“Час вярнуцца”: кінапрэм’ера да Дня Перамогі прайшла ў ГДК

  Другога мая прайшла рэспубліканская прэм’ера ваенна-патрыятычнай драмы “Час вярнуцца”. Да яе далучылася і Маларытчына. У ГДК першымі поўнаметражную кінакарціну Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” паглядзелі вучні ўстаноў адукацыі горада, прадстаўнікі прадпрыемстваў і арганізацый райцэнтра. Для іх быў арганізаваны масавы паказ кінастужкі.
   Перад пачаткам кінапрэм’еры ў фае ГДК можна было зрабіць здымак у фатазоне, пазнаёміцца з тэматычнымі выставамі “Беларусь памятае” і “Маларытчына ў агні вайны”, якія падрыхтавала раённая бібліятэка.
   Перад праглядам Алена Свішчова коратка расказала творчую гісторыю стварэння ваенна-патрыятычнай драмы, а намеснік старшыні райвыканкама Станіслаў Ляшчук адзначыў, што аўтары ігравога гістарычнага фільма нагадваюць яшчэ раз пра подзвіг нашых грамадзян падчас Вялікай Айчыннай вайны, калі прыйшлося абараняць сваю краіну. Галоўная ідэя кінастужкі – гэта расказаць пра нашых дзядоў і прадзедаў, якія кавалі Перамогу, нагадаць, як беларусы вызвалялі сваю краіну ад фашысцкай нечысці, пераканаць, што наш народ заўсёды і ў любых абставінах гатовы адказаць на любы выклік. “Час вярнуцца” – гэта своеасаблівая даніна памяці беларусаў подзвігу продкаў.
   Фільм прымеркаваны да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і заснаваны на рэальных падзеях, якія адбываюцца ў ваколіцах Оршы ў чэрвені 1944 года. У цэнтры сюжэту – легендарная аперацыя, якая ўвайшла ў гісторыю пад назвай “Баграціён” і стала кропкай набліжэння краху фашызму. Заснаваны кінафільм на рэальных падзеях, а галоўныя героі маюць сваіх прататыпаў – членаў партызанскай брыгады “Чэкіст”. Сюжэт кінадрамы “Час вярнуцца” разгортваецца вакол чацвярых сяброў-партызан. Яе здымкі праходзілі ў Смалявічах і Бярэзінскім біясферным запаведніку.
Мікалай НАВУМЧЫК.
Фота аўтара.

Поделиться:
  • 6
  • 5
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий