Смак прыгожага

На працягу 10 дзён у раёне праходзіў абласны пленэр мастакоў Брэстчыны «Традыцыі і легенды Маларыцкага краю». Яго арганізатарамі выступілі: галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Брэсцкага аблвыканкама, Брэсцкая абласная арганізацыя грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз мастакоў», Маларыцкі райвыканкам. У рабоце пленэра прынялі ўдзел 12 прафесійных сучасных мастакоў, якія працуюць у розных жанрах: жывапісу, пейзажу, партрэта, нацюрморта, манументальна-дэкаратыўным, камп’ютарнай графікі. Гэта Аляксандр Улыбін, Валерый Пепяляеў, Дот Абдусаматаў, Ніла Гарчанюк, Тамара Дзянісава, Анатоль Жалудко, Марат Клімаў, Ігар Раманчук, Леанід Салаўёў з Брэста, а таксама Аляксандр Дулуб з г. Гродна, Валерый Сідоркін з Мазыра, Алег Скавародка з Віцебска.
– Галоўныя мэты, якія ставіліся перад удзельнікамі пленэру, – кажа Вадзім Шпетны, намеснік старшыні райвыканкама, – адлюстраванне ў творах мастакоў таго, што мае адметнага Маларытчына ў архітэктуры і ландшафце, яе гістарычных і культурных асаблівасцей, выдатных прадстаўнікоў традыцыйнай культуры рэгіёна. А яшчэ – стварэнне калекцыі жывапісу і графікі для ўстаноў культуры раёна.
Для ўвасаблення творчых задум мастакам было прапанавана некалькі аб’ектаў, у тым ліку – касцюм Маларыцкага строю адзення, храмы (г.Маларыта, вв. Дарапеевічы, Ляхаўцы, Олтуш), цар-дуб, дуб-патрыярх, рэкі Рыта, Асіпаўка, Арэхаўскае і Олтушскае азёры, Лукаўскае вадасховішча, помнікі Вялікай Айчыннай вайны…
– Кожны ўдзельнік пленэра перадаў бясплатна ў фонд Маларыцкага райвыканкама адзін свой напісаны твор, – кажа Андрэй Гарбацэвіч, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі. – Яшчэ па адной жывапіснай карціне, створанай у час пленэру, кожны мастак прадаставіў для адборачнай камісіі. Па яе рашэнні карціны выкупяцца ў майстроў пэндзля. З перададзеных і купленых работ будзе сфарміравана калекцыя твораў жывапісу і графікі. У выніку можна будзе арганізоўваць выставы работ у Маларыце і Брэсце, выдаць каталог напісаных мастацкіх твораў.
…У час урачыстага закрыцця шматдзённага пленэру было шматлюдна ў малой зале ГДК. Акрамя вучняў устаноў адукацыі горада, сюды завіталі і шматлікія жыхары Маларыты. Выстава твораў мастакоў стала для гледачоў відовішчам стварэння прыгожага. Пейзажы, нацюрморты, партрэты, графічныя работы яшчэ пахлі фарбамі, але захаплялі разнастайным, аўтарскім асэнсаваннем маларыцкай рэчаіснасці, перанесенай на мастацкія палотны.
На выставе прысутнічалі начальнік упраўлення культуры Брэсцкага абл­выканкама Сяргей Панасюк, старшыня ГА «Беларускі саюз мастакоў» Рыгор Сітніца, старшыня Брэсцкай абласной арганізацыі ГА «Беларускі саюз мастакоў» Павел Рабаў.
Чым жа запомніўся пленэр для яго ўдзельнікаў?
– Выстава кожнага з нас, перакананы, духоўна ўзбагаціла і насыціла, – адзначыў Сяргей Панасюк. – За час правядзення пленэру мы пранікліся цудоўнай аўрай самага паўднёвага краю нашай краіны. Кожны з мастакоў-удзельнікаў мерапрыемства пакіне на Маларытчыне часцінку сябе ў напісаных творах, каб вярнуцца сюды яшчэ раз.
– Я ў захапленні ад убачанага, – кажа Вадзім Шпетны. – Калі ўвайшоў у залу, дык адразу прамільгнула думка, што некаторыя карціны, напэўна, проста дастаўлены. Аднак праз некаторы час пераканаўся, што памыліўся. Усе выстаўленыя работы адлюстроўвалі тое, што ёсць на Маларытчыне. Выстава падштурхнула яшчэ раз пераканацца, што мы жывём у цудоўным краі, багатым, прыгожым і непаўторным. Проста гэтага не заўважаем і не хочам заўважаць.
Радуе, што ў раёне нарэшце будзе свая калекцыя жывапісных работ, створаных прафесійнымі мастакамі вобласці і рэспублікі. Каб не гэты пленэр, то, магчыма, для стварэння таго, што напісана за 10 дзён, нам спатрэбіўся б не адзін год ці нават дзесяцігоддзе. Цяпер у нас з’явіцца яшчэ адно месца, куды абавязкова будзем прапаноўваць завітаць гасцям горада.
– Каб дакрануцца да высокага мастацтва, ужо неабавязкова ехаць у абласны цэнтр ці нават сталіцу, – кажа Лідзія Ківачук, адна з арганізатараў мерапрыемства. – Цяпер такую магчымасць будзе мець любы жыхар раёна, дзякуючы праведзенаму пленэру. З карцінамі можна будзе пазнаёміцца ў Маларыце. Наяўнасць уласнай калекцыі жывапісных твораў надае і больш высокі культурны статус раёну.
– Рыгор Сямёнавіч, якія ўражанні ў Вас ад Маларыты, пленэру наогул? – цікаўлюся я.
– Ад знаходжання на Маларытчыне, дзе першы раз, атрымаў задавальненне, – гаворыць Рыгор Сітніца, старшыня ГА «Беларускі саюз мастакоў». – На душы многа станоўчых эмоцый. Праехаўшы па вуліцах Маларыты, адчуў, што трапіў у прыгожы еўрапейскі гарадок. Але не ў правінцыяльны. Перакананы, што геаграфічнай правінцыі не існуе. Ёсць, напрыклад, яна культурная. Дзякуючы выбітным асобам свайго краю, узроўню развіцця культуры, рэгіёны, якія знаходзяцца далёка ад цэнтра краіны, могуць узняцца да ўзроўню сталічнага. Мастацтва спрыяе павышэнню духоўнага цэнзу той ці іншай мясцовасці. У дадзеным выпадку (ў адносінах да Маларыты) неабходна асэнсаваць, што адбылося, што даў пленэр. Вы пачалі сябе ўздымаць на больш высокі ўзровень, хоць, лічу, ужо знаходзіцеся на досыць годным месцы. Маларыта – ніякая не правінцыя. Так павінны выглядаць і іншыя нашы невялікія населеныя пункты. Трэба імкнуцца, каб яны выглядалі яшчэ лепшымі. А гэта пад сілу мастацтву, культуры. Мы цікавыя сабе і свету найперш тым, што такія, як ёсць, а не іншыя. Мы жывём у гэтай мясцовасці. Па-іншаму бачым неба, зеляніну… У нас іншая танальнасць.
Цяпер у свеце пануе тэндэнцыя: самыя прыбытковыя інвестыцыі ўкладваюць у мастацтва. З гэтага і неабходна зыходзіць. Прыемна адзначыць, што мясцовая ўлада Маларыцкага раёна гэта разумее, падтрымлівае правядзенне такіх мерапрыемстваў.
Перакананы, што маларытчане адчулі смак прыгожага і цяпер без гэтага больш жыць не змогуць.
Шмат цёплых і шчырых слоў арганізатарам пленэра і ў адрас райвыканкама выказалі многія яго ўдзельнікі. У іх ліку – Алег Скавародка, старшыня Віцебскага аддзялен­­ня ГА «Беларускі саюз мастакоў», Аляксандр Улыбін з Брэста.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымках: Валерый Пепяляеў з Брэста малюе дварышчанскае возера; выстава захапіла наведвальнікаў.

Опубликовано в “ГЧ” 4.10.2014 г. 

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий