Любоўю за любоў

Тамара Янчук сама расла ў шматдзетнай сям’і, таму добра ведае, што гадаваць пяцёра ці шасцёра дзяцей больш цяжка, чым, да прыкладу, адно або дваіх. Але ў той жа час упэўнена, што калі бацькі добра ўсведамляюць усю ступень адказнасці перад дзецьмі, правільна разумеюць свой бацькоўскі абавязак, выхаванне ў сям’і яны ніколі не пусцяць на самацёк і будуць старацца, каб кожнаму з дзяцей аднолькава даць і цяпла, і любові, і ўвагі, і клопату.
– Асабіста нас выхоўвалі працай, добрым словам, – кажа мая субяседніца. – Ніколі без падстаў не сварылі нас, хаця былі патрабавальнымі. Іх слова было для нас законам.
Гэтак жа выхоўвае Тамара Расціславаўна разам з мужам Яўгенам Іванавічам і сваіх дзяцей. З маленства прывучаюць да працы, вучаць быць самастойнымі, давяраюць.
– Дзяўчынкі ж, а яны павінны ўсё ўмець рабіць, – упэўнена маці. – І бялізну мыць, і ў доме прыбраць, каб чыста было, і стравы прыгатаваць, і па гаспадарцы ўмець спраўляцца.
Між іншым, другакласніца Даша найбольш любіць маме дапамагаць. Урокі закончыліся, і яна на ферме.
– Ёй дай што-небудзь рабіць, – кажа Тамара Расціславаўна. – Цялятак малых ахвотна дапамагае мне карміць, лашчыць іх, падсцілае, а летам хатнюю птушку дома карміла, каб мне менш клопатаў было. Калі ж Дашцы давялося двухгадовага пляменніка неяк даглядаць, яна і тут не разгубілася: нагатавала малому ежу, пакарміла яго, трэба было – і памыла.
Дзевяцікласніца Аня зноў жа ўмее ўсё рабіць сама: і бялізну памыць, і ў хаце прыбраць, і есці зварыць. Аня ўдакладніла, што ўсяму гэтаму яе навучыла мама.
Ахвотна наведвае дзяўчынка музычную школу, дзе займаецца па класу баяна. Да ўсяго, яна выступае ў ансамблі “Крынічка”, што існуе пры Хаціслаўскім Доме культуры і пра які сёння ведаюць далёка за межамі раёна.
Трэцяя дачка, Маргарыта, цяпер вучыцца на 4-м курсе Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры. І яна такая ж самастойная, як і ўсе астатнія дзяўчынкі ў сям’і. А Алена, студэнтка Аршанскага медыцынскага каледжа, у час водпуску нават маму на ферме падмяняла. І не баялася, што ў яе не атрымаецца. Яна дасканала ведала маміны абавязкі як цялятніцы. У свой час Лена таксама закончыла музычную школу па класу фартэпіяна.
Старэйшая Іра ўжо замужам. Працуе фельчарам у мясцовай амбулаторыі, завочна займаецца ў Віцебскай акадэміі медыцыны. Зноў жа любіць не толькі сваю прафесію, але і фізічную працу. Разам з мужам, калі пажаніліся, гаспадарку сваю завялі і не супраць яе, бо ў вёсцы ж жывуць.
Тры гады таму назад напярэдадні Дня маці Тамара Расціславаўна Янчук у ліку яшчэ трох жанчын з Брэстчыны ездзіла ў Мінск на ўрачысты сход. У Савеце Міністраў тады быў наладжаны прыём з нагоды ўручэння заслужаным жанчынам ордэнаў Маці.
– Мне вельмі было прыемна, што я аказалася ў ліку такіх маці, хаця, лічу, ніякага мацярынскага подзвігу я не здзейсніла. Проста добрасумленна выконваю свой мацярынскі абавязак па выхаванні дзяцей. Хочацца, каб яны найперш добрымі людзьмі выраслі, працу любілі, бо ўсё ў жыцці даецца стараннямі чалавека.
А яшчэ Тамара як маці хоча, каб дзеці здаровыя былі. Бо калі яны здаровыя, калі ў сям’і парадак, тады і на душы спакойна, а спакойная душа больш здольная рабіць дабро.
Задаволена Тамара і сваёй другой палавінай, мужам Яўгенам. Хату, якая дасталася ад яго бацькоў у спадчыну, сам да толку даводзіў, усё сваімі рукамі рабіў.
– Ён у нас напорысты такі, – кажа Тамара, – калі нешта задумаў, абавязкова зробіць. І ў дзяўчынак маіх у характары таксама гэтая напорыстасць ёсць. Іра вучылася на чацвёртым курсе, задумала атрымаць пасведчанне вадзіцеля. Я ёй давала грошы на кішэнныя расходы, а яна змагла іх з’эканоміць, каб заплаціць за вучобу ў школе маладога вадзіцеля.
…Ордэн Маці Тамара Янчук захоўвае як дарагі скарб, хаця галоўным сваім скарбам лічыць сям’ю, дзяцей. Гэты скарб ні з чым не параўнальны, незаменны, ён найбольш каштоўны, бо заўсёды радуе і робіць жанчыну шчаслівай.
Ірына КАСЦЕВІЧ, в. Хаціслаў.
НА ЗДЫМКУ: Тамара Расціславаўна ЯНЧУК ра­зам з Дашачкай і Анечкай, найменшымі ў сям’і.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в “ГЧ” 12.10.2013 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий