Навалескія хутаране

Дарожны знак з перакрэсленым надпісам “Навалессе” красамоўна сведчыць, што вёску праехалі. Але мы ў пошуках дома Аляксея Аляксеевіча і Маланні Кандратаўны Лукавец едзем па прамой дарозе далей. Да хутарка, дзе жывуць яны, адлегласць больш за кіламетр. За акном мільгацяць беластволыя бярозкі, праязджаем лясок, а з-за дрэў ужо відаць некалькі дамоў. У самым крайнім і жыве гэтая пажылая пара.
…Адчыніўшы дзверы дома Аляксея Аляксеевіча і Маланні Кандратаўны, адразу адчулі смачны пах смажанай гародніны. Гаспадар завіхаўся ля пліты, гатуючы абед. Цяпер гэта яго штодзённы клопат, бо жонка ўжо тры гады амаль што не ходзіць – хвароба забрала сілы. Але хатнія справы, як заўважае Аляксей Аляксеевіч, для яго не ў цяжар. Галоўнае, што яго Малання побач, што ёсць з кім пагутарыць, параіцца, разам парадавацца і пагараваць. А разам, падтрымліваючы адзін аднаго, яны ідуць па жыцці ўжо 65 гадоў.
Аляксей і Малання знаёмы былі з маленства. А таму і замуж за працавітага хлопца дзяўчына ішла смела, ведала, што на яго можна паспадзявацца. Ды і да таго часу Аляксею ўжо многае давялося перанесці на сваіх юнацкіх плячах. Яго, 15-гадовага падлетка, немцы забралі ў Германію. Быццам бы гэта было толькі ўчора, памятае Аляксей Аляксеевіч, як яны разам з іншымі хлопцамі селі ў цягнік, за імі зачыніліся дзверы, і яны паехалі далёка-далёка. Грукат колаў, цемра і невядомасць… Страшна было, бо ніхто не ведаў, што чакае наперадзе. На прыпынку нехта спрабаваў уцякаць. Але гэта было рызыкоўна, а юнаку так хацелася жыць… Праўда, жыццё ў нямецкім палоне было вельмі цяжкім. Даводзілася з ранку да ночы працаваць на фабрыцы. Разам з Аляксеем трапілі ў Германію яшчэ чацвёра хлопцаў з Навалесся, так і стараліся яны трымацца разам. Выратаванне прыйшло толькі праз два гады, якія здаліся юнаку вечнасцю. Вызвалялі вязняў амерыканскія войскі. А потым была праверка спецыяльных службаў і зноў работа. Цяпер ужо былыя вязні дапамагалі савецкім войскам.
Дамоў вярнуўся Аляксей Лукавец толькі ў 1946 го­дзе. А ў 1949-м прывёў у дом бацькоў сваю Маланню. Праўда, маладых наперадзе яшчэ чакала доўгая разлука. Праз два гады Аляксея прызвалі ў армію. Вайскоўцы ў той час былі больш заняты на будаўнічых пляцоўках, бо трэба было аднаўляць краіну, разбураную вайной. Працаваў у час службы Аляксей Аляксеевіч у Крыме, на будаўніцтве аэрапорта. Цяслярнае аддзяленне, у якім ён служыў, было задзейнічана і на новабудоўлях гарадка для шахцёраў у Данбасе. У час армейскай службы набыў Аляксей Аляксеевіч добрыя навыкі будаўніка, а таму, калі вярнуўся дамоў, пайшоў у будаўнічую брыгаду ў сваім калгасе. Увогуле, усё жыццё Аляксея Лукаўца было звязана з будаўніцтвам. Працуючы ў будаўнічай арганізацыі, за сваю стараннасць ён быў узнагароджаны многімі граматамі, сярод якіх нават Грамата Вярхоўнага Савета і Дыплом ганаровага будаўніка.
Будаўнічых спраў майстар проста не мог не пабудаваць свой дом. Будаўніцтва яго распачаў гаспадар у 1963 годзе. Але так здарылася, што не дабудаваны яшчэ дом знішчыў агонь. А таму ўсё давялося пачынаць спачатку. Ад фундаменту да даху кожны сантыметр дома ведае цяпло рук гаспадара. Хоць цяжка было, але ж праз два гады сям’я, а ў Лукаўцаў было трое дзяцей (чацвёртае дзіця памерла зусім маленькім), жыла ўжо ў сваім доме.
– Некалі на нашым хутары было 10 дамоў, – кажа Малання Кандратаўна. – Тут жа, побач, засталіся жыць і яшчэ два браты Аляксея. Таму ўсім разам было весялей.
– І няўжо ніколі не хацелася пакінуць гэтыя глухія мясціны і перабрацца жыць у горад? – задаю правакацыйнае пытанне.
– Чаму ж не хацелася. Калі былі маладыя, можа б і паехалі куды. Але ж тады палітыка такая была, што з вёскі ў горад моладзь не адпускалі. А як не адпускалі? Дык проста пашпарты нам не давалі. А куды без пашпарта паедзеш. Вось так і засталіся. Ды і не шкадуем, бо для гаспадара ў нашых мясцінах прасторна – зямлі вакол шмат. Пакуль былі маладыя, працавалі, гаспадарку трымалі – дзве каровы, свіней, птушку. А вось цяпер ужо сіл няма працаваць, – прызнаецца Аляксей Аляксеевіч.
– Мясціны нашы вельмі прыгожыя, вакол прырода. Як чаромха зацвіце – хараство навокал. А як дыхаецца чыстым паветрам! – дадае Малання Кандратаўна.
Цяпер на хутарку, які з’яўляецца прадаўжэннем вёскі Навалессе, святло па вечарах загараецца толькі ў чатырох дамах. Ды і ў тых жывуць пенсіянеры. Аляксею Аляксеевічу і Маланні Кандратаўне ва ўсім дапамагае сын Аляксей, які штодня прыязджае з Маларыты. Ён і прадукты прывозіць, бо хоць магазін у Навалессі ёсць, але ад хутара да яго трэба ісці больш за кіламетр, а гэта ўжо старым людзям не па сілах. А вось з хатнімі справамі яны спраўляюцца самі. Аляксей Аляксеевіч у свае 86 гадоў нават агародзік садзіць, а Малання Кандратаўна, калі цёплае надвор’е, паціху вы­ходзіць на вуліцу, хоць кры­ху стараецца свае кветкі падправіць. Яна заўжды іх любіла. Двор жанчыны ў кветкавым дыване проста патанаў. Цяпер ужо, расказвае яна, засталіся толькі мнагалетнікі. З імі работы менш і вока радуюць.
– Цяжка сядзець на месцы, калі ты прывык працаваць. Вось ад суму і пачынаю пакрыху ля кветак траву палоць, – прызнаецца Малання Кандратаўна.
Яе рукі і сапраўды без справы быць не прывыклі. Усё жыццё жанчына працавала ў паляводстве. Якую толькі цяжкую работу ні рабіла – і сеяла, і жала ўручную, і палола. Ды і дома заўжды агароды садзілі. А яшчэ дзяцей трэба было дагледзець, выгадаваць. Нялёгка было, але з усім спраўлялася. Аднак з узростам не паспрачаешся. Таму сёння Малання Кандратаўна больш любуецца навакольнай прыгажосцю, тымі кветкамі, якія растуць і без клопату рукі чалавека.
Жыццё, як ні круці, прахо­дзіць… Імгненне за імгнен­нем. Гадзіна за гадзі­най. Дзесяцігоддзе за дзесяці­годдзем. І ў расказе маіх субяседнікаў, якія ўспаміналі сваё жыццё, адчуваліся ноткі суму. Суму па маладосці, па тым часе, калі яны былі яшчэ поўныя сіл, калі ў На­валессі бурліла жыццё і нават іх хутарок заліваўся дзіцячымі галасамі, а сам Аляксей Аляксеевіч, як дэпутат раённага Савета, душою хварэў за аднавяскоўцаў, стараўся вырашыць праблемы мясцовага маштабу. Але адчуваўся ў іх словах і аптымізм, бо на двары вясна – час, калі ўсё ажывае і хочацца жыць, спадзявацца, чакаць лепшага і радавацца прыгажосці, што акружае. А такога хараства, як на іх хутары, упэўнены Лукаўцы, няма больш нідзе…
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: Аляксей Аляксеевіч і Малання Кандратаўна разам ужо 65 гадоў.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в “ГЧ” 30.04.2014 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий