У Маларыце прайшла кан’юнктурная нарада суб’ектаў гандлю
У Маларыце прайшла кан’юнктурная нарада з прадстаўнікамі ААТ “Чырвоны харчавік”, СП ААТ “Спартак,” ТАА “Аграпрадукт”, ААТ “Маларыцкі кансерваваагароднінасушыльны камбінат”, КУП па аказанні паслуг “Брэстаблхлебапрадукт”, ААТ “Берасцейскі пекар” і суб’ектаў гандлю Брэсцкай вобласці. У яго рабоце прынялі ўдзел начальнік галоўнага ўпраўлення Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Рэспублікі Беларусь Юрый Кладніцкі, начальнік галоўнага ўпраўлення гандлю і паслуг Брэсцкага аблвыканкама Ларыса Пісецкая, намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення гандлю і паслуг Брэсцкага аблвыканкама Валянціна Дрозд, старшыня Маларыцкага райвыканкама Аляксандр Корж, намеснік старшыні Маларыцкага райвыканкама Аляксандр Сухарэвіч.
Перад пачаткам мерапрыемства ў банкетнай зале прайшла выстава-прэзентацыя і дэгустацыя прадукцыі вытворцаў мучных кандытарскіх вырабаў, круп, садавінных і агароднінных сокаў, іншай харчовай прадукцыі беларускіх вытворцаў, у тым ліку – кансерваваагароднінасушыльнага камбіната і Маларыцкага райспажыўтаварыства.
У Маларыце сабраліся кіраўнікі гандлёвых арганізацый, індывідуальныя прадпрымальнікі, зацікаўленыя ў продажы мучных кандытарскіх вырабаў, круп, садавінных і агародніных сокаў, алею расліннага беларускай вытворчасці, вытворцы такой прадукцыі з усёй рэспублікі, а таксама прадстаўнікі дзяржаўных структур вобласці, каб разам абмеркаваць пытанні супрацоўніцтва па продажы айчыннай харчовай прадукцыі, пазнаёміцца з яе асартыментам.
Падчас нарады падкрэслівалася, што асноўная задача на сённяшні дзень – бесперабойнае забеспячэнне насельніцтва якаснымі таварамі ў шырокім асартыменце, пераважна – айчыннай вытворчасці, і павелічэнне продажу айчынных тавараў. Падчас сустрэчы былі абмеркаваны пэўныя захады, каб павялічыць долю прысутнасці айчынных харчовых тавараў у гандлёвых кропках Брэстчыны, працаваць непасрэдна з вытворцамі на ўзаемавыгадных прымальных умовах. Па шэрагу пазіцый у прадпрыемстваў Брэстчыны ёсць рэзервы для імпартазамяшчэння.
У абмеркаванні надзённых пытанняў прымала ўдзел і намеснік дырэктара Маларыцкага кансерваваагароднінасушыльнага камбіната Людміла Вазнасіменка. Яна пазнаёміла прысутных з асаблівасцямі выпуску прадукцыі, яе відамі, вытворчымі магчымасцямі прадпрыемства.
Мікалай НАВУМЧЫК.
Фота аўтара.



