На адміністра­цыйным будынку Маларыцкага лясгаса ўсталявана памятная дош­ка заслужанаму лесаводу БССР Аляксандры Агароднікавай

Нядаўная на адміністра­цыйным будынку Маларыцкага лясгаса была адкрыта памятная дош­ка заслужанаму лесаводу БССР Аляксандры Агароднікавай. Аляксандра Уласаўна пакуль адзіны работнік, які за ўсю гісторыю існавання лесагаспадарчага прадпрыемства раёна ўганараваны такім высокім званнем.

На ўрачыстай цырымоніі адкрыцця прысутнічала адміністрацыя і супрацоўнікі лясгаса, ветэраны галіны, родныя Аляксандры Агароднікавай.

– Памятная дошка з’явілася ў гонар нашага сучасніка, – адзначыла намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Маларыцкага лясгаса Людміла Губей, – які не змагаўся з ворагам на вайне, а праславіўся выключна сваёй стараннай і самаадданай  працай. Памятная дошка ўстаноўлена былому работніку лясной гаспадаркі за асаблівы ўклад у развіццё галіны. Мы ганарымся, што ў нашым калектыве шмат гадоў працаваў такі выдатны чалавек!

 Пасля выканання Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь і гімна лесаводаў выступілі генеральны дырэктар Брэсцкага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання Анатоль Леванюк, начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Маларыцкага райвыканкама Галіна Стасюк, былы работнік лясніцтва Сяргей Карповіч, які  шмат гадоў працаваў разам з Аляксандрай Уласаўнай, а таксама яе ўнук Аляксандр Хевук і пляменнік Андрэй Ермалаеў.

Права адкрыць памятную дошку атрымалі Анатоль Леванюк і Сяргей Карповіч. Яны пад апладысменты прысутных знялі тканіну з памятнага знака. Да памятнай дошкі былі ўскладзены жывыя кветкі.

Аляксандра Агароднікава нара­дзілася 24 студзеня 1928 года ў вёсцы Дзедуны Полацкага раёна. У 1948 годзе скончыла Полацкі лясны тэхнікум і на першае месца працы была накіравана ў Маларыцкае лясніцтва. Спачатку яна працавала памочнікам ляснічага, а з 13 верасня 1949 года – ляснічым. На гэтай пасадзе яна шчыравала да 11 студзеня 1988 года. За старанную і добрасумленную працу ў 1977 годзе Указам  Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР ёй прысвоена званне «Заслужаны лесавод БССР». У 1978 годзе Аляксандра Агароднікава яшчэ атрымала званне ляснічага першага класа. Жанчына разам з мужам Пятром Крачыкам выгадавала дачку Таццяну і сына Сяргея. Адышла Аляксандра Агароднікава ў іншы свет 14 ліпеня 2007 года.

Мікалай  НАВУМЧЫК.

Фота аўтара.

 

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий