Маларыцкі лясгас – калектыўны партрэт

Дзяржаўную лесагаспадарчую ўстанову “Маларыцкі лясгас” з 2009 года ўзначальвае Уладзімір Афанасенка (на здымку). Гэта – энергічны, адказны, ініцыятыўны чалавек, прафесіянал сваёй справы. Напярэдадні Дня работнікаў лесу карэспандэнт газеты завітаў у лясгас, каб даведацца, чым і як установа жыве сёння.

– Уладзімір Якаўлевіч, лясгас, якім кіруеце, – гэта…
– Сваю гісторыю ўстанова адлічвае з красавіка 2003 г., але вытворчую дзейнасць пачала з 1 верасня гэтага ж года. На лясгас ўскладваюцца функцыі дзяржаўнага кіравання ў галіне выкарыстання, аховы і абароны ляснога фонду і ўзнаўлення лясоў і фаўны. Установа была створана для таго, каб павысіць эфектыўнасць кіравання лесагаспадарчай дзейнасцю, узмацніць ахову лесу ад пажараў і лесапарушэнняў, палепшыць арганізацыю лесакарыстання, забеспячыць мясцовых спажыўцоў драўнінай. Сёння Маларыцкі лясгас – гэта 8 лясніцтваў, 23 участкі, 94 абходы. Між іншым, лясы ў раёне займаюць плошчу 75,7 тысячы га. Агульны запас насаджэнняў складае 11,5 мільёна метраў кубічных, сярэдні ўзрост дрэў – 49 гадоў. У лясах Маларытчыны пераважаюць хвоі звычайныя (займаюць 57,3% ад агульнай колькасці), бярозы павіслыя (21%), вольхі чорныя (15,2%) і дубы (4,5). Больш рэдка сустракаюцца елкі (0,9%), асіны (0,5), грабы (0,4%), ясені (0,2%). Кожны год у лясах праводзяцца вырубкі (асвятленне, прачыстка, прарэджванне, праходная) на плошчы прыблізна 11322 га, штогадовы аб’ём правядзення паступовых вырубак складае 39 га. Для ўзнаўлення лесу пасадачны матэрыял вырошчваецца ў часовых лясных гадавальніках агульнай плошчай 1,5 га. Кожны год вырошчваецца 3 мільёны штук сеянцаў. На тэрыторыі Маларыцкага лясгаса знаходзяцца аб’екты, якія асабліва ахоўваюцца дзяржаваю (1689 га). Гэта – біялагічны заказнік “Лукава”, помнікі прыроды “Цар-дуб” і “Дуб-патрыярх”, “Астраўныя ельнікі”, “Макранская дзюна”, букі лясныя Велікарыцкія, валуны “Вялікі камень” Піцемскі і “Чортаў камень” Хмялёўскі.
– Як спрацаваў лясгас летась?
– Лясгас паспяхова выканаў усе даведзеныя паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця за 2010г. і дынамічна развіваецца ў 2011г. У параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года нарыхтоўка драўніны з усіх відаў вырубкі вырасла з 35,9 да 44,5 тысяч кубічных метраў (124%), вывазка драўніны павялічылася з 23,9 да 29,8 тысяч кубічных метраў (125%). Выручка ад рэалізацыі ўзрасла на 198%. Ільвіную долю ў гэтым займае экспарт драўніны, якасць якой пацверджана міжнароднымі сертыфікатамі сістэмы FSC і Нацыянальнай сістэмай сертыфікацыі. Атрыманыя даходы ўкладзены ў інвестыцыі асноўнага капіталу: абнаўленне лесанарыхтоўчай тэхнікі, рамонт і рэканструкцыю адміністрацыйных будынкаў. І самае галоўнае тое, што сярэдняя зарплата ў параўнанні з мінулым годам вырасла на 158%.
У ДзЛГУ “Маларыцкі лясгас” сёння можна набыць: лесаматэрыялы хвойныя і мяккалісцёвыя, дровы, ёлкі навагоднія, мёд натуральны, вугаль драўнінны. Акрамя таго, у гэтым годзе нарыхтавана 314 тон бярозавага соку. Між іншым, яго прадавалі насельніцтву па цане 300 рублёў за кілаграм. У нас ёсць і свой пчальнік (90 пчоласем’яў). Ужо сабралі 720 кг мёду.
– А для чаго вам цяпліца?
– У ёй у першую чаргу плануем вырошчваць дэкаратыўны пасадачны матэрыял, на які ёсць пастаянны попыт у жыхароў горада і раёна. Год ад году ён павялічваецца. Туя, самшыт і іншыя дэкаратыўныя расліны зараз актыўна купляюць для азелянення сваіх тэрыторый і ўласнікі, і прадпрыемствы, арганізацыі. У планах – пабудаваць яшчэ адну цяпліцу.
-Уладзімір Якаўлевіч, некалькі слоў пра калектыў, які ўзначальваеце.
-Хачу падкрэсліць, што ў Маларыцкім лясгасе і яго структурных падраздзяленнях сёння ў штаце 320 чалавек, з іх – 45 жанчын. Працуюць яшчэ некалькі чалавек тых, хто ўжо на заслужаным адпачынку. У нас вялікая ўвага надаецца кадравым пытанням. У лясгасе поўным ходам ідзе пераход на новыя тэхналогіі, якія патрабуюць высокакваліфікаваных спецыялістаў. Для павышэння сваёй кваліфікацыі многія члены калектыву набываюць спецыяльную “лясную” адукацыю. Напрыклад, у 2010г. у ВНУ паступілі Сяргей Астапук, Аксана Хадаронак, Таццяна Кардзялюк. У 2011г. студэнтамі вышэйшых навучальных устаноў сталі: Леанід Міхалькевіч, Пётр Абрамчук, Віктар Чагайда, а Віталь Галавей набывае сярэднюю спецыяльную адукацыю…
Менавіта намаганнямі кожнага члена калектыву, іх багатым вопытам, прафесіяналізмам і ўменнем дасягаюцца вынікі ў працы. Многа ў нас тых, хто заслугоўвае шчырага, добрага слова і падзякі. Напярэдадні прафесійнага свята Ганаровай граматай галіновага міністэрства будзе ўзнагароджаны Анатоль Нікольскі, памочнік ляснічага Чарнянскага лясніцтва; Граматай міністэрства – Мікалай Казачук, майстар лесу Олтушскага лясніцтва. Граматы Брэсцкага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання атрымаюць: Анатоль Сіжук, інжынер па лесаўзнаўленню, і Мікалай Качанка, трактарыст. Граматамі раённага выканаўчага камітэта ўзнагароджаны Міхаіл Мацюшык, ляснічы Велікарыцкага лясніцтва, Пісьмамі падзякі РВК – Марыя Астаповіч, ляснічы Олтушскага лясніцтва, і Сяргей Касянюк, ляснічы Пажэжынскага лясніцтва. Ганаровыя граматы “Маларыцкага лясгаса” атрымаюць: Ігар Дзенісюк, Сяргей Ігнацюк, Валерый Кавальчук, Валянціна Мартысюк, Леанід Міхалькевіч, Вячаслаў Астапук, Святлана Сушый, Валерый Сымонік, Мікалай Чырук. Акрамя таго, 21 чалавек прадстаўлены да ўзнагароджвання Граматамі лясгаса. Гэта тыя людзі, чыімі намаганнямі дасягаюцца высокія вынікі, стабільнасць, павышаецца прадукцыйнасць працы.
Калектыў Маларыцкага лясгаса пастаянна прымае ўдзел у розных абласных спартакіядах і конкурсах прафесійнага майстэрства і амаль заўжды заваёўвае ганаровыя месцы. Напрыклад, вальшчык Уладзімір Дамброўскі заняў ІІ месца на рэгіянальных спаборніцтвах “Лесаруб-2011”. Уладзімір Шпак, аператар фарвардара, заняў І месца ў абласных і ІІІ ў рэспубліканскіх спаборніцтвах аператараў… У нас ёсць магчымасць усур’ёз займацца спортам. Пра гэта сведчыць, напрыклад, такі факт. На мінулай рэспубліканскай летняй спартакіядзе работнікаў лесу валейбольная каманда лясгаса заняла ганаровае другое месца.
– Уладзімір Якаўлевіч, праехаўшы па лясніцтвах лясгаса і пагаварыўшы з людзьмі, можна зрабіць вывад, што ў вашай установе клапоцяцца пра тых, хто працуе.
– Вядома, гэта галоўнае ў нашай працы. Каб быў вынік, неабходна думаць пра чалавека, пра тое, каб на рабочым месцы ён працаваў, каб яму было камфортна, утульна. Толькі тады будзе станоўчы вынік. Таму, паўтаруся, адным з галоўных паказчыкаў для паступальнага і планамернага руху наперад з’яўляюцца нармальныя, у адпаведнасці з нарматыўнымі дакументамі, умовы працы на рабочых месцах.
– Што б вы хацелі пажадаць калектыву, які ўзначальваеце, напярэдадні свята?
– У першую чаргу хацелася б увесь калектыў і ветэранаў працы “Маларыцкага лясгаса” ад усяго сэрца павіншаваць з надыходзячым прафесійным святам. Па-другое, пажадаць зладжанай працы ва ўсіх структурных пад­раздзяленнях, моцнага здароўя, шчасця, згоды, ладу, спакою ў сем’ях, дастатку і мірнай будучыні. Са святам, паважаныя калегі!

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий