Капітан каманды моцных

Жнівень 1981-га. Шэсць маладых спецыялістаў папаўняюць калектыў Маларыцкага гароднінасушыльнага завода. Сярод іх і выпускніца біялагічнага факультэта Белдзяржуніверсітэта, пачынаючы мікрабіёлаг, энергічная і старанная дзяўчына Таццяна, якой прапанавалі пасаду мікрабіёлага. Ці магла падумаць тады сённяшні кіраўнік вядомага далёка за межамі не толькі вобласці, але і рэспублікі прадпрыемства – Маларыцкага кансервавагароднінасушыльнага камбіната – Таццяна Уладзіміраўна Камянчук, што ёй давядзецца праз два дзесяцігоддзі ўпраўляць гэтым магутным механізмам прадпрыемства.

А тады маладую наіўную дзяўчыну гэты велізарны механізм, у якім былі сплецены ў адно цэлае многія вытворчыя ланцужкі, вельмі ўразіў і нават выклікаў разгубленасць у яе. Цяжка было зразумець учарашняй студэнтцы, як можна арганізаваць усю работу так, каб закруцілася гэтае вялікае вытворчае кола: бесперапынна паступала сыравіна, без збояў працавалі вытворчыя ўчасткі, перапрацоўвалася ўся прывезеная дваццацітоннымі машынамі садавіна і гародніна, гатовая прадукцыя адразу знаходзіла пакупніка.

Кіраваў у той час прадпрыемствам Іван Дзянісавіч Камянецкі. Чалавек строгіх правілаў, ён адразу даў зразумець маладым спецыялістам, як трэба працаваць. І гэты першы вопыт, першая загартоўка дапамаглі Таццяне Уладзіміраўне, пераступаючы па ступеньках ад мікрабіёлага да тэхнолага, ад тэхнолага да старшага мікрабіёлага, ад старшага мікрабіёлага да намесніка дырэктара, упэўнена прыняць на сябе ў 2005 годзе кіраўніцтва прадпрыемствам.

Кансервавагароднінасушыльны камбінат заўжды славіўся прадукцыяй. Праўда, як успамінала Таццяна Уладзіміраўна, тры дзесяцігоддзі назад і абсталяванне вельмі адрознівалася ад сённяшняга, ды і патрабаванні былі іншыя.

– Калі б пяць гадоў назад мы не заняліся рэканструкцыяй і не зрабілі б тое, што зрабілі, камбінат проста не змог бы канкурыраваць з іншымі ні ў вобласці, ні ў рэспубліцы, ні, тым больш, ва ўмовах міжнародных зносін, – упэўнена дырэктар.

І, тым не менш, як дзялілася Таццяна Уладзіміраўна, на старым абсталяванні выпускалася, як і патрэбна, вельмі якасная прадукцыя, кансервы дзіцячага харчавання. Але падыходы да якасці сёння зусім іншыя. Цяпер высокія патрабаванні прад’яўляюцца да ўсяго працэсу вытворчасці: да сыравіны, абсталявання, збалансаванасці прадукцыі.

Як і раней, так і сёння, на прадпрыемстве працуе тры цэхі: кансервавы, цэх асептыкі і асобны цэх дзіцячага харчавання, які пасля рэканструкцыі замяніў стары сушыльны цэх. Але, калі раней гароднінасушыльны завод выпускаў толькі чатыры найменні кансерваў дзіцячага харчавання, сёння іх штогод выпускаецца больш за сто. Кожны год асартымент абнаўляецца, толькі летась было распрацавана 17 новых відаў. Практычна няма садавіны і гародніны, з якой не робяць на камбінаце дзіцячае харчаванне. А таму ў матуль заўжды ёсць выбар: які сок ці пюрэ набыць для свайго дзіцяці.

Праўда, быў час, калі прадпрыемству давялося перайсці на трохдзённы працоўны тыдзень, склады былі запоўнены прадукцыяй, збыт якой, нягледзячы на добрую якасць, наладзіць было цяжка.

І толькі дзякуючы з’яднанасці калектыву, працаздольнасці касцяка, які складаецца са спецыялістаў з багатым багажом вопыту, як лічыць Таццяна Уладзіміраўна, праблемы паступова вырашыліся. Мадэрнізацыя вытворчасці, наладжванне партнёрскіх зносін дапамаглі прадпрыемству зрабіць новы віток, у выніку камбінат дабіўся прызнання і ў рэспубліцы, і ў партнёраў на Украіне і ў Расіі. Хоць па сваёй магутнасці прадпрыемства не вельмі буйное, але прадукцыі яно вырабляе больш за іншыя прадпрыемствы рэспублікі і, што самае галоўнае, гэтая прадукцыя не ляжыць на складах.

Спыняцца на дасягнутым ў камбінаце і не думаюць. Тут і далей плануюць працягваць рэканструкцыю. Зараз ідзе мадэрнізацыя кансервавага цэха, завяршаецца рэканструкцыя цэха асептыкі. У кансервавым цэху плануецца ўстаноўка яшчэ адной новай лініі па вытворчасці соку, аналагаў якой пакуль у краіне няма.

З такой камандай аднадумцаў, якая падабралася на прадпрыемстве, лічыць Таццяна Уладзіміраўна, можна зрабіць многае, бо кожны ў ёй ведае, што трэба прадпрыемству і як гэтага можна дабіцца. А сам калектыў ва ўсім давярае свайму дырэктару, які не па расказах ведае работу і робіць усё, каб камбінат развіваўся, каб прадпрыемства, якое славілася ва ўсе гады сваёй якаснай прадукцыяй, і далей трымала сваю марку.

Святлана МАКСІМУК.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий