманструе высокае прафесійнае сцэнічнае майстэрства, а яго ўдзельнікі маюць цудоўныя, непаўторныя і мілагучныя галасы. Любая песня ў іх выкананні становіцца сапраўдным шэдэўрам. Каларыт і непаўторнасць выступленню “Рыцкага куфэрка” надаюць касцюмы Маларыцкага строю, у якія заўжды апрануты самадзейныя артысты.
У праграме візіту ў Славакію было запланавана многа разнастайных і цікавых мерапрыемстваў: экскурсіі, знаёмствы з памятнымі мясцінамі і творчымі калектывамі, сустрэчы… Аднак асноўным месцам знаходжання маларытчан стаў пасёлак Мутнэ на поўначы краіны, дзе прайшоў штогадовы рэгіянальны фестываль “Дажынкі”. Галоўнымі падзеямі гэтага грандыёзнага свята сталі: урачыстае шэсце, цырымонія адкрыцця, уручэнне падзяк, розныя спаборніцтвы, масавыя гулянні. На адной сцэне з фальклорнымі калектывамі Славакіі “Рыцкі куфэрак” паказ­ваў сваё майстэрст­ва разам з узорна-паказальным духавым аркестрам пагранічных войскаў РБ. На суд гледачоў нашы артысты вынеслі 15 разнапланавых беларускіх народных песень. У асноўным яны былі прысвечаны тэме дажынак.
– Сваю канцэртную праграму “Рыцкі куфэрак” рыхтаваў амаль месяц, – гаворыць Андрэй Гарбацэвіч, начальнік аддзела культуры, кіраўнік маларыцкай дэлегацыі. – Калектыў да гэтага аднёсся вельмі адказна, сур’ёзна. Грунтоўная прапрацоўка кожнай песні не пакідала надзеі на прызнанне. Яно, па шчырасці, так і было. Песні падбіраў Анатоль Барысюк, кіраўнік ансамбля. Аднак канчаткова ўсе нумары зацвярджалі разам. Славацкія гледачы былі зачараваны майстэрствам выканання песень нашых самадзейных артыстаў, мілагучнасцю і непаў­торнасцю беларускай мовы. Лепшым пацвярджэннем гэтаму сталі шчырыя апладысменты мясцовых гледачоў.
Акрамя таго, па словах Наталлі Галавій, дырэктара раённага метадычнага цэнтра аддзела культуры, ад імя беларускай дэлегацыі на чале з кіраўніком аркестра Міхаілам Грыгарчуком і начальнікам аддзела культуры Андрэем Гарбацэвічам былі ўручаны сувеніры Ганароваму консулу РБ у Славацкай Рэспубліцы Марыяну Мурыну.
На здымку: “Рыцкі куфэрак” на славацкай зямлі.
Фота Наталлі Галавій.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий