АДОРАНЫХ І ТАЛЕНАВІТЫХ ЧАКАЛІ НАВАГОДНІЯ СЮРПРЫЗЫ

Даўно вядомы тэзіс, што наша заўтра залежыць ад маладога пакалення. Ён не страчвае сваёй актуальнасці з гадамі. Думаючы пра будучае, кіраўніцтва раёна падтрымлівае ініцыятывы моладзі, будуе для яе ўсебаковага развіцця надзейную платформу. І такі клопат дае свае вынікі. Пацвярджэнне таму – дзеці, якія сабраліся на традыцыйную навагоднюю сустрэчу таленавітай моладзі з кіраўніцтвам раёна, якая прайшла напярэдадні Новага года. Яна сабрала ў вялікай зале райвыканкама пераможцаў алімпіяд і выдатнікаў вучобы, юных спартыўных зорак і актывістаў грамадскіх аб’яднанняў, усіх, хто не чакае, што поспех прыйдзе сам, а ўпэўненымі крокамі рухаецца яму насустрач.
Свой дыялог з таленавітай моладдзю старшыня райвыканкама Казімір Віктаравіч Лапіч пачаў з размовы пра тое, як важна знайсці ў жыцці свой шлях, любіць тую справу, якую абраў, і стаць сапраўдным прафесіяналам. Кіраўнік раёна звярнуў увагу таксама на важнасць падтрымання здаровага ладу жыцця і выбару актыўнай грамадскай пазіцыі, бо ўсё гэта не менш за веды патрэбна для дасягнення вышынь.
– Самае каштоўнае для вас сёння – гэта веды. Бо толькі маючы іх, можна стаць прафесіяналам і далей развіваць краіну. Вашы веды і фарміраванне вас як асобы, якая будзе шанаваць сваю краіну, любіць людзей, што знаходзяцца побач, – справа, можна сказаць, яшчэ больш важная, чым паказчыкі ў вытворчасці. Мы ганарымся вамі і вашымі поспехамі. І зусім неабавязкова, каб усе былі вундэркіндамі, вучыліся на выдатна. Важна, каб кожны выпускнік школы ўзяў на сябе частку агульнай справы. Нам патрэбны спецыялісты ўсіх прафесій, галоўнае, каб чалавек быў адказны, – адзначаў Казімір Віктаравіч.
Але не толькі добрыя словы сталі для ўдзельнікаў сустрэчы ўзнагародай за іх поспехі. З рук старшыні райвыканкама за выдатны ўзровень ведаў, які паказалі вучні на другім этапе прадметных алімпіяд, дыпломы і прэміі атрымалі некалькі дзясяткаў школьнікаў. Былі сярод іх і тыя, хто тройчы стаў пераможцам. Гэта Вікторыя Канашук з Олтушскай сярэдняй школы і Сафія Шараварына, вучаніца раённай гімназіі. Па 2 прызавыя месцы ў скарбонцы Ангеліны Ярмашук з гімназіі, Арцёма Пацеюка, вучня Дарапеевіцкага вучэбна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад-сярэдняя школа, Кацярыны Герасімук, вучаніцы Лукаўскай сярэдняй школы, і Сяргея Кульбеды з Ляхавецкага вучэбна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад-сярэдняя школа.
Не засталіся без заахвочвальных узнагарод і юныя спартсмены, якім добрыя словы адрасавала намеснік дырэктара дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы Святлана Галавій, і актывісты мала­дзёжнага аб’яднання “БРСМ”, якім за ініцыятыву і запал выказаў падзяку першы сакратар раённай арганізацыі “БРСМ” Аляксей Дзямінскі, і дзеці з калектыву “Каламбур”, выступленні якіх не раз прыносілі радасць маларытчанам.
Павіншаваў са святамі і падзяліўся са школьнікамі карыснымі жыццёвымі парадамі намеснік старшыні райвыканкама Вадзім Паўлавіч Шпетны:
– У вас ёсць дасягненні ў спорце, вучобе, грамадскім жыцці. І чым больш уменняў і добрых якасцей вы будзеце развіваць у сабе, тым больш шанцаў дабіцца высокіх вынікаў у далейшым жыцці. Сёння вы закладваеце фундамент для сваёй будучыні. Таму вельмі хочацца, каб кожны ўжо зараз з’арыентаваўся, знайшоў тую прафесію, якая будзе цікавай, стане крыніцай задавальнення.
Што цікавіць сучасную моладзь, чым займаюцца школьнікі ў вольны час, даведаліся ўдзельнікі сустрэчы з выступленняў прадстаўнікоў таленавітай моладзі – Сафіі Шараварынай і Алены Ганчаровай. А навагодні настрой падарылі ўсім юныя артысты з гарадскога Дома культуры. Прыемным сюрпрызам таксама былі салодкія падарункі.
Дар’я ЛУЦЫК.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в “ГЧ” 4.01.2014 г. 

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий