Свята са смакам хлеба і малака

У мінулую пятніцу ў гарадскім Доме культуры ўрачыста ўшанавалі работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці
аграпрамысловага
комплексу раёна

У нашай краіне нямала розных свят, ды толькі гэтае – асаблівае. Яно – усенароднае, бо адзначаюць яго не толькі аграрыі і перапрацоўшчыкі. Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК па праву лічыць сваім святам кожны чалавек, які спажывае вырабленую імі прадукцыю. Яно, як духмяны бохан свежага хлеба на стале…
Гэтак жа па-ўсенароднаму шырока адзначылі Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК і на Маларытчыне. Лепшыя з лепшых працаўнікі палёў і ферм раёна сабраліся напярэдадні свайго прафесійнага свята ў гарадскім Доме культуры, дзе ў гэты дзень усё было толькі для іх. Для іх са сцэны гучалі цёплыя словы падзякі за нялёгкую працу на зямлі і за высокія дасягненні ў вытворчасці сельгаспрадукцыі, для іх спявалі свае песні самадзейныя артысты народнага ансамбля песні “Славія” Мухавецкага СДК з Брэсцкага раёна. А яны, прыгожыя і па- святочнаму апранутыя, прафесіяналы на хлебнай ніве і ферме, якім па сіле самыя высокія рубяжы, тут хваляваліся нібыта дзеці…
Імёны і дасягненні многіх былі агучаны ў выступленні начальніка райсельгасхарчу Вадзіма Галоўчыка, які зазначыў, што іх залатыя рукі даюць усё тое, без чаго не можа існаваць чалавек. Кіраўнік сельскагаспадарчай галіны раёна падзякаваў аграрыям за адданасць сялянскай справе і выказаў упэўненасць у тым, што іх будучыя дасягненні будуць не горшымі за сёлетнія. Не засталіся па-за ўвагай у гэты дзень работнікі райаграпрамтэхнікі і прадпрыемства меліярацыйных сістэм, якія не толькі абслугоўваюць сельскую гаспадарку, але і самым непасрэдным чынам уплываюць на дасягненні земляробаў. Нямала слоў падзякі прагучала ў гэты дзень і ў адрас работнікаў кансервавагародніна­сушыльнага камбіната, які актыўна супрацоўнічае з сельгасвытворцамі раёна. Дзіцячае харчаванне, сокі і іншая прадукцыя гэтага прадпрыемства сталі сапраўдным брэндам Маларытчыны.
Ну а шматлікія ўзнагароды, якімі адзначаны аграрыі Маларытчыны за высокія дасягненні ў працы і з нагоды свята, ім, пад бурныя апладысменты залы, уручалі старшыня камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама Валянцін Зайчук і старшыня райвыканкама Казімір Лапіч. Яны шчыра віншавалі хлебаробаў, жывёлаводаў, кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў і спецыялістаў, якія любяць зямлю і ўмеюць працаваць на ёй. Ушаноўвалі тых, на каго павінны раўняцца астатнія.
Шматлікі атрад работнікаў сельскай гаспадаркі раёна быў заахвочаны ўзнагародамі абласнога і раённага камітэтаў прафсаюза работнікаў АПК, якія ўручыў старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Сяргей Строк. А адкрытае акцыянернае таварыства “Савушкін прадукт” і “Брэсцкі мясакамбінат” плённую працу кіраўнікоў гаспадарак, спецыялістаў і жывёлаводаў адзначылі грашовымі прэміямі.
Ні ў малітвах, ні ў працы не спыняцца на дасягнутым пажадаў аграрыям протаіерэй айцец Віктар, які павіншаваў усіх са святам самых галоўных людзей на планеце, людзей, якія вырошчваюць хлеб, а новым кіраўнікам – начальніку райсельгасхарчу Вадзіму Галоўчыку, старшыням СВК “Хаціслаўскі” і “Макраны” Андрэю Курдзюку і Ігару Бурдзе, дырэктару ДзП “Радзежскае” Мікалаю Якімчуку падарыў іконы Божай маці, ахоўніцы хлябоў.
Надзея ЯЦУРА.

На здымках: свята са смакам хлеба і малака.
Фота
Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в “ГЧ ”  18.11.15г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий