Алгарытм сістэмнай работы

Працягваюць працаваць у новым фармаце “прамыя тэлефонныя лініі” прадстаўнікоў улады з насельніцтвам раёна. У мінулую сераду да старшыні райвыканкама Казіміра Лапіча патэлефанавалі 3 чалавекі.
Жыхар вёскі Хмялёўка Мікалай Міхайлавіч прасіў адмяніць рашэнне райсуда аб прызнанні яго недзеяздольным. Аднак суд – гэта апошняя інстанцыя, якая ставіць кропку ў вырашэнні падобных пытанняў, і орган улады не мае права адмяніць рашэнне суда – такія пытанні не знаходзяцца ў кампетэнцыі райвыканкама. А вось жыхара Маларыты Аляксандра Лядзінскага цікавіла некалькі пытанняў: чаму ў Маларыце, у адрозненне ад іншых райцэнтраў вобласці, няма магазіна “Еўраопт”, ці плануецца яго адкрыць, ці праўда, што адзін з карпусоў дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці будзе перада­дзены іншай арганізацыі. Аляксандр Сяргеевіч лічыць, што вуліцы як горада, так і сельскіх населеных пунктаў раёна можна было б назваць імёнамі знакамітых землякоў. Кожнае з пастаўленых пытанняў Казіміра Віктаравіча ў тупік не паставіла. Ён лічыць, што адсутнасць “Еўраопта” ў Маларыце – не такая вострая праблема для пакупнікоў, бо многія ездзяць у еўраоптаўскія магазіны ў Брэст, які побач, выбіраюць рынкі суседніх раёнаў Украіны, якія таксама побач. Наконт назваў вуліц у кіраўніка такая думка: тэма вельмі тонкая, не патрабуе паспешнасці. Гісторыя не раз паказвала, што герой потым нярэдка станавіўся антыгероем. Пытанне імянных назваў вуліц не выспела яшчэ. Што датычыцца перадачы аднаго з карпусоў ліцэя, то гэта так. У райвыканкаме вырашана перадаць корпус па вул. Піянерскай аддзелу ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі пад раённы музей, выставачную залу Цэнтра народнай творчасці.
Аляксандр Сяргеевіч звярнуўся не толькі з пытаннямі, што яго цікавілі, але і выказаў старшыні райвыканкама падзяку за добрую арганізацыю ў апошнія 2 гады маларыцкага міжнароднага марафону. Вядома, што правядзенне такога адказнага спартыўнага мерапрыемства, якое, можна сказаць, стала брэндам для горада, патрабуе і фінансавых сродкаў, і арганізацыйных намаганняў, аднак і надалей у райвыканкаме будуць старацца захаваць гэтую традыцыю.
Жыхарка вёскі Олтуш звярнулася з пытаннем наконт магчымасці рэстаўрацыі басейна ў дзіцячым садку, які шмат гадоў не працуе. Станоўчы адказ яна не атрымала.
– Год сёлетні – эканамічна цяжкі. Ніякія рамонты без адсутнасці праектна-каштарыснай дакументацыі праводзіцца не будуць. Калі эканамічная сітуацыя зменіцца ў лепшы бок – можна будзе звярнуцца і да гэтага аб’екта, – адзначыў Казімір Віктаравіч.
Ніна СВІЦЮК.
НА ЗДЫМКУ: Казімір ЛАПІЧ.

Опубликовано в “ГЧ” 1.04.2015 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий