“Жыццё пражыць — не поле перайсці!” Франц і Ксенія Клеснер з вёскі Гвозніца (Маларыцкі раён)

Гэты год для жыхароў вёскі Гвозніца Франца Антонавіча і Ксеніі Іванаўны Клеснер асаблівы. Сёлета другога красавіка гас­падар адзначыў сваю 85-ю вясну, а 25 снежня споўніцца 64 гады, як Франц Антонавіч і Ксенія Іванаўна пажаніліся. Незаўважна пра­ляцеў час, быццам бы толь­кі ўчора яны пазнаёміліся, ха­дзілі на спатканні, марылі аб будучым. За працай ў мяс­цовым калгасе, штодзённымі кло­патамі праляталі дзянькі за дзянь­камі.

Усяго ў іх жыцці хапала, чорная паласа змянялася на белую, слёзы роспачы – на радасную ўсмешку. Што б ні здарылася, але муж з жонкай ніколі не апускалі рук, спадзяваліся толькі на саміх сябе і тое трапяткое пачуццё, што нязгасным агеньчыкам здолелі пранесці праз жыц­цёвыя нягоды.Франц Антонавіч і Ксенія Іванаўна і зараз нібыта тыя галубкі з пяшчотай і зачараваннем глядзяць адзін на аднаго. Хаця Ксенія Іванаўна больш адчувае падтрымку мужа і яго клопат. Вось ужо на працягу амаль 10 гадоў у жанчыны дрэнны зрок. Зараз яна амаль што нічога не бачыць. Яе вочы – гэта Франц Антонавіч, які і дапаможа ўправіцца з няхітрай хатняй гаспадаркай, раскажа жонцы, аб чым пішуць у раённай газеце “Голас часу”. Дарэчы, гаспадары яе выпісваюць больш за паўвека. Можна без перабольшвання сказаць, што за гэты час «раёнка» ў сям’і стала сапраўднай сяброўкай, якую з нецярпеннем чакаюць па серадах і суботах дзядуля з бабуляй.

Франц Антонавіч нарадзіўся яшчэ пры панскай Польшчы на хутары Шырокі. У бацькоў было трое дзетак. Брат Станіслаў загінуў падчас нямецкай акупацыі.

– Пра вайну я мала што памятаю, – расказвае Франц Антонавіч. – Ведаю толькі, што, калі жылі мы на хутары, часта заходзілі партызаны. Маці давала ім ежу, нешта з адзення. А потым бацькі пераехалі ў Арлянку. На хутар кожны дзень маглі наведацца немцы ці паліцаі і знішчыць яго разам з намі.

Пасля вызвалення краіны ад нацысцкіх захопнікаў Франц скончыў сямігодку, затым курсы трактарыстаў пры МТС і ўладкаваўся на працу ў мясцовы калгас. Там ён і пазнаёміўся з прыгожай дзяўчынай Ксеніяй, што працавала ўчотчыцай, а потым бухгалтарам сель­гаспрадпрыемства.

– Вяселля не рабілі, распісаліся сціпла, без урачыстасцей, – далучаецца да размовы Ксенія Іванаўна. – Акрамя мяне ў бацькоў падрастала яшчэ чацвёра дзяцей. Жылі беднавата, ледзьве зводзілі канцы з канцамі. Таму пра вяселле я нават і не марыла. Абвянчаліся мы толькі 15 гадоў таму, у нашым гвозніцкім храме. 

Дарэчы, калі скласці іх агульны стаж працы ў калгасе, то атрымаецца даволі такі вялікая лічба – 80 гадоў. Шчыраваў Франц Антонавіч вадзіцелем, трактарыстам, кам­байнерам, брыгадзірам трактарнай брыгады, а перад выхадам на заслужаны адпачынак узначальваў міжкалгасны апорны пажарны пункт. Выгадавалі з жонкай сына і дачку, радуюцца пяцярым унукам і васьмярым праўнукам.

Як гаворыць дзядуля Франц, жыццё пражыта недарма. Ён пабудаваў прыгожы прасторны дом, пасадзіў не адно дрэўца, дачакаўся ўнукаў і праўнукаў, нікому нічога не зрабіў дрэннага. Наадварот, стараўся заўсёды дапамагчы таму чалавеку, які меў у гэтым патрэбу. Сям’я Клеснераў – веруючая. Калі яшчэ дазваляла здароўе, Ксенія Іванаўна ха­дзіла ў царкву на кожныя святы, жанчына пела ў царкоўным хоры. Зараз яна моліцца ля абразоў святых, што стаяць на палічках у адным з хатніх пакояў. У шчырых малітвах, якія бабуля дасылае Усявышняму, яна просіць усім блізкім і родным здароўя, цярпення і любові. Не забывае ў сваіх малітвах згадаць Ксенія Іванаўна і пра яшчэ аднаго чалавека, які стаў для іх з мужам вельмі дарагім і неабходным, – Лідзію Ваўрушэвіч, са­цыяльнага работніка.

– Ліда для нас як дачушка, – з пяш­чотай гаворыць Ксенія Іванаўна. – Такога добрага, чулага і адкрытага чалавека яшчэ трэба пашукаць у наш час. Яна ўсю цалкам аддае сябе нам, старым. Не лічыцца з уласным часам, нават калі ў яе ў гэты дзень выхадны, яна ўсё роўна зойдзе, пацікавіцца самаадчуваннем, спытае, ці што-небудзь трэба. Не ведаю, як мы без яе жылі б. Дзеці далёка, а наша Лідачка каля нас заўсёды. Добра, што ёсць такая служба.

Лідзія Уладзіміраўна ў сацыяльнай сферы працуе дваццаць гадоў. Кожны раз да сваіх падапечных яна спяшаецца з адкрытым сэрцам, напоўненым пяш­чотай і любоўю. Франца Антонавіча і Ксенію Іванаўну, як і астатніх семярых падапечных,  жанчына любіць і шануе як сваіх родных бацькоў.

Кацярына Яцушкевіч.

Поделиться:
  •  
  • 23
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий