Месца творчай прапіскі – ГДК (Маларыцкі раён)

На Маларытчыне шмат здольных ад прыроды хлопчыкаў і дзяўчынак. Калі мэтанакіравана раз­віваць дзіцячыя здоль­насці, то іх можна ператварыць у сапраўдныя таленты. Што для гэтага трэба?  Найперш, жаданне. Аднак аднаго жадання тут мала. Па-другое, неабходны  адпаведныя кадры. Ці ёсць яны ў Маларыце? Безумоўна. Кваліфікаванымі кадрамі наш раён забяспечаны. Тады куды звяртацца? Раім накіравацца, напрыклад, у ГДК.  Тут з верасня 2018 года дзейнічае дзіцячы вакальны ансамбль “Забава-mini”, якім кіруе Алена Свішчова.

– Калектыў задумваўся і ства­раўся з мэтаю развіцця песенных здольнасцей дзяцей ва ўзросце ад 5 да 8-9 гадоў,  –гаворыць Алена Фёдараўна. – Маю ідэю падтрымаў кіраўнік дзіцячай узорная эстраднай студыі “Забава”  Аляксандр Барысюк. Справа ў тым, што салісты яе вырастаюць і разлятаюцца хто куды. Амаль штогод у  “Забаву”  прыходзяць новыя салісты. Аднак часта бывае так, што ўзровень падрыхтоўкі пачаткоўцаў не заўсёды адпавядае тым патрабаванням, якія існуюць у студыі. Каб падцягнуць іх  да належнай вышыні, патрэбна затраціць шмат ча­су. Каб працэс папаўнення і ўваходжання ў калектыў быў зведзены да мінімуму, каб не знізіўся прафесійны ўзровень выканання салістаў, і было вырашана стварыць  вакальны дзі­цячы ансамбль “Забава-mini”. Асноўная задача, якая на яго ўскладваецца,  – якасная падрыхтоўка новых салістаў, якая найперш заключаецца ў атрыманні (калі можна так сказаць) неабходных базавых песенных ведаў, уменняў і навыкаў.– Алена Фёдараўна,  няўжо ўсе вашы  сённяшнія вакалісты будуць пасля спяваць у “Забаве”?

– Такую задачу перад сабой мы не ставім. Першы наш набор – дзеці, якім ужо споўнілася пяць гадоў. Аднак некаторыя на заняткі перасталі хадзіць праз тры-шэсць месяцаў. На гэта мы рэагуем спакойна. На іх месцы прыйшлі іншыя дзеці, якія захацелі займацца вакалам. Дарэчы, Ангеліна Шарамава,  Вераніка Свішчова і Марыя Салавей цяпер маюць вялікае жаданне быць салістамі “Забавы”.

На занятках, якія право-дзяцца два разы на тыдзець, мы не толькі спяваем. Згодна з праграмай, шмат часу  пачаткоўцы-вакалісты працуюць над пастаноўкай дыхання. Яно павінна быць правільным. Значная ўвага ўдзяляецца  дыкцыі, артыкуляцыі гукаў, якія вымаўляюцца. І толькі пасля ўжо дзеці  спрабуюць “правільна”спяваць і развучваюць прасцейшыя рухі.

Між  іншым, на заняткі да Алены Свішчовай ходзяць дзеці не толькі для таго, каб навучыцца спяваць правільна і прыгожа. Некаторыя з іх наведваюць заняткі з мэтай  пазбавіцца пэўных лагапедычных дэфектаў. Такія прыклады ёсць.

“Забава-mini” – калектыў малады. Яркіх афіш, гастрольных тураў і самастойных канцэртаў пакуль у вакальнага ансамбля не было. Гэта ўсё яшчэ наперадзе. Першую сваю творчую песенную справа-здачу “Забава-mini” трымала на бацькоўскім сходзе. Хваляваліся ўсе. Аднак выступленне атрымалася яркім, незабыўным і сабрала авацыі гледачоў. Дэбютным  для  вакальнага дзіцячага калектыву стала выкананне песні падчас каляднага ранішніка ў мінулым годзе на сцэне ГДК. Праўда, яшчэ “Забава-mini” выступала некалькі разоў на ранішніках у дзіцячых садах горада.

– Алена Фёдараўна, на ваш погляд, што дае калектыў яго ўдзельнікам?

– Найперш, дысцыплінуе, вучыць адчуваць сябе часткаю калектыву, працаваць у ім на агульны вынік,  выпрацоўвае  ўменне слухаць і чуць, трымацца на сцэне.

– Дзе можна знайсці вас?

– Месца  “прапіскі”  вакальнага ансамбля “Забава-mini” – ГДК. Дакладней,  другі паверх, кабінет № 36. Заняткі прахо­дзяць кожны тыдзень у аўторак і сераду. Між іншым, у верасні пачнецца новы набор у вакальны ансамбль “Забава-mini” дзяцей ва ўзросце 5-6 гадоў. Запрашаем!

 Мікалай НАВУМЧЫК.

Поделиться:
  •  
  • 8
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий