Ламаць – не будаваць

Наш кааператыўны дом №15 па вуліцы Лермантава – адзін з нямногіх у райцэнтры, дзе ёсць смеццеправод. Варта сказаць, што за 33 гады (менавіта столькі мы жывем у гэтым доме) ніколі не ўзнікала ніякіх праблем: ні паху непрыемнага ў пад’ездах, ні смецця ў двары (якога з-за сабак і катоў удосталь хапае вакол кантэйнераў для бытавых адходаў у горадзе), ні пацукоў. І жыльцам пяціпавярхоўкі зручна. Ды толькі нядаўна кіраўніцтва КУШВП ЖКГ “Маларыцкая ЖКГ”, на тэхнічным абслугоўванні якога знаходзіцца дом, аб’явіла нам аб тым, што смеццеправод не будзе функцыянаваць. “Згодна з пастановай міністэрства ЖКГ Рэспублікі Беларусь «Аб зацвярджэнні інструкцыі па арганізацыі раздзельнага збору, захаванні і перавозцы камунальных адходаў», – так растлумачылі нам на сходзе членаў кааператыва прадстаўнікі жыллёва-камунальнай гаспадаркі. І дадалі, маўляў, хочаце таго вы ці не, але да канца года смеццеправода ў вас у доме ўсё роўна не будзе, а адходы бу­дзеце выкідваць у кантэйнеры, што ёсць побач з вашым домам. Вядома, ламаць-не будаваць. І лягчэй за ўсё зрабіць так, каб мы смеццеправодам не карысталіся. Куды больш складана прапанаваць нешта кампраміснае. Ну хоць бы самае простае: для пластыку, шкла і паперы ўстанавіць непадалёк ад нашага дома кантэйнеры, куды мы маглі б іх выкідваць. Ну а ўсе астатнія адходы, як і дагэтуль, – у смеццеправод.
Асобна хацелася б сказаць пра кантэйнеры для раздзельнага збору адходаў. Неяк ля многіх з іх з’явіліся папярэджанні аб тым, што яны абсталяваны камерамі відэаназірання. Гэта моцна здзівіла: няўжо наша камунальная служба настолькі багатая, што можа дазволіць сабе нават ля кантэйнераў устанаўліваць дарагія відэакамеры? З другога боку, калі такім чынам камунальнікі хочуць «перавыхаваць» несвядомых, метад не самы цывілізаваны. Ды і неэфектыўны. Хоць бы па той простай прычыне, што ў раёне дамоў па вуліцы Лермантава поўнага набору кантэйнераў для раздзельнага збору камунальных адходаў няма (на здымку). Ды і не толькі ў гэтым раёне. Каб выкінуць бутэлькі з-пад шампанскага ў кантэйнер са шклом, давялося абысці паўгорада. Але так нідзе яго і не знайшла. Вырашыла высветліць, дзе ўсё ж такія кантэйнеры ёсць. Патэлефанавала па нумары 115. На жаль, і там мне не маглі назваць канкрэтны адрас. Праўда, падказалі, што недзе па вуліцы Каштанавай купляюць бітае шкло. А паколькі аўчынка не варта вырабу, шукаць вуліцу Каштанавую не стала і пасля месяца беспаспяховай спробы не парушаць адпаведныя патрабаванні проста выкінула пустыя бутэлькі ў смеццеправод. Словам, нават калі ты і самы свядомы, абставіны вымушаюць цябе парушаць пэўныя патрабаванні.
Таму перш чым нешта «ламаць», трэба нешта «пабудаваць» ці прапанаваць узамен. Прычым не менш зручнае для людзей, чым было. І мудраваць тут доўга камунальнікам не трэба. Дастаткова стварыць умовы для таго, каб чалавек не ламаў галаву, як яму лепш зрабіць. А ўбачыўшы ля дома пералік кантэйнераў з надпісамі, выкінуў бы адходы туды, куды іх трэба выкінуць. Таму за тыя грошы, што трацяцца на набыццё нятанных відэакамер, а таксама на розныя папяровыя праспекты-рэкамендацыі і ўказанні тыпу: «Выкідваць адходы, не раздзяляючы іх, забараняецца», лепш набыць некалькі лішніх кантэйнераў ці пафарбаваць, зрабіць адпаведны надпіс на тых, што ёсць. Толку ад гэтага, думаецца, будзе больш.
Надзея ЯЦУРА.

Опубликовано в “ГЧ” 1.07.2015 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

One thought on “Ламаць – не будаваць

  • 09.07.2015 в 9:55 дп
    Permalink

    Что за позиция? Камеры плохо, все плохо. откуда у жкх деньги? сколько мы им платим, они должны нам золотые камеры установить, где скажем, и не только камеры. все с ног на голову перевернуто.

Добавить комментарий