Аблічбаваны яшчэ адзін помнік Вялікай Айчыннай вайны

На Маларытчыне 19 кастрыч­ніка аблічбаваны яшчэ адзін помнік Вялікай Айчыннай вайны. На гэты раз – брацкая магіла савецкіх воінаў, партызан і ахвяр фашызму, якая знаходзіцца на перасячэнні вуліц Леніна і Паркавая ў скверы ля Вялікарыцкай СШ. З гэтай нагоды тут адбыўся ўрачысты мітынг.

Аблічбоўка адбылася ў рамках рэалі­зацыі  міжнароднага  беларуска-расій­скага гісторыка-патрыятычнага праекта “Лічбавая зорка” пры непасрэдным удзеле раённага камітэта грамадскага аб’яднання “БРСМ”.

– Гэты праект створаны для збору інфармацыі аб помніках Вялікай Айчыннай вайны, – гаворыць першы сакратар РК ГА Марыя Горнік. – Сутнасць яго – расказаць моладзі мовай сучасных электронных гаджэтаў аб падзеях і героях Вялікай Айчыннай вайны. Для гэтага адпаведная інфармацыя аблічбоўваецца, а таблічкі з QR-кодам размяшчаюцца ля памятных месцаў, звязаных з падзеямі Другой сусветнай вайны – помнікаў, абе­ліскаў… Акрамя таго,  міжнародны праект накіраваны на фарміраванне духоўна-маральных,  грамадзянскіх якасцей асобы, на развіццё цікавасці і павагі да помнікаў баявой славы,  якія ўвекавечылі трагічныя і гераічныя падзеі мінулага,  захаванне гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі. “Лічбавая зорка” зацікавіць тых, хто хоча ведаць больш пра гісторыю Вялікай Айчыннай вайны і слаўны, гераічны і трагічны шлях, які прайшоў савецкі народ да Дня Вялікай Перамогі.

На мітынгу ў аг.Вялікарыта прысутнічалі  вучні і настаўнікі ўстановы адукацыі, прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў. Падчас урачыстасці выступіў старшыня раённага Савета дэпутатаў Алег Якубчык, а таксама старшыня раённага савета грамадскага аб’яднання “Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя” Клаўдзія Буян і вучаніца 11 класа Вялікарыцкай СШ Крысціна Краўчук. Затым Алег Якубчык і Крысціна Краўчук замацавалі на стойцы з правага боку ля ўваходу да помніка стылізаваную таблічку з QR-кодам.

Пасля хвіліны маўчання прысутныя ўсклалі кветкі да помніка.

* * *

У магіле ў скверы ў аг.Вялікарыта пахаваны 54 воіны і  партызаны, якія загінулі ў баях супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў у 1941-1944 гадах,  і 11 мірных жыхароў в.Гусак,  якія расстраляны ў 1942 годзе гітлераўцамі. На месцы пахавання ўстаноўлены помнік – скульптура воіна. У брацкай магіле снайшлі свой апошні спачын 30 чалавек: 16 вядомых і 14 невядомых. Акрамя таго,  манумент  ушаноўвае памяць мясцовых жыхароў, якія змагаліся за вызваленне Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Сюды ж  у 1958 годзе з в. Антанова быў перазахаваны стралок-радыст Канстанцін Сяргеевіч Цыркуноў.

Мікалай  НАВУМЧЫК.

Поделиться:
  •  
  • 2
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий